Дзеясло́ў — самастойная часціна мовы, якая абазначае дзеянне ці стан, прымету прадмета як працэс, што адбываецца ў часе, і адказвае на пытанні «што рабіць?», «што зрабіць?». Паняцце працэсу аб’ядноўвае прыватныя значэнні фізічнага дзеяння, руху, перамяшчэння, адносін, выяўлення ці змены прыкметы. Дзеяслоў з’яўляецца граматычным і сэнсавым цэнтрам выказвання.

У беларускай мове У сучаснай беларускай мове мае граматычныя катэгорыі асобы, трывання, стану, ладу (абвесны, загадны, умоўны), ліку, часу, зваротнасці і незваротнасці (збіраць — збіраюцца). Дзеясловы ўмоўнага ладу і прошлага часу абвеснага ладу маюць род — мужчынскі, жаночы, ніякі (плыў, плыла, плыло).

Дзеяслоў мае таксама складаную сістэму формаў, сярод якіх вылучаюцца: інфінітыў (неазначальная форма дзеяслова), асабовыя формы (формы асобы, ліку, ладу, часу, роду), дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе.

Асабовыя формы — спрагальныя, яны змяняюцца па асобах і ліках (спяваю, спяваеш, спявае, спяваем, спяваеце, спяваюць), часах (спяваю, спяваў, буду спяваць), ладах (спяваю, спявай, спяваў бы), а ў прошлым часе — па родах (спяваў, спявала). Інфінітыў, дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе неспрагальныя. Нязменныя формы — інфінітыў і дзеепрыслоўе, астатнія — зменныя.

У залежнасці ад адносін да аб’екта дзеясловы падзяляюцца на пераходныя, якія спалучаюцца з прамым дапаўненнем (рэзаць хлеб, сустрэць сяброў), і непераходныя (працаваць, ісці). Асобную групу складаюць безасабовыя дзеясловы (цямнее, падмарозіла, не спалася).

Катэгорыі ладу, часу, асобы называюцца прэдыкатыўнымі, паколькі значэнні гэтых катэгорый дзеяслоўныя формы выражаюць у функцыі выказніка. Астатнія катэгорыі — непрэдыкатыўныя.

У сказе дзеяслоў дапасуецца да назоўніка ці займенніка (калі яны з’яўляюцца дзейнікам) і кіруе назоўнікам ці займеннікам (калі яны выконваюць ролю даданых членаў сказа). Асноўная сінтаксічная роля дзеяслова — выказнік. Інфінітыў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе выступаюць і як дзейнікі, азначэнні, дапаўненні, акалічнасці.

Словаўтварэнне дзеяслова ў беларускай мове надзвычай багатае прэфіксацыяй: ехаць — аб’ехаць — выехаць — даехаць — з’ехаць — наехаць — недаехаць — паехаць — пераехаць — прыехаць — уз’ехаць і г.д. Суфіксацыя, прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне, словаскладанне (рыбачыць, сушыць, аднавіць, каласіцца, самаўхіліцца, відазмяняць) характарызуюцца значна меншай актыўнасцю.

У старабеларускай мове У старабеларускай мове закончанае і незакончанае трыванні не проціпастаўляліся, але было болей формаў часу. Існавалі формы прошлага часу — аорыст (придоша послы от великого князя), імперфект (живяху ту летъ десеть), перфект (я продалъ ѥемь сѣножати), плюсквамперфект (старажытнаруская форма ѥсмь былъ взялъ, якая рана спрасцілася і ў старабеларускіх помніках мела выгляд: она была прышла — «Аповесць пра Трышчана»); формы будучага часу — будучы складаны I (боронитися маеть, робити иму), будучы складаны II (будета купила).

Формы аорыста і імперфекта вельмі рана страціліся і былі заменены перфектам. Перфект са складанай формы ператварыўся ў простую (замест ѥсмь неслъ сталі ўжываць неслъ), урэшце формы перфекта сталі формамі прошлага часу ў сучасным выглядзе. Ад даўнейшага плюсквамперфекта засталіся рэшткі так званага даўномінулага часу ў сказах з нерэалізаваным вынікам: пайшоў быў, але вярнуўся; пасадзілі былі кветкі, але яны завялі. Сляды будучага складанага I засталіся ў гаворках у выглядзе формаў рабіцьму, казацьму, стаяцьмеш, зрэдку ўжываюцца i ў мастацкай літаратуры з пэўнымі стылістычнымі мэтамі. Будучы складаны II знік амаль зусім і толькі зрэдку сустракаецца ў некаторых заходнебеларускіх гаворках (усё будзе прапала). Шырокае выкарыстанне яго ў старажытным беларускім пісьменстве паказвае, што пісьмовая мова таго часу была аддалена ад жывой народнай асновы.

Лексіка-семантычныя катэгорыі дзеяслова Дзеяслоў можа мець пэўныя семантычныя асаблівасці ў залежнасці ад патрэбы ў перадачы дзеяння ці стану прадмета. Дзеяслоў можа мець наступныя характарыскі:

фінітнасць (ужыванне ў якасці выказніка) — нефінітнасць (ужыванне ў якасці іншых членаў сказу). У сваю чаргу, фінітным дзеясловам у некаторых мовах могуць быць уласцівыя паказчыкі роду, ліку, асобы (дзеля дапасавання да дзейніка і/або дапаўнення); аспект: у беларускай мове — трыванне дзеяслова (закончанае — незакончанае), у семіцкіх — парода (каўзатыў, інтэнсіў ды інш.), статыка — дынаміка і інш.; час; лад (абвесны, дасягальны, загадны, пажадальны, сувязны, умоўны і інш.); стан (агульны, дзейны, залежны, зваротны, незваротны, ніякі, узаемны і інш.); валентнасць: непераходны (1-валентны), пераходны мона- і мультыаб’ектны (2- і больш валентны); спражэнне (мяшанае, тэматычнае, першае і інш.); пераходнасць.

Дзеяслоўныя формы У іншых мовах вылучаюць яшчэ такія дзеяслоўныя формы, або аддзеяслоўныя часціны мовы:

Герундый, Герундыў, Супін, Перфект, Імперфект, Плюсквамперфект, Аддзеяслоўны назоўнік (масдар/дэвебратыў)

Крыніцы

Літаратура

Беларуская мова: Энцыклапедыя. — Мінск, 1994. — С.178-179, 180—181, 235—236, 529—530, 563. Сучасная беларуская мова: вучэб. дапам. / Л. М. Грыгор’ева і інш.; пад агул. рэд. Л. М. Грыгор’евай. — 3-е выд., выпр. — Мінск: Выш. шк., 2010. — С. 320—364. Шуба, П. П. Дзеяслоў у беларускай мове / П. П. Шуба. — Мінск: Выш. шк., 1968. — 81с.

Катэгорыя:Часціны мовы