16 верасня 2007 года ў выніку бязладнай стральбы, адкрытай супрацоўнікамі амерыканскай прыватнай ваеннай кампаніі «Блэкуотэр» на плошчы Нісур у Багдадзе, загінулі 17 і пацярпелі 20 іракскіх мірных жыхароў. Найміты «Блэкуотэр» знаходзіліся ў складзе канвою з дыпламатамі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. Масавае забойства абурыла іракскую грамадскасць і абвастрыла адносіны паміж Іракам і ЗША. У 2014 годзе чацвёра наймітаў паўсталі перад федэральным судом ЗША: адзін быў асуджаны па абвінавачванні ў наўмысным забойстве, яшчэ трое ў ненаўмысным.

Супрацоўнікі «Блэкуотэр» сцвярджалі, што канвой трапіў у засаду, і яны стралялі ў мэтах абароны. Іракскі ўрад казаў, што ніякай важкай прычыны для стральбы не было. На наступны дзень у ПВК была часова адклікана ліцэнзія на дзейнасць у Іраку. У афіцыйнай заяве Дзярждэпу ЗША было сказана пра «нявінна забітых» іракцаў. Міністэрства абароны ЗША таксама пагадзілася з тым, што ў дадзеным здарэнні віна ляжыць на наймітах. Ірак настойваў на як мага больш суровым пакаранні. Было пачата не менш пяці расследаванняў, адно з якіх вяло ФБР. У яго ходзе высветлілася, што супрацоўнікамі ПВК было забіта 17 іракцаў, з іх 14 — без бачнай прычыны.

У снежні 2008 года пецярым з наймітаў былі прад’яўлены абвінавачванні ў забойстве і перавышэнні нормаў самаабароны, але 31 снежня 2009 года ўсе абвінавачванні былі зняты на падставе няправільнасці вядзення справы. Тагачасны прэм’ер-міністр Ірака Нуры аль-Малікі рэзка раскрытыкаваў рашэнне суда. У красавіку 2011 справа была адноўлена, а ранейшае рашэнне суда прызнана памылковым. Пяты супрацоўнік «Блэкуотер», які прымаў удзел у інцыдэнце, быў вызвалены ад абвінавачванняў, а шосты прызнаў сябе вінаватым у наўмысным забойстве і спробе забойства. 6 студзеня 2012 года ПВК выплаціла кампенсацыю сем’ям шасці ахвяр інцыдэнту. У кастрычніку 2014 года адзін баец быў абвінавачаны ў наўмысным забойстве, а яшчэ тры ў выкарыстанні аўтаматычнай агнястрэльнай зброі для здзяйснення забойства. 13 красавіка 2015 года першага прысудзілі да пажыццёвага зняволення, а трох іншых — да трыццаці гадоў турмы.

22 снежня 2020 года, перад сваім сыходам з пасады, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп памілаваў асуджаных.

Катэгорыя:Вайна ў Іраку Катэгорыя:Ваенныя злачынствы Катэгорыя:Падзеі 16 верасня Катэгорыя:Верасень 2007 года Катэгорыя:Масавыя забойствы ў Іраку