Забастоўкі на Лідчыне — масавыя забастоўкі працаўнікоў, выкліканыя звальненнем часткі працаўнікоў і нізкімі зарплатамі. Забастоўкі цягнулася 7 месяцаў, а скончыліся судом іх арганізатараў, хаця пазней умовы працы былі ўсё такі палепшаныя.

Эканамічны рост Пасля заключэння 18 сакавіка 1921 года Рыжскай мірнай дамовы паміж Польшчай і Савецкай Расеяй Лідчына ўвайшла ў склад створанага ў межах адроджанай польскай дзяржавы Наваградскага ваяводства. Пасля Першай сусветнай вайны ўся Наваградчына перажывала вялікі гаспадарчы заняпад, з’яўляючыся адным з найбольш занядбаных рэгіёнаў тагачаснай Польшчы. Да 1927 года найбольш эканамічна развітым горадам Наваградскага ваяводства лічыўся Слонім, а Ліда стаяла толькі на трэцім месцы, саступаючы яшчэ і Баранавічам. У сферы прамысловасці на Лідчыне тады працавалі ўсяго 338 чалавек. Але з другой паловы 1927 года пачалося ажыўленне гаспадарчага жыцця, якое працягвалася да канца 1929 года, калі тэрыторыю Польшчы ахапіў сусветны эканамічны крызіс. У гэты час у Лідзе знайшліся ініцыятыўныя людзі, здольныя акумуляваць неабходныя капіталы для стварэння прамысловай вытворчасці. Гэта былі пераважна жыдоўскія прамыслоўцы і гандляры. У выніку іх дзейнасці ў 1927—1929 гадах у Лідзе пачалі працу новыя прадпрыемствы: млыны, тартакі, кафлярні, хімічная фабрыка «Карона» і фабрыка гумовых ботаў «Ардаль». Найбуйнейшым прадпрыемствам па-за межамі горада была шкляная гута «Нёман» у пасёлку Нёман (цяпер — горад Бярозаўка), заснаваная яшчэ ў 1883 годзе. Такі рывок дазволіў Лідзе выйсці на першае месца па развіцці прамысловасці ў Наваградскім ваяводстве, чаму паспрыяла яе выгаднае размяшчэнне на шляху чыгуначных камунікацый і наяўнасць вялікай колькасці таннай некваліфікаванай працоўнай сілы.

Найбуйнейшым прамысловым прадпрыемствам у Лідзе было акцыянернае таварыства гумовай вытворчасці «Ардаль» (слова «Ардаль» на ідыш азначае «бот, галёш»). Яно ў якасці вытворцы гумовага абутку мела значэнне ў маштабе ўсёй Польшчы. Калі ў 1930 годзе ва ўсёй лідскай прамысловасці працавалі каля 800 працаўнікоў, то 1/3 з іх складалі працаўнікі «Ардаля». Акрамя таго, з 1934 года разнастайныя гумовыя вырабы вырабляла фабрыка «Унігум». Таксама ў горадзе дзейнічалі хімічнае прадпрыемства «Карона» (вырабляла фарбы, чарніла, туш, лакі, пластылін, клей і інш.), дзве фабрыкі сельскагаспадарчых машын і жалезнага ліцця (братоў Шапіра і «Бэнланд»), фабрыка «Дротіндустрыя», фабрыка спружын «Звуй», фабрыка вырабу шкіпінару «Дэстылят», тры кафлярні («Танур», «Рааф» і «Нэшэр»), дзве лямцавыя фабрыкі, некалькі цагельняў і паравых тартакоў, фабрыка па вырабе мыла, два бровары, дзве фабрыкі па вытворчасці алею, тры шакаладна-цукеркавыя фабрыкі, 8 пякарняў. Да сярэдзіны 1930-х гг. горад меў 8 электрастанцый і 8 млыноў. Паліграфічныя паслугі аказвалі 4 друкарні.

Працоўны рух у 1920-я гады Бурны рост тутэйшай прамысловасці спрыяў і ўзмацненню развіцця на Лідчыне прафсаюзнага руху. Ён адрадзіўся пасля ўсіх ваенных дзеянняў у 1921 годзе, калі па ініцыятыве Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) былі створаныя 8 прафсаюзных арганізацый паводле розных галінаў прамысловасці. Адначасова ўзнікла і гарадская рада гэтых саюзаў.

Спачатку ў лідскім прафсаюзным руху ўдзельнічалі каля 500 працаўнікоў, але да 1925 года адбывалася пастаяннае ягонае разрастанне, у выніку чаго працаўнікамі розных прадпрыемстваў былі арганізавана праведзеныя 10 забастовак. 1 траўня 1925 года у Лідзе ўпершыню адбылася маніфестацыя працаўніоў, у якой удзельнічалі 2000 чалавек. У 1929 годзе на шкляной гуце «Нёман» прайшоў амаль двухмесячны страйк з удзелам каля 700 працаўнікоў, у выніку якога адміністрацыя прадпрыемства была вымушаная задаволіць асноўныя іх патрабаванні (павышэнне заробкаў на 25%, неадкладная выплата запазычанасці на заробках, узгадненне з прафсаюзам прыёму і звальнення рабочых, забеспячэнне спецвопраткай і інш.).

