Установа адукацыі «Аршанскі дзяржаўны аграрны каледж» — сярэдняя спецыяльная і прафесійна-тэхнічная навучальная ўстанова ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці. Навучальны працэс арганізаваны на дзвюх пляцоўках: у пасёлку Высокае і аграгарадку Смальяны.

Гісторыя Гісторыя ўстановы пачалася ў студзені 1900 года, калі па ініцыятыве і на сродкі мясцовага памешчыка Валяр’яна Аляксандравіча Цітова была ўтворана ніжэйшая сельскагаспадарчая школа першага разраду. Установа рыхтавала спецыялістаў сельскагаспадарчай вытворчасці для памешчыцкіх гаспадарак. Смальянская сельскагаспадарчая школа праіснавала да верасня 1917 года, выпусціўшы за гэты час дзвесце пяцьдзясят спецыялістаў.

У снежні 1918 года, пасля вызвалення вёскі ад нямецкіх войскаў, на базе школы пачаў працаваць сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1922 годзе ён быў пераўтвораны ў прафесійную школу. У 1930 годзе з горада Касцюковічы ў Смальяны быў пераведзены яшчэ адзін сельскагаспадарчы тэхнікум. За гады Вялікай Айчыннай вайны навучальны корпус выкарыстоўваўся як казарма для салдат, а ў падвальным памяшканні размяшчалася турма. Пры адступленні фашысты спалілі будынак. Таксама падчас акупацыі былі знішчаныя ўсе падручнікі і наглядныя дапаможнікі.

Пасля вайны, з 26 жніўня 1944 года, праца Смальянскага сельскагаспадарчага тэхнікума аднавілася. Нягледзячы на тое, што спачатку заняткі праводзіліся ў прыстасаваных памяшканнях, ужо ў 1945 годзе адбыўся першы пасляваенны выпуск з дваццаці шасці чалавек. З цягам часу былі пабудаваны новыя навучальныя карпусы і вучэбна-вытворчыя аб’екты.

З 29 красавіка 1964 года ўстанова дзейнічала як Смальянскі саўгас-тэхнікум. Пазней назвы і статусы неаднаразова змяняліся: з 15 красавіка 1967 года яна працавала як Смальянскі сельскагаспадарчы тэхнікум па падрыхтоўцы кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў, з 24 лістапада 1972 года — як Смальянскі саўгас-тэхнікум па падрыхтоўцы кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў, а з 16 чэрвеня 1978 года — зноў як Смальянскі саўгас-тэхнікум. 13 мая 1998 года ўстанова была рэфармавана ў Смальянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. 31 жніўня 2001 года ёй быў прысвоены статус каледжа (Смальянскі дзяржаўны аграрны каледж, з 14 жніўня 2002 года — установа адукацыі).

Згодна з рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 28 жніўня 2018 года (рашэнне № 476), 1 лютага 2019 года ўстанова адукацыі «Смальянскі дзяржаўны аграрны каледж» шляхам зліцця з Высокаўскім дзяржаўным прафесійным сельскагаспадарчым ліцэем была рэарганізавана ва ўстанову адукацыі «Аршанскі дзяржаўны аграрны каледж»Информация о неиспользуемых и неэффективно используемых объектах, расположенных в Оршанском районе, по состоянию на 01.04.2019. — С. 25..

Структура і спецыяльнасці Навучальны працэс у каледжы падзелены паміж дзвюма тэрытарыяльнымі пляцоўкамі.

У аграгарадку Смальяны ажыццяўляецца падрыхтоўка на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі па наступных спецыяльнасцях: Вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання (тэхнік-тэхнолаг); Планава-эканамічная і аналітычная дзейнасць (тэхнік-эканаміст); Лясная гаспадарка (тэхнік); Наладка і тэхнічная эксплуатацыя аўтаматызаванага тэхналагічнага абсталявання ў жывёлагадоўлі (наладчык 5-га разраду).

У пасёлку Высокае арганізавана навучанне на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасцях: Эксплуатацыя і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі (слесар, трактарыст-машыніст); Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў (вадзіцель катэгорыі «С»); Тэхнічная эксплуатацыя дарожна-будаўнічых машын і абсталявання (машыніст экскаватара, вадзіцель пагрузчыка, слесар); Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні (кухар дзіцячага харчавання, кухар 3—4 разрадаў); Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі (аператар птушкафабрык і механізаваных ферм).

Матэрыяльна-тэхнічная база ўключае навучальныя карпусы, спецыялізаваныя кабінеты, лабараторыі, камп’ютарныя класы, бібліятэку (фонд каля 49 тысяч асобнікаў), тры інтэрнаты, сталовую і дом культуры. Для практычнага навучання маюцца вучэбна-вытворчая гаспадарка, майстэрні, аўтатрактарадром, сад, цяпліца і вучэбна-геадэзійны палігон. Працуе Цэнтр кампетэнцый сельскагаспадарчых тэхналогій. Вядомыя выпускнікі В. Ф. Купрэвіч — акадэмік, Прэзідэнт Акадэміі навук БССР; М. І. Дземянцей — Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР; І. А. Шыбека — старшыня Віцебскага аблвыканкама; З. М. Задора — Герой Сацыялістычнай Працы; Р. Н. Ракаед — Герой Сацыялістычнай Працы; С. Гумінская — дэпутат Савета Нацыянальнасцей Вярхоўнага Савета СССР; І. П. Шакола — прэзідэнт канцэрна «Белдзяржхарчпрам».

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Каледжы Беларусі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Аршанскага раёна Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Віцебскай вобласці Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1900 годзе Катэгорыя:1900 год у Беларусі Катэгорыя:Смальяны Катэгорыя:Высокае (аграгарадок, Аршанскі раён) Катэгорыя:Каледжы Беларусі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Аршанскага раёна

Катэгорыя:Смальяны