Максі́м Алякса́ндравіч Знак (нар. , Мінск) — беларускі юрыст, адвакат і палітык, сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады першага склікання. Паэт, бард і музыкант.

Біяграфія

Раннія гады. Юрыдычная дзейнасць У 2004 годзе скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля гэтага скончыў аспірантуру. У 2007 годзе заснаваў юрыдычную фірму «ЮрЗнак». У 2006 годзе, пасля пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, адбыў 14 сутак арышту ў Жодзіне. У 2009 годзе абараніў навуковую дысертацыю на тэму «Дыспазітыўнасць дагаворнай адказнасці ў грамадзянскім праве», яму была нададзеная навуковая ступень кандыдата юрыдычных навук.

У 2013—2015 гадах вучыўся ў Бізнес-школе ІПМ. У варшаўскім Універсітэце Казьмінскага (Польшча) атрымаў ступень магістра бізнес-адміністравання. З 2011 года дацэнт юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе вёў курс «Гаспадарчае права» ў МВА Інстытута бізнесу БДУ.

Выбары 2020 года. Зняволенне У часе прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года стаў юрыстам у штабе кандыдата Віктара Бабарыкі. 14 ліпеня 2020 года ЦВК Беларусі адмовіла Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі, Максім Знак падаў скаргу на адмову ў рэгістрацыі кандыдата, аднак Вярхоўны суд адмовіў у скарзе. Таксама прадстаўляў інтарэсы Святланы Ціханоўскай і Марыі Калеснікавай.

Пасля выбараў і пачатку масавых пратэстаў, 15 жніўня пачалося фармаванне Каардынацыйнай Рады па арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу, дзе Максім Знак разам з Вольгай Кавальковай прымаў заяўкі на ўступленне, а 18 жніўня ўвайшоў у асноўны склад Рады. 19 жніўня на першым пасяджэнні Каардынацыйнай рады быў абраны ў яе прэзідыум, куды агулам увайшло 7 чалавек.

20 жніўня быў выкліканы ў Следчы камітэт Беларусі для допыту ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай супраць Каардынацыйнай рады. 26 жніўня суправаджаў Святлану Алексіевіч на допыце ў Следчым камітэце, яна адмовілася даваць паказанні і была адпушчаная. 31 жніўня абвясціў, што Каардынацыйная рада гатовая да дыялогу з прадстаўнікамі ўлады Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку наконт канстытуцыйнай рэформы.

Уначы 8 верасня Знак перастаў выходзіць на сувязь, пасля чаго 9 верасня ягоны адвакат Дзмітрый Лаеўскі заявіў, што Знака паўторна выклікалі на допыт у Следчы камітэт. У той жа дзень стала вядома, што Знак стаў фігурантам крымінальнай справы пра магчымы «захоп улады» ў Беларусі, яго абвінавацілі ў «публічных закліках да захопу ўлады альбо сілавой змены канстытуцыйнага ладу краіны». Знак быў узяты пад варту, яму было прад’яўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361 КК Беларусі (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

10 верасня 2020 года сумеснай заявай дванаццаці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр, быў прызнаны палітычным зняволеным. 11 верасня 2020 года «Amnesty International» прызнала Знака вязнем сумлення. 14 верасня 2020 года шэфства над палітвязнем узяў Сяргей Лагадзінскі, дэпутат Еўрапейскага парламента.

Судовае разбіральніцтва пачалося 4 жніўня 2021 года. Крымінальная справа разглядалася ў закрытым судовым пасяджэнні, публічна была абвешчана толькі рэзалютыўная частка прысуду. 6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд прызнаў Максіма Знака вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, і прысудзіў да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраванні такім фарміраваннем, публічных закліках да захопу дзяржаўнай уладыМарыю Калеснікаву прысудзілі да 11 гадоў, Максіма Знака — да 10 гадоў калоніі , Звязда.

У канцы 2021 года этапіраваны ў папраўчую калонію № 3 (Віцьба).

