Ордэн Стужкі (la Orden de la Banda) — кастыльскі рыцарскі Ордэн і яго інсігніі.
Створаны як рыцарская карпарацыя ў 1330 годзе кастыльска-леонскім каралём Альфонса XI (1312—1350), у адрозненне ад ранейшых манаскіх Калатравы і Алькантары, ад пачатку быў свецкі, хоць і створаны на ўзор рэлігійных. Кавалерамі былі ідальга абавязаныя служыць каралю, збірацца на яго заклік, стала практыкавацца са зброяй (браць удзел у турнірах і баявых дзеяннях). Магчыма, Ордэн ствараўся каралём як апора ў супрацьстаянні з буйнымі феадаламі. Пасля смерці Альфонса XI (1350) паступова занепадае, а пасля смерці яго сына Педра I Жорсткага (1369) існаванне Ордэна Стужкі было намінальным да валадарства Хуана II (1406—1454) і яго сына Энрыке IV (1454—1474).
Пры Альфонса XI і Педра I кавалерамі Ордэна Стужкі маглі быць выключна васалы караля. Інсігніі ўяўлялі сабой мантыю ці накідку (узору ранняга паліума або фелоні) часта аздабляную шлякам, у т.л. з футра, паверх якой насілі стужку. Ад пачатку кавалеры мусілі насіць адзежу са стужкамі (paños con banda), якую кароль даваў ім штогод і сам насіў падобную. Тым часам, адзежы — футраныя тунікі (pellotes) або іншыя віды накідак (vestiduras) — былі белыя, а стужкі чорныя. Накідка зашпілялася каля шыі двума матузкамі або ланцужкамі. Стужка была шырынёю ад двух пальцаў (5-6 см) да далоні (10-11 см), яе насілі паверх накідкі наўскось грудзей ад левага пляча да падолу (falda), адпаведна ішла яна і па спіне ад падолу ўверх да левага пляча. Пазней, яшчэ пры каралю Альфонса XI і потым пры Педра I, адзежы сталі чырвонымі, а стужкі — залатымі.
Кароль Хуан II (1406—1454) адрадзіў узнагароджанне інсігніямі Ордэна, які да XV ст. напэўна ўжо не існаваў як карпарацыя. Каралі Хуан II і потым Энрыке IV (1454—1474), актыўна надавалі Ордэн Стужкі, а таксама створаны Хуанам II Ордэн Лускі і іншыя інсігніі, іншаземным рыцарам, каб узмацніць свой міжнародным аўтарытэт і прыцягнуць на свой бок сілы ў трывалай цягам XV ст. барацьбе паміж пірэнейскімі дзяржавамі. У XV—XVI ст. Ордэн Стужкі быў вядомы у Польшчы і Літве як «стрыхъ ушпаньский» (strich wspanski), бо польскія і вялікалітоўскія рыцары, як нямецкія, чэшскія і венгерскія, з 2-й паловы XIV ст. і найболей у XV ст. наведвалі іспанскія землі для ўдзелу ў розных ваенных аперацыях (кастыльскіх — супраць Гранады, партугальскіх — у Паўночную Афрыку), а таксама для паломніцтва ў Сант’яга-дэ-Кампастэла.
Інсігніі Ордэна Стужкі, якія атрымаў у 1469 годзе пан Солтан Аляксандравіч, у 1516 годзе апісваюцца як «на двухъ качалехъ стрыхъ Ушпаньский перловый, со шлягомъ трясенымъ, уроблено в него чотыри гривенки перелъ, а за пять копъ шлягу». У гэтым выпадку «дзве качалі» — два матузкі ці ланцужкі, «шляг» — шляк, напэўна, з футра на час апісання ўжо трэсенага, колішнім коштам 5 коп (300) грошаў, напэўна, літоўскіх, накідка або стужка была ўпрыгожана пярлінамі агульнай вагой 4 грывенкамі, што роўна 800—820 грамам, залежна ад тыпу грывенкі.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Кастылія і Леон Катэгорыя:Рыцарскія ордэны