Анатоль Віктаравіч Кудзельскі () — беларускі вучоны ў галіне рэгіянальнай геалогіі і гідрагеалогіі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996), доктар геолага-мінералагічных навук (1978), прафесар (1987).

Біяграфія Скончыў Днепрапятроўскі горны інстытут (1958).

З 1968 года — старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі геахімічных праблем АН БССР, з 1971 года — вучоны сакратар Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР. У 1974—1991 гадах загадчык лабараторыі Інстытута геалагічных навук АН БССР. У 1992—1993 гадах — намеснік дырэктара па навуцы Беларускага навукова-даследчага цэнтра «Экалогія» Дзяржкамітэта Рэспублікі Беларусь па экалогіі, адначасова галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута геалагічных навук АН Беларусі. З 1993 года — загадчык лабараторыі Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2008 года загадчык лабараторыі Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Навуковая дзейнасць Навуковыя даследаванні ў галіне геалогіі і гідрагеалогіі. Выканаў даследаванні па высокатэмпературным літагенезу ападкавых утварэнняў нафтагазаносных басейнаў, праблеме геалагічнага кантролю размяшчэння карысных выкапняў, газаваму і цеплавому рэжымам геалагічных структур зямной кары. Распрацаваў канцэпцыю энергетычнага і матэрыяльнага балансу ападкава-пародных басейнаў у працэсах высокатэмпературнага літагенезу, якая склала тэарэтычную аснову вучэння аб геафлюідадынамікі, паходжанні і размяшчэнні радовішчаў гідрагенных карысных выкапняў, у тым ліку гаручых. Адзін з заснавальнікаў сучаснай тэорыі нафтагазаўтварэння. Выканаў фундаментальныя даследаванні газавага рэжыму і геахіміі падземных водаў і расолаў Прыпяцкага нафтагазаноснага басейна. Упершыню паставіў пытанне аб перспектывах выкарыстання расолаў ў якасці крыніцы атрымання ёду, брому, рэдкіх і рассеяных элементаў. Аўтар канцэптуальна-імавернасных мадэляў размяшчэння і пошукаў у зямной кары радовішчаў вуглевадародаў, ёдных прамысловых вод і расолаў з выкарыстаннем структурна-геалагічных, гідрагеахімічных і цеплавых крытэрыяў. Унёс уклад у распрацоўку праблем міграцыі радыенуклідаў Чарнобыльскага паходжання ў глебавым субстраце і прыродных водах забруджаных тэрыторый Беларусі, стварыў геолага-гідрагеалагічную канцэпцыю падземнага пахавання радыеактыўных адходаў.

Аўтар каля 400 навуковых прац, у т. л. 20 манаграфій.

Узнагароды Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (1998, у сааўтарстве) — за працу «Адкрыццё і народагаспадарчае выкарыстанне радовішчаў мінеральных вод у Рэспубліцы Беларусь (навуковыя даследаванні, пошукава-разведачныя працы, медыка-бальнеалагічнае і пітнае асваенне». Прэмія Сібірскага аддзялення РАН і НАН Беларусі імя акадэміка В. А. Капцюга (2004).

Бібліяграфія Образование и миграция нефти (термобарические аспекты). — Мн.: Вышэйшая школа, 1974 (сумесна з К. І. Лукашовым). Гидрогеология и рассолы Припятского нефтегазоносного бассейна. — Мн.: Наука и техника, 1985 (сумесна з В. М. Шимановичем, А. А. Махначом). Минеральные воды Беларуси. — Мн., 1994 (сумесна з М. Г. Ясавеевым). Геофлюидодинамика и нефтегазообразование. — Мн., 1997 (сумесна з Р. Г. Гарэцкім, Р. Я. Айзбергам). Подземные воды Беларуси. — Мн.: Ин-т геолог.наук НАН Беларуси, 1998 (сумесна з В. І. Пашкевічам, М. Г. Ясавеевым). Современные проблемы гидрогеологии и геоэкологии: избр. тр. — Мн.: Технопринт, 2005.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Анатоль Віктаравіч Кудзельскі ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Катэгорыя:Геолагі СССР Катэгорыя:Геолагі Беларусі