«Апакаліпсіс» () — мастацкі фільм 2006 года рэжысёра Мэла Гібсана.

Сюжэт Невялічкая вёсачка, закінутая ў джунглях, падвяргаецца нападу суседняга племя, якое рабуе хаціны мясцовых жыхароў, забірае жанчын і дзяцей, а мужчын выкарыстоўвае для ахвярапрынашэнняў. Маладому паляўнічаму па імені Лапа Ягуара ўдаецца выратаваць цяжарную жонку і маленькага сына ад расправы, схаваўшы іх у земляной яме. Сам жа ён трапляе ў палон да захопнікаў, якія вядуць яго ў горад мая, каб там забіць. Дарогай яны сустракаюць хворую дзяўчынку, якая адзіная ў сваім племені засталася ў жывых пасля эпідэміі. Упаўшы ў транс, яна прадказвае хуткую гібель усёй цывілізацыі індзейцаў.

Героя прыводзяць на месца расправы, дзе ўжо сабраўся натоўп гараджан. Пачынаецца рытуал ахвярапрынашэння богу Кукулькану: людзям жыўцом вырываюць сэрца, адсякаюць галаву і скідваюць з лесвіц піраміды. Гэтая доля чакае і Лапу Ягуара, аднак адбываецца сонечнае зацьменне і сярод мясцовых жыхароў усчынаецца перапалох. Палонных, што засталіся ў жывых, вырашаюць нібыта адпусціць за межы горада, дзе іх усё адно чакае гібель ад дзідаў і стрэл мая. Паляўнічы спрабуе ўцячы, але зноў аказваецца акружаны ворагамі. Цяпер канец яго ўжо дакладна прадвызначаны, аднак нечакана на даляглядзе з’яўляюцца караблі канкістадораў — у страху праследавацелі забываюцца на сваю ахвяру. Скарыстаўшыся момантам, Лапа Ягуара збягае. Ён вяртаецца ў вёску, дзе вызваляе жонку і сына з земляной ямы.

Узнагароды Паводле інфармацыі сайта «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 9 кінаўзнагародамі і яшчэ 23 намінацыямі.

Зноскі

Спасылкі

Катэгорыя:Фільмы-драмы 2006 года Катэгорыя:Фільмы-баевікі 2006 года Катэгорыя:Фільмы ЗША 2006 года Катэгорыя:Фільмы-драмы ЗША Катэгорыя:Фільмы-баевікі ЗША Катэгорыя:Прыгодніцкія фільмы ЗША Катэгорыя:Фільмы Мэла Гібсана Катэгорыя:Фільмы, музыку да якіх напісаў Джэймс Хорнер