Галоўная сінагога, таксама вядомая як Халодная сінагогаНазывалася «халоднай», бо калісьці маліліся там толькі на святы, а буднымі сінагога не ацяплялася., або Старая Вялікая сінагога — колішняя сінагога ў Мінску. Першая мураваная сінагога ў горадзе, пабудаваная ў канца XVI — пачатку XVII ст. Сінагога працяглы час была адной з найстарэйшых мураваных пабудоў Мінска.

Размяшчалася на Школьным двары, на рагу Школьнай і Нямігі, дзе агулам было 16 бажніц. Пасля 2-й сусветнай вайны ў будынку па адрасе вуліца Няміга, 1б размяшчалася адно са сховішчаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі. Разбурана ў 1965 годзе пры рэканструкцыі вуліцы Нямігі.

Гісторыя Найбольш раннія звесткі пра існаванне ў Менску яўрэйскай грамады сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах пачынаючы з XVI стагоддзя. У 1579 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Стэфан Баторый выдаў менскім яўрэям шэраг прывілеяў, у тым ліку дароўную грамату, датаваную 9 верасня 1579 года, на «пляц замковы для збудавання бажніцы ў месце Менскім, а таксама дамову на набыццё ўчастка для пахавання нябожчыкаў каля места». Гэты прывілей быў пацверджаны 25 сакавіка 1625 года вялікім князем Жыгімонтам Вазам, менскія яўрэі «на пляцу вышэй згаданым бажніцу пабудавалі»Уладзімір Дзянісаў. Мінская галоўная сінагога. XVII — пачатак XX ст. // Бюлетэнь МГП № 1 /2016.

У пазнейшых крыніцах XVII—XVIII стагоддзяў іншых звестак, звязаных з гісторыяй будаўніцтва і рэканструкцыі будынкаў галоўнай сінагогі, не выяўлена. Найбольш блізкая па сваім архітэктурным рашэнні да Мінскай сінагогі Нясвіжская вялікая сінагога. У 1589 годзе дазвол на яе будаўніцтва даў князь Мікалай Радзівіл Сіротка, лічыцца, што муры гэтай сінагогі ўзведзеныя ў канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя.

За часамі Расійскай імперыі Упершыню комплекс будынкаў Мінскай сінагогі пазначаны на планах горада ў канцы XVIII стагоддзя. У прыватнасці, ён ёсць на плане 1793 года пад назвай «Яўрэйскія школы». У «Тапаграфічным апісанні Мінскай губерні», складзеным 1795 годзе, сярод галоўных мураваных будынкаў горада згадана «жыдоўская школа, і пры ёй два прышколкі мураваныя, заснаваная ў 1570-м годзе».

У канцы XVIII — пачатку XIX ст. комплекс будынкаў Мінскай галоўнай сінагогі ўключаў шэраг культавых і гаспадарчых пабудоў, якія на працягу XIX ст. неаднаразова перабудоўваліся і рэканструяваліся.

Комплекс будынкаў Мінскай галоўнай сінагогі моцна пацярпеў у час вялікага пажару 21 чэрвеня 1881 года. Нягледзячы на даволі сур’ёзныя страты і разбурэнні, мінская яўрэйская грамада прыняла рашэнне цалкам аднавіць усе даўнія будынкі. 7 жніўня 1881 года мінскі грамадскі рабін звярнуўся ў губернскае праўленне з просьбай даць дазвол на аднаўленне Галоўнай сінагогі і іншых школ на Школьным двары, за выключэннем малітоўнага дома — школы Рэзнікаў, якую грамада абавязалася разабраць. Да гэтага рапарта была прыкладзена выпіска з пратакола сходу дэпутатаў яўрэйскай грамады ад 4 жніўня 1881 года, з якога вынікае, што Рэзніцкую школу не далі аднавіць, бо паміж ёй, сінагогай і іншымі школамі не было разрыву, які патрабаваўся па законе. Да гэтых дакументаў быў дададзены праект, у якім былі чарцяжы галоўнага фасада, планы паверхаў і разрэзы будынка сінагогі, а таксама план участка з пазначэннем усіх будынкаў, якія належалі яўрэйскай грамадзе, і выкапіроўка з плана горада.

