iOS (раней iPhone OS) — мабільная аперацыйная сістэма для смартфонаў, электронных планшэтаў, партатыўных медыяпрайгравальнікаў і некаторых іншых прылад, якая распрацоўваецца і выпускаецца амерыканскай кампаніяй Apple. Была выпушчана ў 2007 годзе; першапачаткова — для iPhone і iPod touch, пазней — для такіх прылад, як iPad. У 2014 годзе з’явілася падтрымка аўтамабільных мультымедыйных сістэм Apple CarPlay. У адрозненне ад Android выпускаецца толькі для прылад, якія вырабляюцца фірмай Apple.
У iOS выкарыстоўваецца ядро XNU, заснаванае на мікраядры Mach і якое змяшчае праграмны код, распрацаваны кампаніяй Apple, а таксама код з аперацыйных сістэм NeXTSTEP і FreeBSD. Ядро iOS амаль ідэнтычна ядру настольнай аперацыйнай сістэмы Apple MacOS. Пачынаючы з самай першай версіі, iOS працуе толькі на планшэтных камп’ютарах і смартфонах з працэсарамі архітэктуры ARM.
Агульныя звесткі Карыстальніцкі інтэрфейс iOS заснаваны на канцэпцыі прамога ўзаемадзеяння з выкарыстаннем жэстаў «мультытач». Элементы кіравання інтэрфейсам складаюцца з паўзункоў, пераключальнікаў і кнопак.
iOS распрацавана на аснове аперацыйнай сістэмы OS X і выкарыстоўвае той жа набор асноўных кампанентаў Darwin, сумяшчальны са стандартам POSIX.
Слаі абстракцыі iOS: Core OS Core Services Media Layer Cocoa Touch
Гісторыя стварэння Аперацыйная сістэма iPhone OS была прадстаўлена 9 студзеня 2007 года сумесна з першым смартфонам ад Apple iPhone 2G асабіста Стывам Джобсам на выставе-канферэнцыі Macworld Conference & Expo і выпушчана ў чэрвені таго ж года.
Apple не мела асобнай назвы для мабільнай аперацыйнай сістэмы, таму першапачатковы слоган гучаў так: «iPhone працуе на OS X».
27-га студзеня 2010 года быў прадстаўлены першы планшэтны камп’ютар ад кампаніі Apple iPad 1, для яго была створана адмысловая версія аперацыйнай сістэмы IPhone OS 3.2, якая мела шпалеры на працоўным стале і перайначаны Dock. Уніфікаваная версія iPhone OS, сумяшчальная з iPhone, iPad і iPod Touch, выйшла ў канцы 2010-га года, пераняўшы большасць новаўвядзенняў, прадстаўленых у iPhone OS 3.2, але цяпер на ўсіх прыладах.
Гісторыя версій Версія 1 (iPhone OS 1) → 2007 Версія 2 (iPhone OS 2) → 2008 Версія 3 (iPhone OS 3) → 2009 Версія 4 (iOS 4) → 2010 Версія 5 (iOS 5) → 2011 Версія 6 (iOS 6) → 2012 Версія 7 (iOS 7) → 2013 Версія 8 (iOS 8) → 2014 Версія 9 (iOS 9) → 2015 Версія 10 (iOS 10) → 2016 Версія 11 (iOS 11) → 2017 Версія 12 (iOS 12) → 2018 Версія 13 (iOS 13) → 2019 Версія 14 (iOS 14) → 2020 Версія 15 (iOS 15) → 2021 Версія 16 (iOS 16) → 2022 Версія 17 (iOS 17) → 2023 Версія 18 (iOS 18) → 2024
Праграмы для iOS На прыладах iOS прадусталяваны праграмы, распрацаваныя Apple, у тым ліку Пошта, Карты, Музыка, FaceTime і многія іншыя. Праграмы ад іншых распрацоўшчыкаў можна спампаваць з лічбавай крамы App Store, дзе яны праходзяць праверку бяспекі, перш чым стаць даступнымі для карыстальнікаў. Па стане на 2016 год App Store змяшчаў больш за 2 млн праграм. iOS-праграмы таксама можна ўсталёўваць неафіцыйнымі спосабамі непасрэдна з файла IPA, прадастаўленага дыстрыбутарам праграмнага забеспячэння.
Для напісання iOS-праграм выкарыстоўваецца iOS Software Development Kit (SDK), часта ў спалучэнні з Xcode, з выкарыстаннем моў праграмавання Swift і Objective-C, якія падтрымлівае Apple. Іншыя кампаніі таксама ствараюць інструменты, якія дазваляюць распрацоўваць праграмы для iOS з выкарыстаннем іншых моў праграмавання.
Цікавыя факты Apple выкарыстоўвае гандлёвы знак iOS па ліцэнзіі Cisco.
Гл. таксама Android
Спасылкі Старонка iOS на сайце Apple Партал для распрацоўшчыкаў Apple iOS
Катэгорыя:IPhone Катэгорыя:Apple iOS Катэгорыя:Праграмнае забеспячэнне Apple Inc.