Міхаіл Сымонавіч (Міхась) Калінін (, г. Люцын, Віцебская губерня — беларускі мастак, педагог, культурны і грамадскі дзеяч дыяспары ў міжваеннай Латвіі.

Біяграфія Раннія гады і адукацыя Нарадзіўся 27 верасня 1905 года ў горадзе Люцын Віцебскай губерні (цяпер Лудза, Латвія) як пазашлюбны сын Яўгеніі Паньковай, сялянкі вёскі Нова-Пашына Рунданскай воласці. Праз тры месяцы пасля яго нараджэння, 8 студзеня 1906 года, Яўгенія выйшла замуж за Сымона Мікіціча Калініна, селяніна вёскі Чэнчава Міхайлаўскай воласці, які ўсынавіў МіхасяLVVA. 232.5.48, л. 251 адв.; Тамсама. 232.5.142, л. 29 адв.. З'яўляўся сваяком (імаверна, стрыечным братам) беларускага дзеяча Міколы Панькова.

У 1922—1925 гадах вучыўся ў Люцынскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, а пасля яе закрыцця быў пераведзены ў Дзвінскую дзяржаўную беларускую гімназію, якую паспяхова скончыў у 1926 годзе разам з будучым мастаком Пятром Мірановічам і дзеячам Пятром Журкоўскім. У гімназіях па-сапраўднаму раскрыўся яго мастацкі талент: ён уваходзіў у склад рэдкалегіі вучнёўскага часопіса «Ластаўка» (1923—1924), а потым быў мастаком-ілюстратарам выдання «Школьная праца» (1926).

У 1926 годзе Міхась Калінін, нягледзячы на высокія патрабаванні да ведання латышскай мовы і фінансавыя цяжкасці, разам са сваімі аднакласнікамі Пятром Мірановічам і Лявонам Тамашыцкім стаў студэнтам Латвійскай акадэміі мастацтваў. Аднак з-за адсутнасці матэрыяльных сродкаў ён змог правучыцца там толькі два гады. Стыпендыяльны фонд Беларускага аддзела неаднаразова выдзяляў яму грашовую дапамогу (напрыклад, 200 латаў), якую ён павінен быў паступова вяртаць, але гэтага аказалася недастаткова для працягу навучання. Каб атрымаць прафесію, у 1931 годзе ён скончыў Беларускія настаўніцкія курсы ў Рызе і ў 1931—1934 гадах працаваў настаўнікам 1-й Рыжскай беларускай асноўнай школы на Маскоўскім Фарштаце.

Грамадская і тэатральная дзейнасць Міхась Калінін з’яўляўся адным з найбольш актыўных удзельнікаў беларускага культурна-асветніцкага і моладзевага руху ў Латвіі. 25 красавіка 1928 года ён стаў сузаснавальнікам і сябрам першай управы Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі (ТБМЛ). У 1932 годзе ўвайшоў у спартыўную секцыю ТБМЛ, дзе стаў адным з арганізатараў дзвюх футбольных каманд. Уваходзіў таксама ў склад таварыстваў «Бацькаўшчына», «Таварыства беларускіх вучыцялёў» і Таварыства па культурных сувязях з народамі Усходу, заснаванага Янісам Райнісам.

Асабліва значным быў яго ўклад у тэатральнае жыццё. З'яўляўся актыўным сябрам Таварыства беларускага тэатра ў Латвіі (ТБТЛ). Калінін працаваў мастаком-дэкаратарам, памочнікам рэжысёра і акцёрам у Рыжскім беларускім народным тэатры. Удзельнічаў у шматлікіх пастаноўках, у тым ліку ў спектаклі паводле п'есы Янкі Купалы «Паўлінка» (1931). Ствараў уласнымі рукамі дэкарацыі да спектакляў яшчэ з часоў навучання ў Дзвінскай гімназіі. У пачатку 1930-х гадоў ён неаднаразова атрымліваў вымовы ад кіраўніцтва тэатра (у прыватнасці ад рэжысёра Язэпа Камаржынскага) за нерэгулярнае наведванне рэпетыцый.

Творчасць Творчая спадчына Міхася Калініна ўключае шматлікія малюнкі, акварэлі і карціны алеем. Сярод іх найбольш дасканалымі лічацца краявіды роднага прыдзвінскага краю і партрэт грамадскага дзеяча Уладзіміра Пігулеўскага. Ягоныя працы захоўваюцца ў Рызе ў дачкі Святланы, а таксама ў прыватных зборах на тэрыторыі Беларусі і Латвіі.

Падчас Другой сусветнай вайны, у 1944—1945 гадах, напісаў «Дзённік салдата». Гэты твор уяўляе сабой разгорнутае мастацкае палатно, якое сакавіта і вобразна апісвае штодзённае жыццё савецкіх штабістаў. Аднак з-за страху перад рэпрэсіямі і самацэнзуры на старонках дзённіка Калінін амаль цалкам замоўчваў свой міжваенны перыяд і не згадваў сяброў па беларускай культурнай працы ў Латвіі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Мастакі Латвіі Катэгорыя:Выпускнікі Латвійскай акадэміі мастацтваў Катэгорыя:Выпускнікі Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі Катэгорыя:Настаўнікі Латвіі Катэгорыя:Тэатральныя дзеячы Латвіі Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі Катэгорыя:Удзельнікі Другой сусветнай вайны