Гэтыя матэрыялы сведчаць, што будынак галоўнай сінагогі пасля пажару амаль цалкам захаваў усе свае першапачатковыя канструкцыйныя элементы і архітэктурнае вырашэнне фасадаў. Радкі пра аднаўленне будынка сінагогі нават былі выкраслены з пратакола пасяджэння будаўнічага аддзялення Мінскага губернскага праўлення ад 21 жніўня 1881 года, замест іх устаўлена «ўзвядзенне даху на будынку яўрэйскай сінагогі».

У ліпені 1893 года Маскоўскае імператарскае археалагічнае таварыства звярнулася да мінскага губернатара з лістом, у якім прасіла «загадаць зняць план з яўрэйскай сінагогі г. Мінска». Таварыства сцвярджала, што будынак быў звернуты ў сінагогу толькі ў 1796 годзе з праваслаўнага храма, былога Петрапаўлаўскага жаночага манастыра, і прасіла перадаць фотаздымак будынка і звесткі, якія маглі захавацца ў архівах горада адносна перадачы храма яўрэям. У сувязі з гэтым губернатар князь Мікалай Трубяцкой распарадзіўся зрабіць архітэктурныя абмеры старажытнай сінагогі. У канцы снежня 1894 года адпаведная дакументацыя была падрыхтаваная малодшым інжынерам будаўнічага аддзялення Мінскага губернскага праўлення I. Чалі-Сурыевым.

Адначасова губернатар звярнуўся да мінскага праваслаўнага архіепіскапа Сімяона з просьбай расшукаць у архіве Мінскай духоўнай кансісторыі адпаведныя дакументы па гісторыі будынка. Перапіска па гэтым пытанні вялася да 1896 года. Па загадзе архіепіскапа была створана нават спецыяльная камісія, каб пацвердзіць фантастычную гіпотэзу археалагічнага таварыства пра праваслаўнае паходжанне сінагогі. Камісія працавала да 1896 года, «але ніякіх дакументаў і доказаў, якія пацвярджалі б гістарычную версію, прапанаваную Маскоўскім імператарскім археалагічным таварыствам, не знайшла. Падрыхтаваныя матэрыялы 30 красавіка 1896 г. былі накіраваны ў Маскву».

XX стагоддзе Самы ранні з вядомых фотаздымкаў Мінскай сінагогі змешчаны ў альбоме «Краявіды горада Мінска», надрукаваным у 1904 годзе.

Найбольш падрабязная інвентарызацыя комплексу будынкаў так званага Школьнага двара, у тым ліку і старой, або «халоднай», сінагогі, была зроблена на загад Мінскай гарадской управы ў 1910 годзе. Быў складзены план усяго зямельнага ўчастка, на якім пазначаны пабудовы, што належалі яўрэйскай грамадзе. Галоўным будынкам комплексу была «старая вялікая, або халодная, сінагога», да галоўнага памяшкання, дзе знаходзілася вялікая малітоўная зала перакрытая скляпеннямі, прылягалі Новая сінагога, а таксама жаночая малельня, школа для хлопчыкаў і іншае.

На самым рагу Школьнай і Кацярынінскай вуліц знаходзіўся вялікі будынак, які належаў яўрэйскаму брацтву «Шывэ-Круім». Лічыцца, што ён быў узведзены яшчэ ў XVIII ст., потым рэканструяваны ў пачатку XIX ст. і асабліва моцна перабудаваны пасля пажару 1881 года.

Двухпавярховы будынак малітоўнай суполкі «Бейс-гамэдрэш» галоўным фасадам выходзілі на Нямігскую вуліцу. Гэтая школа была пабудавана ў XVIII ст. (па некаторых звестках, узведзена да 1798 года) і значна перабудавана пасля пажару 1881 года. Будынак «Талмуд-Торы» згаданы ў шэрагу дакументаў, пачынаючы з 1803 года. На планах Мінска 1809 і 1810 гадоў ён ужо пазначаны як мураваны. Малітоўны дом Віленкінай знаходзіўся ў двухпавярховым будынку. Акрамя таго, да «старой вялікай сінагогі» была прыпісана яшчэ адна школа, якая на плане 1881 года пазначана як школа «Хэйнэн-Далім».

