Хрыбет Пятра́ Пе́ршага — горны хрыбет у Таджыкістане, на Заходнім Паміры, паміж рэкамі Сурхоб і Абіхінгоў (басейн Амудар’і).
Даўжыня хрыбта складае каля 200 км. Адыходзіць на захад ад хрыбта Акадэміі Навук у раёне піка Ісмаіла Самані, дзе знаходзіцца Памірскае фірнавае плато.
Сярэдняя вышыня на захадзе 4300 м, на ўсходзе да 6000 м. Найвышэйшы пункт — 6785 м (пік Масква).
Хрыбет Пятра Першага складзены (за выключэннем усходняга адрэзка) мезакайназойскімі пародамі, пераважна з пясчанікаў і кангламератаў. Яго паўночны схіл мае чатыры ступені паверхней выраўноўвання, на якіх у многіх участках выражаны карставыя працэсы (у мезазойскіх вапняках і гіпсах).
Рэльеф высакагорны, з глыбокімі цяснінамі і скалістымі зубчастымі вяршынямі. Праяўляецца сейсмічная актыўнасць. Ва ўсходняй частцы хрыбта — магутны цэнтр зледзянення, шмат ледавікоў (Сагран, Гандо і інш.).
На схілах — участкі горных арэхавых і кляновых лясоў, якія змяняюцца арчовым рэдкалессем, вышэй — альпійскія лугі.
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Горныя хрыбты Таджыкістана Катэгорыя:Горныя хрыбты Паміра