Мінск (; да 29 ліпеня 1939 г. — Менск, ) — сталіца і найбуйнейшы горад Беларусі, на рацэ Свіслачы. Адміністрацыйны цэнтр Мінскай вобласці і Мінскага раёна, аднак не ўваходзіць у іх склад. Утварае агламерацыю, у якой жыве звыш за 2,7 млн чалавек або амаль траціну насельніцтва Беларусі. Займае плошчу ў 348,85 км². Знаходзіцца за 70 км на паўночны захад ад геаграфічнага цэнтру Беларусі. Гістарычны цэнтр утвараюць Верхні горад, Ракаўскае і Траецкае прадмесці, плануецца аднавіць Замчышча.

Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 1067 годам. З канца XI — пачатку XII ст. цэнтр Менскага княства. З пачатку XIV ст. у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе ў складзе Расійскай імперыі, цэнтр аднайменнай губерні. У вайну 1812 года заняты французскімі войскамі, разбураны і разрабаваны французамі і рускімі. У Першую сусветную вайну быў прыфрантавым горадам, у сакавіку 1918 года заняты нямецкімі войскамі. 25 сакавіка 1918 года ў Мінску была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. 18 сакавіка 1921 года канчаткова адышоў да БССР і стаў яе сталіцай. У Другую сусветную вайну быў пад нямецкай акупацыяй, у ім дзейнічала савецкае падполле. У вайну горад моцна зруйнаваны, пазней атрымаў званне горада-героя. Адбудаваны ў 1946—1950-я гады. З 1991 года стаў сталіцай незалежнай Беларусі.

Назва

Паходжанне Ад 1920-х гадоў большасць даследчыкаў пагаджаецца, што назва Менск утвораная ад ракі Менкі (памяншальная форма ад «Мена», як відаць з летапіснага «Менеск»), на якой ён быў першапачаткова, перш чым быў перанесены на Нямігу, на яго цяперашняе месца С. 393.. З увагі на семантычную «непразрыстасць» назвы рэчкі Мена (Менка), прапаноўвалі шэраг версій, як яе вытлумачваць. Роспанд тлумачыў назву ад і.-е *moi-n-//*mei-n- : *min- *mei- «праходзіць міма, ісці». Неразнак паўтарыў гэтую версію, дадаўшы, што магчымае і іншае тлумачэнне: ад і.-е. *men- «малы» (параўн. ст.-рус., ст.-слав. мьнии, праслав. *mьnjes- «меньшы», параўн. яшчэ літ. menkas «маленькі, дробны», лац. minus «меней»)Жучкевіч В. Адкуль імя твае, сталіца // Беларусь № 4, 1967. — С. 22.Роспонд С. Структура и стратиграфия древнерусских топонимов // Восточнославянская ономастика. — М.: Наука, 1972. — С. 22.Нерознак В. П. Названия древнерусских городов / Под. ред. Д. С. Лихачева. — М.: Наука, 1983. — С. 118., ад слоў мень, менёк «рыба мянтуз»Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн., 1974. — С. 232—233., «мяняць» (апошняе самае малаверагоднаеКузняцоў М. Таямніца далёкіх вякоў // Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 1. П’есы. Нарыс. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. С. 385—570. ). На думку К. Бугі, назву гэтай ракі славяне прынеслі з сабою з-за Прыпяці са славянскай прарадзімыK. Būga. Rinktiniai raštai. III. Vilnius, 1961. P. 883-884..

Назва Менску з цягам часу была ў народзе міфалагізаваная. Паводле народнага падання, заснавальнікам Менска быў вядзьмар-асілак Мянеск, які пабудаваў млын на месцы цяперашняга горада (у раёне рэчкі Пярэспы) і малоў муку з камення, і ад яго імя пайшла назва горадаШпілеўскі П. Падарожжа па Палессі і беларускаму краю // . Грунтуючыся на гэтым паданні, выказвалі думку, што імя Мянеска і назву самога горада трэба звязваць з індаеўрапейскім *men- «мяць, расціраць». Вобраз Мянеска і яго млынарства мае пры гэтым глыбокія фальклорныя паралелі і каштоўны сам па сабеЛобач У. Паданьне пра заснаваньне Менска: сымболіка сюжэта й тыпалягічныя паралелі ў беларускім фальклёры // «Kryŭja», 7 кастрычніка 2008., у народнай свядомасці Мянеск увасабляў старажытны дух Менску.

Варыянты

У Іпацьеўскім летапісе горад згадваецца пад 1067 годам пад назвамі Мѣньск, Мѣнескь. У пазнейшым Радзівілаўскім летапісе назвы Меньск і Менеск пішуцца без яць, праз «е». З канца XV ст. з’яўляецца назва Менск без мяккага знака. Аднак яшчэ ў XVI—XVII стагоддзях працягвала шырока выкарыстоўвацца форма «Менеск».