Упершыню адным з самых старажытных у Мінску помнікаў архітэктуры зацікавіўся Мікалай Шчакаціхін, які ў сваім грунтоўным нарысе «Помнікі старадаўняе архітэктуры 17 — 18 сталеццяў у Менску» прысвяціў комплексу галоўнай або, як ён яе называў, «халоднай» сінагогі некалькі старонак.

У 1920-я гады гэты помнік архітэктуры даследавалі спецыялісты Інстытута Беларускай Культуры. У выніку ён быў прыняты пад дзяржаўную ахову ў 1926 годзе.

У 1930-я гады сінагога закрыта. У час Другой сусветнай вайны будынак Мінскай галоўнай сінагогі не быў пашкоджаны. Пасля вайны яго аднойчы даследавалі спецыялісты аддзела па ахове помнікаў Камітэта па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР, і ў 1947 годзе ён быў уключаны ў Дзяржаўны спіс помнікаў архітэктуры Беларускай ССР рэспубліканскага значэння.

У 1945 годзе супрацоўнікі Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі вярнулі з Рыгі вывезеныя ў час вайны дакументы. Яны былі навалам змешчаны ў будынку былой сінагогі. У верасні 1945 года архіву таксама аддалі суседнюю Петрапаўлаўскую царкву. У 1946—1947 гадах сінагогу адрамантавалі.

У 1963 годзе ўшчыльную да сінагогі пачынаюць узводзіць па праекце архітэктараў Нуты Шпігельмана і Льва Мацкевіча будынак інстытута «Белпрампраект». Нягледзячы на ахоўны статус, у 1965 годзе гэты помнік гісторыі і архітэктуры быў разбураны пры рэканструкцыі вуліцы Нямігі. Паводле іншых крыніц, знос найстарэйшага збудавання ў горадзе ўхваляюць у ЦК КПБ па просьбе аўтараў будынка інстытута «Белпрампраект». Як успамінаў архітэктар Сяргей Мусінскі, канчатковую кропку ў яго лёсе паставіў асабіста першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў.

XXI стагоддзе У 2001 годзе, калі на месцы сінагогі пачалося будаўніцтва паркінгу, мінская яўрэйская грамада прапанавала аднавіць яе, але галоўны архітэктар Мінску вырашыў паставіць толькі памятны знак«Авив», № 1-2, 2002.. Большая частка мураваных надземных канструкцый будынка Мінскай галоўнай сінагогі, хоць яны мелі статус помніка археалогіі, была знішчана пры будаўніцтве нават без правядзення адпаведных археалагічных даследаванняў.

У 2018 годзе злева ад гандлёвага цэнтра па адрасе Няміга-3 павешана інфармацыйныя шыльда з кароткай гісторыяй Халоднай сінагогі на беларускай і англійскай мовах, з розначытаннямі ў версіяхhttp://belisrael.info/?p=16667.

Архітэктура Будынак у плане амаль квадрат, меў гатычныя скляпенні, контрфорсы паміж акон і ўсе марфалагічныя і канструкцыйныя прыкметы позняй готыкі з элементамі характэрнымі для пабудоў абароннага тыпу. Мікалай Шчакаціхін, які аглядаў і апісаў будынак, выказаў здагадку, што сінагога пабудавана ў пачатку XVII ст. як архаізм у менскай архітэктуры.Пазняк 3.С. Рэха даўняга…

Крыніцы

Літаратура Пазняк 3.С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл. Трусаў А. Беларускія сінагогі // Беларуская мінуўшчына, № 3, 1996.

Спасылкі

Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Мінска Катэгорыя:Сінагогі Мінска Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Беларусі, знішчаныя савецкай уладай Катэгорыя:Вуліца Няміга Катэгорыя:З’явіліся ў XVI стагоддзі Катэгорыя:З’явіліся ў XVII стагоддзі Катэгорыя:XVI стагоддзе ў Мінску Катэгорыя:Зніклі ў 1965 годзе