Мустафа Адзіб Абдул Вахед, больш вядомы як Мустафа Адзіб (; нар. 30 жніўня 1972, Трыпалі, Ліван) — ліванскі навуковец, дыпламат і палітычны дзеяч. Прэм’ер-міністр Лівана з 31 жніўня па 26 верасня 2020 года. Пасол у Германіі ў 2013—2020 гг.
Біяграфія Атрымаў ва ўніверсітэце Манпелье ступень доктара філасофіі па паліталогіі. У 2000 годзе пачаў выкладаць у Ліванскім універсітэце, з 2010 года — прафесар канстытуцыйнага права, публічнага міжнароднага права, палітычных партый і лабіравання, міжнародных адносін і паліталогіі.
У 2000—2004 гадах Мустафа Адзіб з’яўляўся саветнікам мільярдэра, міністра грамадскіх работ і транспарту Наджыба Мікаці, а ў 2011—2013 гадах, калі Мікаці быў прэм’ер-міністрам Лівана, кіраваў яго канцылярыяй. У 2013 годзе прызначаны паслом Лівана ў Германіі.
4 жніўня 2020 года ў порце Бейрута адбыліся два магутныя выбухі, якія пацягнулі мноства ахвяр, і 10 жніўня прэм’ер-міністр Хасан Дзіаб абвясціў аб адстаўцы свайго ўрада.
31 жніўня 2020 года Мустафа Адзіб апынуўся кампраміснай фігурай для большасці фракцый ліванскага парламента ў якасці кандыдата на пасаду прэм’ер-міністра (яго падтрымалі 90 дэпутатаў з 120), і прэзідэнт Мішэль Аун прызначыў яго і даручыў фарміраванне кабінета.
26 верасня заявіў пра правал спробаў сфармаваць новы ўрад і падаў у адстаўку.
Катэгорыя:Прэм’ер-міністры Лівана Катэгорыя:Палітыкі XXI стагоддзя