Воўк для Беларусі — абарыгенны від сысуноў, самы буйны прадстаўнік беларускай фаўны сабачых, значны аб’ект навуковых даследванняў і важны культурны сімвал.

Папуляцыя ваўкоў на тэрыторыі Беларусі — донарская, якая падтрымлівае папуляцыю ваўкоў на тэрыторыі заходнееўрапейскіх дзяржаў, пры гэтым поўнач Беларусі бесперашкодна падсілкоўваецца ваўком за кошт Пскоўскай і Наўгародскай абласцей Расіі.

Аптымальнай колькасцю ваўка ў сярэднім для тэрыторыі Беларусі лічыцца папуляцыя ў 2500-3000 асобін.

Гісторыя

Ваўкі з’яўляюцца абарыгенным відам лясоў Еўропы, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. У навуковай супольнасці пакуль няма кансэнсусу па абазначэнні этнічнай прыналежнасці неўраў, згаданых у 4-й кнізе «Гісторыі» Герадота ў V стагоддзі да н.э., няглядзечы на тое, што некаторыя лічаць, што межы іх рассялення захоплівалі тэрыторыю сучаснай Беларусі, але няма сумневаў, што ваўкі жылі на гэтых землях ужо ў тыя часы.

У Беларусі рэшткі касцей ваўкоў знойдзеныя на Бердыжскай стаянцы старажытнага чалавека: у культурных слаях стаянак — косці прыручанага ваўка, або воўкападобнага сабакі.

На ваўкоў палявалі не дзеля мяса, але для паляўнічай доблесці, здабычы каштоўнага футра, а таксама таму, што вялікія зграі ваўкоў здольныя наносіць вялікую шкоду і паляўнічым угоддзям, і сельскай гаспадарцы, і жыццям людзей. Напрыклад, у 1924—1925 гадах ваўкі знішчылі на Беларусі каля 10 тысяч коней і жарабят, 2900 кароў, 9700 свіней, 22100 авечак, 26800 свойскіх птушак і 168 разоў нападалі на чалавека. У сваю чаргу з 1925 па 1980 год было знішчана 80 тысяч ваўкоў, з іх больш 12 тысяч у 1976 — 80 гадах.

Звычайна ваўкі не палююць на людзей, але гэта не тычыцца ваўкоў, хворых на шаленства. Такія асобіны вельмі небяспечныя, і ў Беларусі рэгулярна здараюцца выпадкі масавых інцыдэнтаў з удзелам хворых ваўкоў. Адным з самых вядомых стала так званая «бітва ў Мёрах» 1957 года, калі ад аднаго ваўка пацярпела 25 чалавек, 19 з якіх — цяжка.

У 1984 годзе ў Беларусі ўлічылі каля 2,3 тысячы ваўкоў.

Сучасная папуляцыя

Дакладная колькасць ваўкоў навукоўцам невядомая. Прычынамі з’яўляюцца трансгранічныя міграцыі, ваганні колькасці ваўкоў між сезонамі, дазвол на паляванне без ліцэнзій і іншае. Акрамя гэтага, з-за абмежавання гаспадарчай і іншай дзейнасці на тэрыторыі зоны адчужэння вакол Чарнобыльскай АЭС падлік ваўкоў там значна абцяжараны, але ёсць меркаванне, што іменна там тэрыторыя найбольшага распаўсюджання беларускіх ваўкоў.

На 2010—2020-я гады ў Беларусі існуе нявырашаная дыскусія паміж паляўніцтвазнаўцамі і эколагамі. Першыя лічаць, што папуляцыя ваўкоў у Беларусі празмерная, яны шкодзяць капытным і сельскай гаспадарцы, а таму трэба не толькі дазволіць працягваць вольнае паляванне на ваўкоў, але пашырыць яго. Эколагі прыводзяць дадзеныя даследванняў, што паляванне на ваўкоў станоўча дзейнічае на шкоду гаспадарцы, гэта значыць чым больш ваўкоў заб’юць у бягучым годзе, тым больш задушаных сельскагаспадарчых жывёл у наступным будзе знойдзена. Адной з магчымых прычын называецца тое, што масавае паляванне падвышае стрэс у ваўкоў, з-за чаго яны праз страх менш праводзяць часу побач з забітай ахвярай і не з’ядаюць яе цалкам.

Уліковая статыстыка ставіцца навукоўцамі пад сумнеў, таму што ёсць відавочныя несупадзенні паміж колькасцю ваўкоў, забітых паляўнічымі штогод, і падлікамі колькасці папуляцыі. Акрамя гэтага, пад сумнеў ставяць і дадзеныя па колькасці забітых ваўкоў.

Існуе некалькі ініцыятыў па вывучэнні паводзін ваўкоў у Беларусі з дапамогай электронных ашыйнікаў, але гэта не можа вырашыць праблемы з недакладным улікам іх колькасці.

На 2023 год папуляцыя ваўкоў у Беларусі складала 1908 асобінЧисленность основных видов охотничьих животных по территории Республики Беларусь .