У 2022 годзе Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях прызнала зняволенне Знака парушэннем міжнародных нормаў і адвольным. 23 сакавіка 2022 года яго ўключылі ў «спіс экстрэмістаў», а 24 мая 2022 года — у спіс «тэрарыстаў» КДБ. З 9 лютага 2023 года Максім Знак знаходзіўся ў статусе «інкамунікада» — быў цалкам пазбаўлены сувязі са вонкавым светам, што прызнаецца гвалтоўным знікненнем. Усе адвакаты, якія яго абаранялі, былі пазбаўленыя ліцэнзій.

Пасля вызвалення ў 2025 годзе 13 снежня 2025 года з групай 123 палітычных зняволеных вызвалены ў выніку сустрэчы Аляксандра Лукашэнка з прадстаўніком Дональда Трампа Джонам Коўлам, прымусова дэпартаваны на тэрыторыю Украіны.

Сям’я Жонка — Надзея Знак, адвакатка. Сын Алесь.

Прэміі і ўзнагароды

Прэмія за ўнёсак у абарону правоў чалавека (2021) Адзін з чатырох беларускіх юрыстаў уганараваных прэміяй «За абарону правоў чалавека-2021» Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцей Еўропы. Адзін з лаўрэатаў французска-нямецкай прэміі ў галіне правоў чалавека 2022 годаhttps://www.auswaertiges-amt.de/en/aussenpolitik/themen/menschenrechte/franco-german-prize/2501086. Прэмія імя Алеся Адамовіча (2022) — за чалавечую годнасць і творчасць у нечалавечых умовах. Кароткі спіс 2024 года Прэміі «Парушэнне спакою» (Disturbing the Peace) ад Цэнтра Вацлава Гавэла. Прэмія 2005 года «Парушэнне спакою» (Disturbing the Peace) ад Цэнтра Вацлава Гавела.

Літаратурная і творчая дзейнасць Лаўрэат прэміі імя Францішка Аляхновіча (2021) за цыкл турэмных вершаў. Станам на сакавік 2026 года, ганаровы сябра Шведскага, Нарвежскага, Дацкага і Фінскага ПЭНаў.

У 2022 годзе выйшла кніга паэзіі і прозы «Зэкамерон» на рускай, беларускай і нямецкай мовах. У 2023 годзе яна выйшла на англійскай і шведскай мовах, у 2025 годзе — на дацкай. Англійскі пераклад, зроблены Элай і Джымам Дынглі, атрымаў прэмію English PEN Translates award (2023)PEN Translates winners announced // English PEN, 31.01.2023. і ўвайшоў у кароткі спіс прэміі The Republic of Consciousness Prize (2024).

Таксама Максім Знак вядомы як бард і музыкант. Піша песні з юнацтва, пасля 2017 года запісаў 4 альбомы: «Казкі», «Гарады», «Ветразь», «Мора».

Аўтар песень «Годнасць ды воля» (2020), «Бульба» (напісана ў СІЗА), «Лятучы галандзец» (выканана Лявонам Вольскім) і «Знакі» (музыка Ганны Шаркуновай).

Пераможца фестывалю «Купалаўскія вакацыі» (2010). Лаўрэат фестывалю «Бардаўская восень» (2018).

Бібліяграфія

М. Знак. Зекамерон. — Москва: Время, 2022. ISBN 978-5-9691-2295-6. (руская мова) М. Знак. Зэкамерон. — Беласток, 2022. ISBN 978-836-74-7101-5 (беларуская мова) M. Znak. The Zekameron. — Edinburgh: Scotland Street Press, 2023. ISBN 9781910895757 (англійская мова) M. Znak. Zekamerone: Geschichten aus dem Gefängnis. — Berlin: Suhrkamp Verlag, 2023. ISBN 978-3-518-12804-6. (нямецкая мова) M. Znak. Zekamerone. — Stockholm: Ersatz, 2023. ISBN 978-91-88913-71-5. (шведская мова) М. Знак. Зэкамерон. Вершы. Гутаркі. — Варшава: Полацкія лабірынты, 2024. ISBN 978-83-965621-3-5 (беларуская мова) M. Znak. Zekameron. — København: Forlaget Underskoven, 2025. ISBN 978-87-943498-1-9. (дацкая мова)

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення арганізацыяй Amnesty International у Беларусі Катэгорыя:Юрысты Беларусі Катэгорыя:Палітвязні Беларусі Катэгорыя:Члены Каардынацыйнай рады Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна»