Марыя Станке́віч, па нараджэнні Но́вакава (; , Чэскі-Брод, Аўстра-Венгрыя — ) — беларуская грамадская дзяячка чэшскага паходжання. Жонка Яна Станкевіча.
Біяграфія Нарадзілася ў 1900 годзе ў Аўстра-Венгрыі.
Скончыла Каледж Васара ў Нью-Ёрку ў 1922 годзе, потым Карлаў універсітэт у Празе. Недзе тым самым часам пабралася шлюбам з Янам Станкевічам, які таксама вучыўся ў Празе. У 1926 годзе разам з мужам пераехала ў Вільню.
У часе Другой сусветнай вайны за нямецкай акупацыяй у 1941—1945 гадах разам з сынамі жыла ў Празе, пазней у лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Брала ўдзел у працы розных беларускіх арганізацый, выкладала ў беларускай гімназіі імя Янкі Купалы.
У 1949 годзе з сям’ёй пераехала ў ЗША. Была сябрам Беларуска-Амерыканскага задзіночання, некаторы час была кіраўніцай жаночай секцыі арганізацыі. Аўтарка кнігі «Вялікалітоўская кухарка» (Нью-Ёрк, 1959, англамоўнае выданне «Greatlithuanian (Byelorussian) Cookbook» — Нью-Ёрк, 1972).
Паводле надпісу на помніку, памерла 11 мая 1983 года, гісторык Наталля Гардзіенка дае дату 5 мая 1983 года. Пахавана ў Іст-Брансуіку на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ.
Сям’я Жонка Яна Станкевіча, маці Вячкі, Богуша і Юркі Станкевічаў.
Крыніцы
Літаратура Наталля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч. Рада БНР (1947—1970): Падзеі. Дакументы. Асобы. — Мн.: Кнігазбор, 2013. ISBN 978-985-7089-07-9.
Катэгорыя:Постаці беларускай эміграцыі Катэгорыя:Беларусы ў ЗША Катэгорыя:Нарадзіліся ў раёне Колін