Хрысціна Аляксееўна Лялько (, в. Хадзюкі, ) — беларуская пісьменніца, перакладчыца і журналістка.

Біяграфія Скончыла Тарноўскую сярэднюю школу (1973) і філалагічны факультэт БДУ (1979). Працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Беларусь». Галоўны рэдактар каталіцкіх часопісаў «Наша Вера» і «Ave Maria».

18 cнежня 2012 года ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены, у прысутнасці Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці уручыў Хрысціне Лялько папскі медаль «Bene merenti» — «Асабліва заслужаным» — за вялікі ўклад у адраджэнне Касцёла ў нашай краіне.

Творчасць

Першыя вершы апублікавала ў 1971 годзе ў лідскай газеце «Уперад». Аўтар кніг прозы «Дарога пад гару», «Світанак над бярозамі» і кніг паэзіі «На далонях любові», «Адвячорак». У перакладзе на рускую мову выйшлі кнігі прозы пісьменніцы «Белые Броды» і «Канвалии». Асобныя яе творы перакладзены на літоўскую, польскую і славенскую мовы. У апрацоўцы Х. Лялько выйшаў зборнік беларускіх народных казак «Хітрэй свету не будзеш».

Хрысціна Лялько пераклала на беларускую мову нарыс Уладзіслава Сыракомлі «Мінск», кнігі Папы Яна Паўла II «Пераступіць парог надзеі», «Дар і Таямніца», «Устаньце, хадзем!», «Памяць і самасвядомасць», энцыклікі «Fides et ratio», «Ecclesia de Eucharistia», Апостальскі ліст пра Ружанец «Rosarium Virginis Mariae», «Дзённік» святой Фаўстыны Кавальскай, творы Яна Твардоўскага, а таксама тэалагічныя і паэтычныя творы іншых польскіх аўтараў.

Бібліяграфія Дарога пад гару. Апавяданьні / Хрысціна Лялько. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1985. — 151 с. Белые броды / Христина Лялько. — Москва: Молодая гвардия, 1986 г. Світанак над бярозамі / Хрысціна Лялько. — Мінск: Юнацтва, 1989. — 223 с., 4 л.іл. ISBN 6-7880-0065-3 Канвалии / Христина Лялько. — Мінск: Юнацтва, 1993 г. — 237 с. ISBN 5-7880-0710-0 На далонях любові / Хрысціна Лялько — Мінск: Канфіда, 2006. — 153 с. ISBN 985-6777-02-Х. Адвячорак / Хрысціна Лялько — Мінск: Про Хрысто, 2016. — 216 с. ISBN 978-985-7074-43-3

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Пісьменніцы Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі