Сідар Васілевіч Копаць, Копаць Васілевіч (2-я палова XV ст. — май 1531) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Пісар вялікі літоўскі (?—1531). Адначасова маршалак гаспадарскі (1520—1531). Тым жа часам намеснік жыжморскі (1510—1514), перавальскі (1516—1531), медніцкі (1526—1531), дзяржаўца дарсунішскі (1520-я — 1531).
Біяграфія З роду смаленскіх баяр Копцяў, сын пісара гаспадарскага Васіля Копця. Пад імем Сідар згадваецца толькі ў дакументах ужо 1560—1570-х гадоў. Вядомы з 1501 года калі прасіў вялікага князя Аляксандра пацвердзіць свае смаленскія маёнткі праз крадзеж дакументаў на іх. Прыкладна з 1506 года служыў у Канцылярыі. Пры двары пана Копця Васілевіча цанілі як дасведчанага канцылярыста і рэдка адпускалі па справах не датычных дзейнасці Канцылярыі. Толькі аднойчы ў 1511 годзе ён накіраваны гаспадаром як пасол да Паноў-Рады.
На Попіс 1528 года ставіў 38 «коней», то бок валодаў агулам 304 службамі сялян. Сам пан Копаць Васілевіч быў адным з кіраўнікоў складання гэтага Попісу, апошняй з найбольш значных яго прац у Канцылярыі.
Свой галоўны маёнтак Вяйсея атрымаў у 1516 годзе ад гаспадара абменам на Гошчава Слонімскага павета. Ажаніўся позна з маладой княжной Мар’яй, дачкой князя Канстанціна Крошынскага, якая перажыла мужа на 40 гадоў, пасагам былі 30 службаў «двара» Дубна Гарадзенскага павета. Таксама пану Копцю Васілевічу належалі сёлы і Берасцейскага павета і сяло Дзебрава Лідскага павета, маёнтак Копцева.
Пахаваны ў саборнай ў Кіеве.
Сям’я У шлюбе з княжной Мар’яй з Крошынскіх мелі прынамсі сямёра дзяцей, на час смерці бацькі трое сыноў былі непаўналетнія. Цімафей (пам. неўзабаве па 1531), Фёдар, Васіль, Іван (да 1531 — 28.2.1563, Гародня), у шлюбе з князёўнай Марынай Львоўнай з Палубінскіх меў дачку Марыну (у шлюбе з Касперам Дэмбінскім) і сына Івана (1.3.1563, Вейсяі — да 10.7.1569), адразу па смерці мужа (да 13.5.1563) ўдава ўзяла другі шлюб са Станіславам Нарушэвічам, вымушаная шукаць абароны да сваякоў; Ганна, у шлюбе з Іванам Богушавічам Багавіцінавічам, Фядора, у першым шлюбе з Есіфам Халецкім, у другім — з Бенедыктам Юрагам, Раіна, у шлюбе з князем Іванам Васілевічам Палубінскім.
Літаратура
Сідар Васілевіч Катэгорыя:Пісары вялікія літоўскія Катэгорыя:Маршалкі гаспадарскія Катэгорыя:Старосты жыжморскія Катэгорыя:Старосты перавальскія Катэгорыя:Дзяржаўцы медніцкія Катэгорыя:Старосты дарсунішскія