Але з-за немагчымасці выпрацаваць агульную праграму дзейнасці і амбіцый лідараў галіновых саюзаў з паловы 1920-х гадоў пачынаецца згасанне прафсаюзнага руху на Лідчыне. Былі ліквідаваныя шэраг галіновых саюзаў: кушняроў, цырульнікаў, краўцоў, з агульнагарадскога аб’яднання выйшаў саюз металістаў. У выніку да пачатку 1931 года прафсаюзны рух у горадзе пад эгідай польскіх сацыялістаў практычна згас. У лютым 1931 годзе рэшткі прафсаюзных арганізацый ППС у горадзе, шукаючы новыя шляхі для сваёй дзейнасці, перайшлі ў беспартыйную Генеральную федэрацыю працы (ГФП). 7 красавіка 1931 года у горадзе быў створаны выканальны аддзел ГФП, пасля чаго адразу з’явілася некалькі новых галіновых саюзаў і ўдалося правесці два паспяховыя страйкі: пекараў і цагельшчыкаў.

6 верасня 1931 года была створаная рада Саюза прафесійных саюзаў (СПС). Да канца 1934 года гэтая рада аб’ядноўвала саюзы будаўнікоў, металістаў, транспартнікаў, сельскагаспадарчых працаўнікоў. Увогуле сябрамі гэтага Саюза ў тым годзе былі 546 чалавек, якія плацілі сяброўскія складкі, а 124 беспрацоўныя члены былі ад гэтых выплат вызваленыя. На сходзе ж актывістаў лідскага СПС, які адбыўся 10 сакавіка 1935 года у кінатэатры «Эра», была агучаная інфармацыя, што колькасць працоўных, кантраляваных гэтым прафсаюзным аб’яднаннем, дасягнула 1500 чалавек.

Эканамічная крыза Ва ўмовах, якія склаліся ў польскай дзяржаве да 1930-х гадах, лідскія прафсаюзы мелі шмат працы. Сусветная эканамічная крыза значна пагоршыла агульную сітуацыю, што не магло не адбіцца і на становішчы працаўнікоў. Шмат якія ўстановы спынілі выпуск прадукцыі, у выніку чаго вырасла беспрацоўе. У 1931 годзе ў Лідзе былі зарэгістраваныя 122 беспрацоўныя, а ў 1932—1933 гадах іх колькасць яшчэ больш вырасла.

Цяжкія былі і ўмовы працы тых людзей, якім пашчасціла ўладкавацца на заводы і фабрыкі. Так, у беларускай газеце «Наша воля» сітуацыя на найбуйнейшым прадпрыемстве Ліды, фабрыцы «Ардаль», апісвалася наступным чынам:800 работнікаў, пераважна работніц, маладых дзяўчат. Многа малалетніх, ад 15 гадоў. Працуюць усе «на акорд» [здзельная аплата працы]. А гадзіне 12 абед. Ніхто не мае часу памыць рукі, грызуць чарствы хлеб, стоячы пры варштатах працы. Работніцы зарабляюць ад 1 зл[отага] 30 гр[ошаў] на дзень, пры гэтым варта адзначыць, што пакуль дойдзе да такой платы, то кожная мусіць папрацаваць 2 тыдні толькі за 30 гр. на дзень, другія два - па 50 гр., трэція - па 80 гр. Работнікі зарабляюць па 2 зл., а некаторыя па 2 зл. 50 гр. Палавіна работнікаў і работніц ужо хворыя, другая палавіна мае пачаткі хваробы. Усе маюць выгляд твараў як у сухотнікаў. Да гэтага часу былі не арганізаваны. Фабрыкант кожны дзень адных выкідаў на вуліцу, а з вуліцы браў другіх, за цяжкую працу плаціў колькі падабалася

Забастоўка на «Ардалі» У самым канцы 1935 года на фабрыцы «Ардаль», дзе за некалькі месяцаў да таго паралельна з Саюзам прафсаюзаў стаў дзейнічаць і Прафесійны саюз хімічных рабочых, выбухнуў страйк. Непасрэдныя яго прычыны віленская кансерватыўная газета «Słowo», якая пільна сачыла за сітуацыяй на фабрыцы, вызначала так:У галіне вырабу гумовага абутку ёсць два сезоны: летні і зімовы. Летні пачынаецца ў студзені і заканчваецца ў чэрвені, і за гэты час вырабляецца тавар, які мае меншы збыт. У зімовы час, ад ліпеня да снежня, вырабляюцца галёшы, боты і іншыя больш складаныя рэчы, якія маюць карыстаюцца лепшым попытам. А таму ў зімовы сезон працуе больш рабочых, чым у летні. Традыцыйна пры канцы снежня пэўная колькасць непатрэбных рабочых звальняецца. Так было заўсёды. Так было і ў 1935 годзе. 28 снежня рабочыя атрымалі абвешчанні і ў адпаведнасці са звычаем завод на працягу двух тыдняў спыніўся для рамонту. Аднак паколькі заставалася шмат лішняй сыравіны для працы, рабочыя ў дадатак працавалі яшчэ два дні, 30 і 31 снежня, але ўжо ў колькасці на 70 чалавек менш, чым у звычайны зімовы перыяд.З-за звальнення згаданых 70 працаўнікоў кіраўніцтва прафсаюза хімічных рабочых вывела 30 снежня 1935 года рабочых і работніц з фабрыкі і спыніла машыны. Усяго забастоўку абвесцілі 720 працаўнікоў, якія запатрабавалі павелічэння акордных выплат на 25%, дзённых заробкаў для мужчын у памеры ад 2 зл. 50 гр. да 3 зл., а для жанчын — 1 зл. 50 гр.

