Явапай (саманазва: Yavapé, літаральна «людзі сонца») — індзейскі народ на паўднёвым захадзе ЗША. Агульная колькасць (2020 г.) — 8 300 чалавек.

Явапай лічацца нашчадкамі носьбітаў культуры патаян, якія мігрыравалі ў XIV ст. на ўсход ад ракі Каларада. Асноўнымі заняткамі былі збіральніцтва, сезоннае паляванне, земляробства. Гандлявалі з махавэ, квечан і апачы.

Не мелі палітычнага адзінства. Падзяляліся на некалькі рэгіянальных груп: Yavapé (непасрэдна явапай) Ɖo:lkabaya (заходнія явапай) Wipukepaya (паўночна-заходнія явапай) Guwevkabaya (паўднёва-усходнія явапай)

Знутры груп вылучаліся асобныя роды, што вялі паўкачавы лад жыцця.

З канца XVI — пачатка XVII ст. былі ўсталяваны кантакты з іспанцамі. Моцна пацярпелі ад эпідэмічных захворванняў, асабліва сухотаў, што прывяло да значнага скарачэння насельніцтва да сярэдзіны XIX ст. У 1863 г. на землях явапай было адкрыта золата. Шматлікія амерыканскія перасяленцы парушалі межы груп і ўступалі ў канфлікты.

У 1875 — 1937 гг. федэральныя ўлады ЗША перасялілі явапай у рэзервацыі на захадзе Арызоны. Асноўнымі сучаснымі заняткамі з'яўляюцца рамяство і абслугоўванне турыстаў. Явапай захавалі традыцыйныя танцы, гістарычныя і міфічныя паданні.

Спасылкі Yavapai Prescott Indian Tribe Yavapai Apache Nation The Yavapai – Fierce Warriors of the Colorado River Yavapai Culture and History

Катэгорыя:Народы ЗША Катэгорыя:Індзейцы Паўночнай Амерыкі