Іры́на Сцяпа́наўна Абе́льская (нар. , Брэст, БССР) — беларуская педыятр і эндакрынолаг. Маці малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая. Доктар медыцынскіх навук, дацэнт.

Біяграфія Нарадзілася 6 верасня 1965 года ў Брэсце ў сям’і медыкаў. Маці, Людміла Пастаялка (1941—2007), была міністрам аховы здароўя Беларусі (2002—2005). Цётка і брат Ірыны Андрэй Пастаялка — таксама ўрачы. Бацька, Сцяпан Пастаялка, у 1952 годзе быў арыштаваны разам з бацькамі і братам за дапамогу Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, асуджаны за «здраду Радзіме» і «ўдзел у арганізацыі ці падрыхтоўцы контррэвалюцыйных дзеянняў». Пасля вызвалення працаваў у «Брэстэнерга». Рэабілітаваны 29 ліпеня 1992 года рашэннем прэзідыуму Брэсцкага абласнога суда.

У 1988 годзе скончыла кафедру педыятрыі Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута па спецыяльнасці «Педыятрыя», а таксама інтэрнатуру ў 3-й дзіцячай гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

У 1989—1992 гадах працавала ўчастковым урачом-педыятрам педыятрычнага аддзялення, урачом-педыятрам аддзялення медыцынскага забеспячэння дзяцей у арганізаваных калектывах 25-й дзіцячай паліклініцы г. Мінска. У 1992—1994 гадах — эндакрынолаг Мінскай гарадской эндакрыналагічнай бальніцы і ўрач ультрагукавой дыягностыкі ў Мінскім дыягнастычным цэнтры (паводле іншых звестак, у 1990—1994 гадах працавала кансультантам-эндакрынолагам 9-й гарадской клінічнай бальніцы).

У 1994—2001 гадах працавала урачом-ардынатарам тэрапеўтычнага аддзялення, урачом-эндокрынолагам паліклінікі, урачом-тэрапеўтам здарпункта «Дразды» Рэспубліканскай бальніцы Галоўнага ўпраўлення лячэбна-прафілактычных і санаторна-курортных устаноў Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, асабістым урачом Аляксандра Лукашэнкі.

У 2001 годзе прызначаная галоўным урачом Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2004 годзе атрымала ступень кандыдата медыцынскіх навук, абараніўшы дысертацыю па тэме «Рэнтгенадыягностыка на этапах медыцынскай рэабілітацыі хворых з астэахандрозам шыйнага аддзела пазваночніка». У красавіку 2007 года адстаўленая з пасады.

У 2007—2009 гадах працавала ў аддзяленні ўльтрагукавой дыягностыкі Мінскага гарадскога дыягнастычнага цэнтра. 2 лістапада 2009 года зноў прызначана галоўным урачом Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. У 2011 годзе ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі абараніла доктарскую дысертацыю па тэме «Шыйны остэахандроз: прамянёвая візуалізацыя і тэхналогія медыцынскай рэабілітацыі пацыентаў».

Паводле звестак Беларускага расследавальніцкага цэнтра, Абельская з’яўляецца заснавальніцай Мінскай міжнароднай гімназіі — элітнай прыватнай школы ў Драздах, месца навучання Мікалая Лукашэнкі і трох дачок Дзмітрыя Лукашэнкі.

Дэлегатка ўсіх Усебеларускіх народных сходаў.

Выбрана ў 2024 годзе членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі 8-га склікання ад Мінска. Намесніца старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.  

Асабістае жыццё Падчас навучання ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце сустрэла свайго будучага мужа Яўгена Абельскага. Неўзабаве выйшла замуж і нарадзіла сына Дзмітрыя, аднак шлюб працягваўся нядоўга. Дзмітрый Абельскі скончыў Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і медыцынскі факультэт БДУ, атрымаўшы адукацыю афтальмолага, працаваў у афтальмалагічным цэнтры, у 2017 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Хірургічнае лячэнне міяпіі і міяпічнага астыгматызму метадам фемта-ЛАСІК з выкарыстаннем звестак абераметрыі», дацэнт кафедры афтальмалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

У 1994 годзе пасля абрання Аляксандра Лукашэнкі Прэзідэнтам Беларусі яго адміністрацыя пачала шукаць асабістага ўрача, пажадана жанчыну ўзростам каля 30 гадоў, разведзеную і з дзіцем. Увосень 1994 года Ірыну Абельскую залічылі ў штат Рэспубліканскай бальніцы Галоўнага ўпраўлення лячэбна-прафілактычных і санаторна-курортных устаноў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі («лячэбная камісія»). З той пары яна пастаянна суправаджала Лукашэнку, у тым ліку падчас міжнародных візітаў.

31 жніўня 2004 года ад Аляксандра Лукашэнкі нарадзіла пазашлюбнага сына МікалаяПраво первой ночи. Рассказ о том, как Александр Лукашенко выбирал женщин«Проект», 07.08.2020..

Узнагароды Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь (2024). Мае падзякі Старшыні Савета Рэспублікі і Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Узнагароджана ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, Савета Міністраў Беларусі, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, Мінгарвыканкама, ордэнам Пашаны (26 лістапада 2018).

Спасылкі Профіль на старонцы Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Профіль Ірыны Абельскай на сайце Савета Рэспублікі

Катэгорыя:Педыятры Беларусі Катэгорыя:Эндакрынолагі Беларусі Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8-га склікання Катэгорыя:Заслужаныя ўрачы Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Аляксандр Лукашэнка