Авечкагадоўля Беларусі — галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй авечак.
Гісторыя
Авечкагадоўля ў Беларусі здаўна мела шырокае распаўсюджанне.
Пры раскопках Старога замка ў Гродне былі знойдзены косткі свойскіх авечак, прычым самкі ў пароды, якую разводзілі тады ў Гродне, былі бязрогімі.
У 1429 годзе пры падрыхтоўцы да каранавання вялікага князя літоўскага Вітаўта за тыдзень з'елі 500 бараноў.
З 1700-х гадоў у Беларусі сталі займацца авечкагадоўляй грубашэрсных пародаў. На 1856 год у 5 беларускіх губернях Расійскай імперыі налічвалася 1465,7 тысяч авечак. Да 1911 году іх лік вырас да 2563,1 тысячы. У 1913 годзе тонкарунныя авечкі (мерыносы) складалі 6% пагалоўя.
У міжваенны час племянныя і прадукцыйныя якасці авечак палепшылі за кошт увядзення планавых парод (прэкас, латвійская цёмнагаловая і раманаўская). У 1939 годзе ў Беларускай ССР налічвалася 2,5 млн авечак, з іх 1,7 млн (68%) у падсобных сялянскіх гаспадарках. У 1985 годзе 382 тысяч авечак налічвалася ў калгасах і саўгасах. Яшчэ 247 тысяч (39%) было ў свойскіх гаспадарках. Агулам настрыглі звыш 1000 тон воўны. У Беларускай ССР існавала 120 адмысловых авечкагадоўчых гаспадарак, дзе пераважала мяса-воўнавая авечкагадоўля.
Паступовае змяншэнне пагалоўя авечак адзначалася ў сувязі з наступствамі Чарнобыльскай катастофы ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях, бо воўна назапашвае радыёнукліды: 1985 год — 640,2 тыс., 1990 год — 475,5 тыс., 1994 год — 271,3 тысячы авечак.
На 2012 год найбольшай авечкагадоўчай гаспадаркай Беларусі быў сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў (СВК) «Канюхі» ў Ляхавіцкім раёне (Брэсцкая вобласць). Агулам налічвалася звыш 10 авечкагадоўчых гаспадарак, з якіх толькі адна была дзяржаўнай. Найбольш пашыранай была раманаўская парода авечак. Таксама для вывядзення ўласных парод і паляпшэньня якасці воўны завозілі пароды тэксель, іль-дэ-франс і суфальк. Найбольш спрыяльныя ўмовы для авечкагадоўлі былі ў Гомельскай вобласьці. Буйныя таварныя гаспадаркі мелі статкі па 5000 авечак, з якіх звыш 60% складалі маткі. Догляд авечак вымагаў сезоннай працы пастухоў на сенажацях і стрыгаляў, якія могуць за тры хвіліны пастрыгчы авечку. Жывёламесца авечкі каштавала ўдвая менш за такое месца для каровы. Харчаванне авечкі на 70% складалася з грубага корму, рэшта — канцэнтрат. Гадаванне 10 авечак каштавала столькі, колькі ўтрыманне адной каровы. Аршанскі мясакамбінат закупаў маладняк (ягнятаў) па 33 000 рублёў ($3,94) за кілаграм. Тым часам у Мінску 1 кг бараніны каштаваў 120 000 рублёў ($14,34). Звыш 90% выручкі авечкаводы атрымлівалі ад продажу мяса. Рэшту — ад продажу воўны на Смілавіцкую валюшна-лямцавую фабрыку (Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць), дзе выраблялі валёнкі. Таксама цанілася сукно з авечай воўны, бо яно захоўвала цяпло пры намаканні ў адрозненьне ад таннага хімічнага валакна.
Пагатоў пры нараджэнні ягнятаў вагой 2-3 кг, бараны ў Беларусі дасягалі жывой вагі да 100 кг, з якіх настрыгалі да 4,5 кг поўсці з адной галавы. Стрыжка ажыццяўлялася двойчы на год.
Пагалоўе
Гістарычна вытворчасць воўны была важнай галіной сельскай гаспадаркі, аднак з сярэдзіны XX стагоддзя пагалоўе авечак пачало хутка скарачацца. Пра шырокую распаўсюджанасць авечак у пачатку XX стагоддзя сведчыць той факт, што толькі ваўкамі ў 1924 — 25 гадах у Беларусі было знішчана 22100 авечак. — С. 492.
У 2010-я гады пагалоўе авечак пачало расці — з мінімуму ў 51,8 тысяч у 2011 годзе да 89,8 тысяч У 2017 годзе. Удвая вырасла пагалоўе авечак у буйных сельскагаспадарчых арганізацыях (з 6 да 12 тысяч), у чатыры разы — у фермерскіх гаспадарках (з 4,1 да 16,3 тысяч), амаль на 50 % у асабістых гаспадарках насельніцтва (з 42 да 62 тысяч). Змянілася і доля гаспадарак розных катэгорый: з 10,8 % да 13,3 % вырасла доля буйных сельскагаспадарчых арганізацый, з 7,9 % да 18,1 % — доля фермерскіх гаспадарак, у той час як доля асабістых гаспадарак насельніцтва скарацілася з 81, 3 % да 68,6 %.
Дасягнуўшы лакальнага піка у 2018 годзе (89,9 тысяч), пагалоўе авечак пачало скарачацца (да 87,6 тысяч на 1 студзеня 2019 года).
Эканамічныя паказчыкі
Беларуская авечкагадоўля надзвычай стратная. У 2018 годзе сярэдняя рэнтабельнасць бараніны, рэалізаванай сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі (без уліку фермераў і асабістых гаспадарак насельніцтва), склала −69,8 %, прычым за 2012—2018 гады гэты паказчык упаў амаль у 7 разоў, з −10,8 % у 2012 годзе.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Жывёлагадоўля ў Беларусі Беларусь