Дынаміка агульнай колькасці

Дынаміка здабычы

Утрыманне ў няволі

Ваўкі жывуць у Гродзенскім, Віцебскім, Жлобінскім і Мінскім заапарках, а таксама ў Магілёўскім заасадзе.

Біялогія

У Беларусі воўк жыве ва ўсіх ландшафтах. Ва ўмовах краіны воўк сілкуецца капытнымі: лось, кабан, алень, казулі, не грэбуе грызунамі і птушкамі, есць таксама ягады і розныя плады. У адрозненне ад некаторых іншых драпежных звяроў ваўкі часта вяртаюцца да недаедзенай стравай рэштках уласнай здабычы, асабліва ў галодны час года. У Беларусі гон ў ваўкоў праходзіць у лютым-сакавіку.

Значэнне для гаспадаркі і чалавека

Шкодзіць паляўнічай і сельскай гаспадарцы, асабліва калі з ім не вядзецца барацьба. Небяспечны як носьбіт узбуджальнікаў шаленства ды гельмінтозаў.

Навуковыя даследаванні ваўкоў у Беларусі

У межах унікальнага для Беларусі даследвання ў супрацоўніцтве з амерыканскімі калегамі вядзецца ацэнка ўзроўня ўздзеяння радыяцыі на ваўкоў на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Нягледзячы на тытульныя мэты даследвання, у ім атрымана шмат ускосных дадзеных пра міграцыі ваўкоў, тэрыторыі зграй і шчыльнасць драпежніка ў Чарнобыльскай зоне.

У Белавежскай пушчы быў запушчаны праект, у якім у рамках Міжнароднай прыродаахоўнай праграмы ў падтрымку запаведнасці, якую падпісалі нацыянальны парк «Белавежская пушча», грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкае заалагічнае таварыства (Германія) вывучаецца папуляцыйная экалогія воўка. У межах праекта восенню 2015 года ў Белавежскай пушчы адмысловымі ашыйнікамі з GPS-перадатчыкамі былі пазначаны пяць ваўкоў. Прылада дасылала SMS-паведамленні пра перамяшчэнні звера і давала навукоўцам важныя дадзеныя: паводле якіх законаў жывуць ваўкі, у чым іх роля ў экалагічнай сістэме лесу і што ў нашыя дні ўяўляе сабой жыццё гэтага драпежніка. Белавежская пушча — першая асабліва ахоўваемая прыродная тэрыторыя Беларусі, дзе для правядзення даследаванняў быў уведзены мараторый на паляванне на воўка. У падтрымку навукоўцы праекта стварылі сеціўны праект «Воўчы блог», дзе публікуюць як навуковыя навіны праекту, так і навукова-папулярныя артыкулы пра ваўкоў, іх паводзіны ды звычкі.

У студзені 2019 года было падпісана грантавае пагадненне паміж Франкфурцкім заалагічным таварыствам і грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) аб рэалізацыі праекта «Палессе — дзікая прырода без межаў: абарона аднаго з найбуйнейшых прыродных ландшафтаў Еўропы». У межах гэтага праекту праводзіцца адлоў ваўкоў і пазначэнне іх GPS-ашыйнікамі, каб сачыць за іх маршрутамі. Даследаванне вядзецца не толькі з мэтай вывучыць жыццё і экалогію ваўкоў, але і для далейшага абмежавання палявання на іх з улікам атрыманых звестак. Праект фінансуецца Аркадыяй — дабрачынным фондам і Палескія ваўкі зноўку дасылаюць вучоным сігналы .

Ахова

У Беларусі воўк не абаронены законам. За забітую жывёлу ў сучаснай Беларусі ўзнагарода не выплачваецца. Паляўнічы пры сустрэчы з ваўком мае права самастойна вырашаць, ці варта паляваць звера. Мараторый на забойства ваўкоў дзейнічае толькі ў некалькіх запаведных зонах, сярод якіх Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Белавежская пушча і Налібоцкая пушча.

Першы план кіравання папуляцыяй ваўка ў Рэспубліцы Беларусь быў распрацаваны навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук і ўхвалены на калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў 2009 годзе. Неабходнасць наяўнасці такога дакумента была выклікана міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у рамках канвенцыі і Бернскай канвенцыі. У адпаведнасці з Канвенцыяй аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (CITES), воўк знаходзіцца ў спісе рэдкіх і знікаючых відаў. Бернская канвенцыі «Аб ахове дзікай флоры і фаўны і прыродных месцаў пражывання ў Еўропе» забараняе масавае паляванне на ваўка. Пры гэтым у 2013 годзе Беларусь далучылася да Бернскай канвенцыі з агаворкай пра тое, што «для Рэспублікі Беларусь неактуальным з’яўляецца строгае захаванне папуляцыі ваўкоў».

