Зашчырына — курганны могільнік каля вёскі Зашчырына Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Могільнік знаходзіцца за 0,2 км на ўсход ад вёскі, побач з могілкамі.

Апісанне 46 насыпаў круглай і чатырохвугольна-круглаватай форм вышынёй 0,3-1,5 м, дыяметрам 5-10 м. Каля асновы насыпаў прасочваюцца кальцавыя і авальныя раўкі і перамычкі. Выявіў у 1955 годзе Л. В. Аляксееў, даследавала 6 насыпаў у 1975 годзе З. М. Сяргеева.

Раскапана 6 курганоў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце галавой на захад і паўдневы захад. Знаходкі — бронзавыя спіральныя і пласціністыя пярсцёнкі, шкляныя пацеркі, бронзавыя вітыя бранзалеты з завязанымі канцамі, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду.

Могільнік датуецца XI—XII ст., належаў крывічам. Наяўнасць балцкіх элементаў сведчыць аб прысутнасці старажытнага балцкага насельніцтва.

Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Віцебскім краязнаўчым музеі.

Літаратура

Дучыц, Л. У. Курганны могільнік (в. Зашчырына) / Л. У. Дучыц // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 168. Памятники геологии // Верхнедвинский край / авт.-сост. О. В. Молодечкин; фото В. Л. Соловьева. — Верхнедвинск : О. В. Молодечкин, 2005. — С. 14.

Катэгорыя:Зашчырына Катэгорыя:Курганныя могільнікі Верхнядзвінскага раёна Катэгорыя:Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Крывічы