Касцёл Святога Яна Евангеліста і кляштар піяраў — колішні каталіцкі культавы комплекс у гарадскім пасёлку Любяшоў, Украіна.

Гісторыя У 1686 годзе вялікі маршалак літоўскі граф Ян Караль Дольскі заснаваў калегіум айцоў піяраў.

Згодна з даследаваннямі Р. М. Шарацюка, будаўніцтва першага драўлянага касцёла ў гонар святога Апостала Яна Евангеліста пачалося 10 красавіка 1689 года Антоніем Машынскім. Унутры яго размяшчаліся пяць алтароў.

У 1745 годзе пачалося будаўніцтва мураванага касцёла піяраў, якое працягвалася да 1762 года. Папа Рымскі асабіста кантраляваў гэтае будаўніцтва, паколькі ў Любяшове амаль 20 гадоў знаходзілася рэзідэнцыя яго нунцыя.

Касцёл і кляштарныя пабудовы моцна пацярпелі падчас падзей Першай сусветнай вайны. У міжваенны перыяд на тэрыторыі Польшчы праводзіліся маштабныя працы па рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў.

У савецкія часы ён быў зруйнаваны. Уладамі было прынята рашэнне не аднаўляць яго, а цалкам знесці, што і адбылося 17 ліпеня 1969 года.

Архітэктура У плане любяшоўскі Касцёл Святога Яна Евангеліста ўяўляў сабой крыж, меў па баках дзве капліцы і чатыры франтоны, кожны з якіх завяршаўся вялікім жалезным крыжам.

На першых вядомых фота Любяшова (1910—1914), дзе будынкі зафіксаваны яшчэ без атрыманых падчас вайны пашкоджанняў, касцёл ужо быў без вежаў і некаторага зафіксаванага на абмерным чарцяжы дэкору. Калі вежы былі разабраны (і ці былі ўвогуле дабудаваны) — невядома.

Перад касцёлам знаходзіліся дзве каменныя калоны, на якіх стаялі каменныя фігуры Маці Божай (ласкавай) і Іосіфа (Абручніка). Побач знаходзілася драўляная званіца, у якой было чатыры званы: самы вялікі звон меў вагу 1677 фунтаў, сярэдні — 300, меншы — 206 і самы маленькі — усяго 60.

Крыніцы

Катэгорыя:Касцёлы Украіны Катэгорыя:Любэшыў Катэгорыя:Піяры Катэгорыя:Манастыры Украіны Катэгорыя:З’явіліся ў XVIII стагоддзі Катэгорыя:XVIII стагоддзе ва Украіне Катэгорыя:Зніклі ў 1969 годзе