Кватэра-музей Міхаіла Канстанцінавіча Сеўрука — мемарыяльны музей беларускага мастака Міхася Сеўрука. Знаходзіцца ў г. Нясвіжы ў доме № 38 па вуліцы Садовай (кватэра № 1), дзе мастак пражыў з 1939 і да свайго скону ў 1976. Уваходзіць ў склад Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея. Адкрыты 9 ліпеня 1996.

Першапачаткова музейная экспазіцыя месцілася ў адным пакоі. Пасля рэканструкцыі (2013) кватэра-музей займае тры пакоі.

У першым пакоі месьціцца выставачная зала. Прадстаўлены разнажанравы станковы жывапіс і станковая графіка М. Сеўрука, як віленскага (1927—1939), так і нясвіжскага (1939—1976) перыядаў яго творчасці.

Другі і трэці пакоі адданы пад экспанаты біяграфічна — мемарыяльнага характару. Іх аздабляюць сапраўдныя і ўзноўленыя рэчы сям’і мастака, аналагі мэблі і прадметаў побыту. Гэта дае ўяўленне аб абстаноўцы, у якой мастак праз матэрыяльныя цяжкасці вёў сціплае асабістае жыццё.

У другім пакоі экспанаваны афішы выставак твораў М. Сеўрука, фотаздымкі дзіцячых і юнацкіх гадоў, выявы блізкіх сваякоў, настаўнікаў і сябраў, фотакопіі асабістых дакументаў, а таксама ўнікальны фотаальбом, надрукаваны ў Нясвіжскай друкарні .

У трэцім невялічкім пакойчыку адноўлена майстэрня, дзе выстаўлены сапраўдныя рэчы, якімі карыстаўся мастак пры выкананні жывапісных і графічных работ (эцюднік, альбомы для замалёвак, пастэльныя алоўкі, пэндзалі, разцы, дрэварыты, медзярыт і інш.)

У другім і трэцім пакоях таксама экспануюцца шматлікія эскізы, карціны і малюнкі М. Сеўрука.

Кватэра — музей Міхася Сеўрука з’яўляецца месцам, дзе ладзяцца рэгулярныя сустрэчы, чытанні і лекцыі, музейныя святы, прысвечаныя памяці мастака.

Літаратура

Спасылкі

Таямніцы жыцця мастака Міхася Сеўрука адкрываюцца ў кватэры-музеі ў Нясвіжы // zviazda.by 14 ліпеня 2015 Кватэра-музей М. К. Сеўрука на сайце Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея Открытие новой экспозиции Квартиры-музея М. К. Севрука 26 февраля состоялось торжественное открытие новой экспозиции квартиры-музея М. К. Севрука.

Катэгорыя:Музеі Мінскай вобласці Катэгорыя:Культура Нясвіжа Катэгорыя:Славутасці Нясвіжа Катэгорыя:Мастацкія музеі Беларусі Катэгорыя:Персанальныя музеі