У лісце 1656 года маскоўскага менскага ваяводы Фёдара Арсеньева з маскоўскім царом Аляксеем Міхайлавічам на адной старонцы словы «Менеск», «Менск», «Менскага» сустракаюцца 18 разоў і ніводнага разу «Мінск». У двух адпісках таго ж ваяводы назвы тыпу «Менеск», «Менск», «Менского пов(ету)» сустракаюцца 12 разоў і толькі аднойчы напісана «Мінской пов.». У адпісцы маскоўскага ваяводы Якаўлева 1657 года датычна сойміка менскай шляхты таксама ўжываецца толькі форма «Менск». З гэтага вынікае, што мясцовая шляхта карысталася толькі такой назвайКрамко І., Штыхаў Г. Калі Менск стаў Мінскам // . У Баркулабаўскім летапісе горад згадваецца 6 разоў, з якіх 5 — у форме «Менск» і адзін «Мінск».

Першую фіксацыю назвы Мінск (Mynsko) даследчыкі адзначаюць у лацінамоўнай канцылярскай кнізе пад 1502 годам. Пазней у польскамоўных дакументах XVI—XVII стагоддзяў усё часцей ужываецца транскрыпцыя Minsk. Прафесар кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта А. Абрэмска-Яблоньска паказала, што назва «Мінск» з’явілася пад уплывам польскага Мінска Мазавецкага на грунце польскай адміністрацыйнай і моўнай экспансіі. Цалкам форма «Мінск» (Міньск) замяняе «Менск» у афіцыйных дакументах толькі ў канцы XVII ст. разам з пашырэннем польскай мовы ў афіцыйным дзяржаўным ужытку. З польскамоўных дакументаў і карт пасля падзелаў Рэчы Паспалітай яе механічна перанеслі ў расійскія дакументы і картыКрамко І., Штыхаў Г. Калі Менск стаў Мінскам // .

У канцы XVIII ст. напісанне «Мінск» трывала замацавалася ў афіцыйных расійскамоўных дакументах, тым часам у народнай гаворцы ўжывалася толькі форма «Менск». Гэты факт засведчылі этнограф Павел Шпілеўскі ў нататках пра свае падарожжыШпилевский П. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Минск: «Беларусь», 2003. С. 131—132. і гісторык Аляксандр Ельскі ў Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёўJelski A. Mińsk // S. 453., выдадзеным у 1885 годзе.

У 1891 годзе паэт Францішак Багушэвіч у прадмове да зборніка «Дудка беларуская» ўжывае паланізаваную формуObrębska-Jabłońska, A. Czy ukraiński wpływ na toponimię białoruska? // Slavia Orientalis. — 1973. — № 2. — S. 261—265 «Міньск»: «Можа хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, Яна, гдзе наша мова жывець: Яна ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак»Багушэвіч Ф. Творы: вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты / уклад., прад. Я. Янушкевіча; камент. У. Содаля, Я. Янушкевіча. - Мн.: Маст. літ., 1991. - 309 с. - С. 17..

З 1916 года ў асяроддзі прагрэсіўнай беларускай інтэлігенцыі замацавалася назва «Менск Беларускі». Яна захоўвалася ў часы нямецкай і польскай акупацый, ужывалася ў дакументах эміграцыйных беларускіх урадаў. 21 лютага 1918 года выдана Першая Устаўная грамата БНР, дзе ўжываецца форма «Мінск-Беларускі». Другая Устаўная грамата і Трэцяя Устаўная грамата БНР ужо ўжываюць форму «Менск-Беларускі».

Форма «Менск» стала нормай за часамі БССР, ужывалася ва ўсіх афіцыйных дакументах, а таксама на дзяржаўным радыё. У 1930-я гады назву Менск ужывалі паўсюдна ў Беларусі, яна была звыклай і натуральнай жыхарам рэспублікіШур В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1998. С. 155..

29 ліпеня 1939 года пастановай 2-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР горад перайменавалі ў «Мінск». Перайменаванне адбылося не з лінгвістычных, а з сацыяльна-палітычных прычын, было выклікана ўзмацненнем рэпрэсій супраць беларускіх нацыянальных кадраў і было замацаваннем русіфікацыі беларусаў на ўзроўні назваў гарадоўЛяхоўскі У. Дык няўжо ж нам ніколі ня склеіць, ня сшыць // «Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё», 30 ліпеня 2008 г..

5 верасня 1991 года Мінскі гарадскі Савет народных дэпутатаў накіраваў Вярхоўнаму Савету просьбу пра вяртанне гораду гістарычнай назвы «Менск», але ў гэтым было адмоўленаРашэнне Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 5 верасня 1991 г. № 167 «Аб гербе г. Мінска і аб вяртаньні гораду яго гістарычнай назвы Менск»69 гадоў таму Менск стаў Мінскам // «Наша Ніва», 29 ліпеня 2008 г.. За вяртанне назвы «Менск», паводле сведчання Алега Трусава, прагаласавалі 142 дэпутаты пры неабходных 173.

