Воінскі мемарыял імя Ленінскага камсамола — воінскі мемарыяльны комплекс у в. Копці Віцебскага раёна Віцебскай вобласці Беларусі.

Гісторыя У гады Вялікай Айчыннай вайны за аграгарадок Копці разгарнулася жорсткая барацьба. У канцы 1943 года — пачатку 1944 года ў яго ваколіцах ішлі бесперапынныя кровапралітныя баі, двойчы населены пункт пераходзіў з рук у рукі. Менавіта тут 23 чэрвеня 1944 года на Віцебскім напрамку пачаўся прарыў нямецкай абароны ў час аперацыі «Баграціён». Паводле архіўных дакументаў, на шасцікіламетровым участку загінула 11408 салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі.

У памяць аб тых падзеях у Капцях быў створаны воінскі мемарыяльны комплекс імя Ленінскага камсамола. На ўскраіне населенага пункта ўзвышаецца трохметровы пагорак з танкам Т-55 на вяршыні.

Воінскі мемарыял імя Ленінскага камсамола ўключае ў сябе каля 60 помнікаў і абеліскаў, у тым ліку: 10 гранітных помнікаў з назвамі вёсак і ўказаннем колькасці воінаў 33-й і 39-й армій, якія загінулі пры вызваленні гэтых населеных пунктаў; Сцяна Памяці са схемай аперацыі «Баграціён» і спісам воінскіх падраздзяленняў, якія вызвалялі тэрыторыю сельсавета; Помнік «Магіла невядомага салдата»; Помнік мясцовым жыхарам, якія не прыйшлі з вайны; Помнік вязням фашызму; Помнік лётчыкам эскадрыллі «Нармандыя-Нёман»; Помнік Герою Савецкага Саюза Пятру Антогавічу Галецкаму; Помнік Герою Савецкага Саюза Георгію Сцяпанавічу Грыгор'еву; Помнік партызанскай брыгады А. Данукалава; Помнік сыну Сталіна артылерысту Якаву Джугашвілі; Помнік сыну Сталіна лётчыку Васілю Сталіну; Памятны мемарыяльны знак воінам-татарстанцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (скульптар А. Н. Тарасян); Помнік на магіле патрыёткі — урача Ганны Мікалаеўны Мамонавай, якая загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вялікі ўклад у стварэнне памятнага комплексу ўнёс мясцовы жыхар, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, падпалкоўнік у адстаўцы Віктар Дзям’янавіч Цярэшчанка.

Галерэя

Літаратура Пукшанскі, А. У вёсцы паставілі помнік урачу / А. Пукшанскі // Звязда. — 2011. — 12 мая. — С. 4. Большакова, Е. Французский атташе благодарен за увековечивание памяти эскадрильи «Нормандия-Неман» // Жыццё Прыдзвiння (Вiцебск). — 2006. — 16 верас. — С. 1. Кузьміч, Т. Трэба абавязкова паспець… / Т. Кузьміч // Витебские вести. — 2016. — 10 марта. — С. 20. На добрую память : памятный мемориал им. Ленинского комсомола д. Копти, Витебский район. — Витебск : Витебская областная типография, 2016. — 53 с.

Спасылкі

Катэгорыя:Славутасці Віцебскага раёна Катэгорыя:Копці (Віцебскі раён) Катэгорыя:XX стагоддзе ў Беларусі Катэгорыя:Мемарыяльныя комплексы Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў XX стагоддзі Катэгорыя:Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі