«Адцвітанне» — зборнік вершаў Янкі Купалы, выдадзены ў 1930 годзе ў Менску Беларускім дзяржаўным выдавецтвам у серыі «Мастацкае слова — масам». Тыраж зборніка склаў 5 тысяч асобнікаў.Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Адцвітанне (зборнік вершаў)». С. 31.

Апісанне «Не шасцяць каласы, Звон не валіцца з касы, Не кладуцца ў стог пласты, Толькі сыплюцца лісты На яловыя кусты, На сухія верасы.

Не іскрыцца небазор, Не цвіце трава чабор, Не цыгліць птушыны стан, Толькі поўзае туман, Вецер б'е ў нямы курган, — Шапаціць імглісты бор.

Змога вольная снуе, Вочы ўставіўшы свае, То галубне, то пужне. Сэрца б’ецца у паўсне, Думка сэрцу аб вясне Здрадны голас падае». Я. Купала Верш «Адцвітанне» Зборнік складаецца з 38 вершаў, пераважная большасць з якіх напісаныя ў дакастрычніцкі час ці ў 1918—1919 гады.Даты пад вершамі не заўсёды прастаўленыя. З пазнейшых вершаў у зборнік увайшлі вершы «Крым» (1923) і «Улетку» (1926).

Зборнік названы па аднайменным вершу, напісаным у 1909 годзе, які надае сумны і тужлівы настрой усяму зборніку. У зборніку шмат вершаў, прысвечаных прыродзе, у асноўным — яе завяданню («Зімой у лесе», «Зімовая ноч», «Снег», «Першы снег», «У вырай» і інш.). Адкрываецца зборнік вершам «Паляці, мая мысль…» (1914), які перадае шчырае жаданне паэта дапамагчы людзям перацярпець бяду-гора, не страціць надзею. Іншыя вершы прысвечаны паэзіі працы вясковай жанчыны («Жняя»), гістарычнай мінуўшчыне («Наша мінуўшчына», «Званы», «Старцы», «Нябожчык», «Забытая карчма»), каханню («З недацветаў», «Па захадзе», «Не прасці…» і інш.). Мілагучныя вершы «Над ракой у спакою» і «Явар і каліна» пазней сталі вядомымі песнямі.

Літаратура Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Адцвітанне (зборнік вершаў)» / Аўтар — М.М.Барсток. — С.31. Лойка А.. Як агонь, як вада... — Мн., 1984. Юрэвіч Ул.. Янка Купала: Нарыс жыцця і творчасці. — Мн., 1983.

Катэгорыя:Паэтычныя зборнікі Янкі Купалы Катэгорыя:Кнігі 1930 года