Гісторыя

Старажытны горад

Дакладная дата заснавання Менска невядомая. Паводле археалагічных звестак, самыя раннія паселішчы на тэрыторыі сучаснага горада вядомы з IX стагоддзя, калі басейн Свіслачы засялялі славянскія плямёны крывічоў і дрыгавічоў.

Упершыню згадваецца (Меньскъ, Менскъ, Менескъ) у «Аповесці мінулых часоў» пад 1067 годам, калі спалены аб’яднанымі войскамі Яраславічаў (вялікага князя кіеўскага Ізяслава, пераяслаўскага князя Святаслава і чарнігаўскага князя Усевалада) падчас вайны з полацкім князем Усяславам Брачыславічам. Месца і час узнікнення Менска ў наш час дыскусійныя — адны даследчыкі (А. Ясінскі, Г. Штыхаў і інш.) лічаць, што горад узнік у даслявянскія часы на рацэ Менцы прытоку Пцічы, за 16 км на захад ад сучаснага цэнтру горада, дзе захаваўся комплекс археалагічных помнікаў, і перанесены на цяперашняе месца пасля 1085 года, калі другі раз спалены Уладзімірам Манамахам. Іншыя даследчыкі лічаць, што дзяцінец (пазней Менскі замак) пабудаваны на правым беразе Свіслачы пры ўпадзенні ў яе ракі Нямігі ў 2-й палове XI ст., напярэдадні падзей 1067 года для абароны паўднёвых межаў Полацкага княства.

Менскае княства

У канцы XI — пачатку XII стагоддзяў Менск становіцца сталіцай удзельнага Менскага княства. Першым менскім князем быў Глеб Усяславіч, потым княствам валодалі яго нашчадкі Глебавічы. У 1116 годзе Менск вытрымаў амаль 2-месячную аблогу войскамі вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха, але ў 1119 годзе быў захоплены і далучаны да яго ўладанняў, князь Глеб Усяславіч зняволены і памёр у кіеўскай турме. З сярэдзіны XII ст. Менск зноў стаў цэнтрам незалежнага княства і адным з буйных гарадоў Заходняй Русі, менскія князі вялі барацьбу за гегемонію ў Полацкай зямлі і неаднакроць займалі полацкі сталец. Палітычнае ўзвышэнне і зручнае геаграфічнае становішча спрыялі эканамічнаму росту Менска і яго пераўтварэнню ў рамесна-гандлёвы цэнтр.

Вялікае Княства Літоўскае

У XIII ст. узмацніліся сувязі Менскага княства з Наваградкам, пазней — з Вільняй і Трокамі. Пра раннія адносіны Менскага княства з Вялікім княствам Літоўскім пэўна нічога не вядома. У 1326 годзе менскі князь Васіль ездзіў у Ноўгарад як адзін з паслоў вялікага князя літоўскага Гедзіміна.

У грамаце 1387 года караля Ягайлы свайму брату Скіргайлу Менск выступае другім пасля Полацка вялікім горадам у цэнтральнай і ўсходняй частках сучаснай Беларусі. У 1390 годзе кароль Ягайла заснаваў на Траецкай Гары першы і працяглы час адзіны касцёл у горадзе. Паводле дакументаў канца XVI ст., у Менску таксама было 10 прыходскіх цэркваў і 4—5 манастырскіх.

Менская харугва брала ўдзел Грунвальдскай бітве 15 ліпеня 1410 года. Па Гарадзельскай уніі 1413 года горад увайшоў у Віленскае ваяводства. Па смерці вялікага князя Вітаўта, за часамі змагання за сталец Вялікага Княства Літоўскага паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам у 1433 годзе Менск захапілі войскі Свідрыгайлы, яны спалілі горад і паланілі яго жыхароў. У 1444 годзе Менск уваходзіў у лік 14 найбольш развітых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. У 2-й палове XV ст. утварыўся Менскі павет Віленскага ваяводства.

14 сакавіка 1499 года вялікі князь Аляксандр надаў Менску магдэбургскае праваТэкст Магдэбургскага права. Кіраванне горадам перайшло да магістрата з 12 радцаў, якія разам з войтам выбіралі сярод сябе 2 рочных бурмістраў. У 1505 годзе Менск захапілі і спалілі крымскія татары, ацалеў толькі замак. У 1508 годзе ў час мецяжа Глінскіх Менск вытрымаў амаль месячную аблогу. У 1513 годзе архімандрыт Узнясенскага манастыра адкрыў на Менскім замку першы шпіталь-прытулак для хворых і калек. Ваколіцы горада 3—4 разы спусташалі маскоўскія войскі, апошні раз у 1519 годзе.