У культуры Воўк у беларускай культуры — татэмная жывёла. Культ ваўка ў беларусаў вельмі моцны і дажыў да сёняшніх дзён. Асаблівае стаўленне да ваўкоў адбілася ва ўяўленні, што святы Юр’я — апякун свойскай жывёлы (асабліва коней) і адначасова ваўкоў. Вядомы прымаўкі «Святы Юрай воўчы пастух», «Ад зімовага Юр’я да вясновага Юр’я ваўкам воля» і шэраг іншых. Лічылі, што жывёла здабытая ваўком ужо страчана для гаспадара, нават калі тушу можна было забраць, яе пакідалі ваўкам.

Ваўкі шырока прадстаўлены ў беларускай тапаніміцы. Аднак, часта назвы, якія цяпер звязваюць з ваўкамі, толькі народна этымалагічнае пераасэнсаванне ранейшых назваў, звязаных з волакамі або валокамі.

У літаратуры і фальклоры

Існуе некалькі версій паходжання ваўка паводле беларускага фальклору: па адной яго стварыў чорт з-за зайздрасці дасканаласці божых стварэнняў, па другой — Бог, што стварыў ваўчыныя зграі, каб яны шкодзілі свойскай жывёле, а дзяцей-сірот, якіх не было каму даглядаць, узялі пастухаміСалавей Л. Воўк // Беларуская міфалогія. Энцыклапедычны слоўнік — Мінск: Беларусь, 2011. С. 89—91.7193.

З аднаго боку, воўк выступае негатыўным, жорсткім персанажам: як стварэнне чорта, як антыпод казы ў калядным цыкле. З іншага боку, воўк з’яўляецца прыкладам перамогі, мужнасці і клапатлівасці аб сваім нашчадстве.

У беларусаў існуе павер’е пра тое, што воўк, які перабег дарогу каму-небудзь, прадракае шчасце. Напрыклад, вядома прыказка воўк дарогу перабег, якая выкарыстоўвалася ў значэнні вельмі шанцуе каму-небудзьЛепешаў, I. Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. — Мінск : БелЭн, 2004. — С. 77. — 448 с..

Воўк — традыцыйны герой беларускіх народных казак.

Легенды пра ваўкалакаў — людзей, якія могуць пераўтварацца ў ваўкоў, — шырока распаўсюджаны ў міфалогіі беларусаў і розныя іх версіі шырока зафіксаваны этнографамі па ўсёй тэрыторыі этнічнага рассялення.

Паводле «Слова пра паход Ігараў», полацкі князь Усяслаў Чарадзей «людемъ судяше, княземъ грады рядяше, а самъ въ ночъ влъкомъ рыскаше; изъ Кыева дорыскаше до куръ Тмутороканя, великому Хръсови влъкомъ путь прерыскаше»«Слова пра паход Ігараў» Мінск, 1986. — С. 32..

Некаторыя творы рамантыкаў прадстаўляюць пазітыўны вобраз «дзікага» ваўка. Адам Міцкевіч узгадваў легенду пра , які явіўся ў сне князю Гедзіміну і пазначыў месца заснавання будучай Вільні.

Папулярны ў беларускай літаратуры вобраз «лірычнага» ваўкалака стварыў паэт П. Багрым:

Вобраз ваўкалака ёсць у паэзіі А. Абуховіча («Чараўніца ўракла — // Быў я колісь ваўкалакам»), Янкі Купалы («Ваўкалак»Купала Я. 36. тв. У 7 т. Т. 3. — Мінск, 1973. — С. 7—8), у сучаснай беларускай прозе (аповесць А. Наварыча «Ваўкалак»).

У геральдыцы і баністыцы

У філатэліі

Літаратура

Кучмель С. В. «Волк»/ Звери: Популярный энциклопедический справочник (Животный мир Беларуси). Минск, 2003. С.102-107 Волк / В. Ф. Дунин, Н. Н. Воронецкий, В. С. Пискунов и др. ; Пол. гос. радиац.-экол. заповедник. — Мозырь : ИД «Белый ветер», 2002. — 92, с. ; 21 см. — (Природа Полесского заповедника). — Библиогр.: с. 79-83 (86 назв.). — 83 экз. — ISBN 985-447-299-X (в пер.) : Б.ц. Волк : Природа Полес.заповедника / Под ред. Пикулика М. М.; Полес.гос.радиац.-экол.заповедник (ПГРЭЗ). — Мозырь : ООО ИД «Белый Ветер», 2002. — 93, с. : ил. — Авт.указаны на обороте тит.л. — Библиогр.:с.79-83. — ISBN 985-447-299-X

Спасылкі

ВОЛК (Canis lupus) О современном состоянии популяции волка на территории Республики Беларусь Популяцию волка в Беларуси намерены регулировать гуманными методами Особо опасный вид. Что происходит с популяцией волка в Беларуси «Когда слышат про 300 волков — сразу хватаются за ружья». Ученые и охотники спорят из-за хищника ВОЛК НА РУБЕЖАХ ИСТОРИИ Ресурсы охотничьей фаўны Ресурсы охотничьей фаўны 2015

Катэгорыя:Сабачыя Катэгорыя:Млекакормячыя Беларусі