Перамовы Дырэкцыя фабрыкі спачатку намагалася аднавіць яе працу пры дапамозе штрэйкбрэхераў. 1 студзеня 1936 г. уладальнік прадпрыемства Саламон Мелуп правёў іх вярбоўку, адначасова звярнуўшыся па дапамогу да паліцыі. 5 студзеня пад аховай паліцыянтаў на фабрыку былі дастаўленыя 30 рабочых, пасля чаго запусцілі станкі, якія, аднак, працавалі ўхаластую. Страйкавы камітэт даручыў устанавіць прозвішчы штрэйкбрэхераў і абысці іх кватэры, да некаторых з іх былі ўжытыя пагрозы. У выніку 10 студзеня, пасля пяці дзён халастой працы, С. Мелуп быў вымушаны адмовіцца ад сваёй задумы з пускам фабрыкі.

Пачаліся перамовы дэлегатаў рабочых і прадстаўнікоў прафсаюза з дырэкцыяй, прытым яны адбываліся як на месцы ў Лідзе, так і ў Варшаве пры пасярэдніцтве Міністэрства сацыяльнай апекі. Аднак да згоды бакам прыйсці так і не ўдалося, паколькі прафсаюз, паводле паведамленняў тагачаснай прэсы, яшчэ больш павялічыў вымаганні да адміністрацыі. Сярод іншага фігуравалі, напрыклад, такія патрабаванні, як агульнае павелічэнне заробкаў на 25%, забарона сезоннага летняга звальнення часткі рабочых і да таго падобнае.

Ультыматум Пасля правалу перамоваў адміністрацыя выставіла рабочым ультыматум, абвясціўшы, што хто ў тэрмін да 22 студзеня не выйдзе на працу, той будзе звольнены. Да 20 студзеня кіраўніцтву фабрыкі ўдалося набраць каля 200 новых працаўнікоў, што дазволіла аднавіць працу прадпрыемства. Ранейшыя ж працаўнікі ў поўным складзе прынялі рашэнне да працы на ўмовах дырэкцыі не прыступаць, у выніку чаго ўсе 720 працаўнікоў былі звольненыя. У такіх умовах усё большы ўплыў на настроі рабочых стаў аказваць больш радыкальны Саюз прафесійных саюзаў, актывісты якога праз тры дні пасля аднаўлення працы фабрыкі заблакавалі на яе ўваход, не дазваляючы прыступаць да працы штрэйкбрэхерам. У выніку адміністрацыя зноў была вымушана прыпыніць працу прадпрыемства на неакрэслены тэрмін.

Другія перамовы 5—6 лютага ў Лідзе пры ўдзеле акруговага інспектара працы пачаліся новыя перамовы, на якіх мусілі абмяркоўвацца ўмовы заканчэння страйку. У якасці перамоўных бакоў выступалі дырэкцыя фірмы «Ардаль», а таксама прадстаўнікі абодвух прафесійных саюзаў. Прафсаюзы высунулі наступныя патрабаванні:1) даць працу ўсім рабочым згодна з колькасцю гадоў, адпрацаваных імі паводле стану на 28 снежня 1935 года;

2) нікога не звальняць за ўдзел у страйку;

3) прызнаць прафсаюзныя арганізацыі на прадпрыемстве;

4) падвысіць плату за здзельную працу на 25%;

5) гарантаваць штодзённую здзельную заработную плату на 20-25% вышэйшую, чым дзейсная дзённая стаўкаДля дырэкцыі прадпрыемства гэтыя патрабаванні выглядалі, аднак, завышанымі і нерэалістычнымі. Са свайго боку яна заявіла, што «не мае намеру звальняць каго-небудзь за ўдзел у страйку і будзе наймаць рабочых, гледзячы на іх кваліфікацыю і свае патрэбы. Заробкі рабочых на «Ардалі» значна вышэйшыя, чым на іншых прадпрыемствах у горадзе, а падчас агульнага зніжэння цэнаў падвышэнне заробкаў не з'яўляецца актуальным, тым больш што фабрыка мае неспрыяльнае становішча. Яна размешчана на значнай адлегласці ад асноўных цэнтраў пастаўкі сыравіны, што значна павялічвае вытворчыя выдаткі».

У выніку перамовы зноў скончыліся нічым.

Усеагульная забастоўка