Усевалад Міхайлавіч Рэ́знікаў (;  — ) — вучоны ў галіне арганічнай хіміі, доктар хімічных навук (1972), прафесар (1972). Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР.

Біяграфія Нарадзіўся ў Харкаве. Скончыў сярэднюю школу і ў 1941 годзе Харкаўскі хіміка-тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці «Тэхналогія арганічных фарбавальнікаў»Всеволод Михайлович Резников — Учёный и Педагог. У ліпені 1941 года быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію і накіраваны на курсы тэхнікаў Артылерыйскай акадэміі імя Ф. Э. Дзяржынскага. Пасля вучобы праходзіў службу на артылерыйскай базе Уральскай чыгункі, ваенным заводзе ў горадзе Каўроў, а ў канцы 1942 года, па асабістай просьбе, накіраваны ў дзеючую армію. Удзельнік баявых дзеянняў у складзе 1319-га стралковага палка 185-й стралковай дывізіі (47-я армія, 1-ы Беларускі фронт)Резников Всеволод Михайлович // Праект Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі «Память народа». Прайшоў шлях да Берліна. Інжынер-капітан. Дэмабілізаваны 3 мая 1946 года, вярнуўся ў Харкаўскі хіміка-тэхналагічны інстытут і працаваў у ім навуковым супрацоўнікам, потым асістэнтам на кафедры арганічнай хіміі, дзе ў 1954 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.

У 1955 годзе У. М. Рэзнікаў быў абраны на пасаду дацэнта Сібірскага тэхналагічнага інстытута ў Краснаярску і ў 1956—1962 гадах займаў пасаду загадчыка кафедры тэхналогіі драўніны. У 1962 годзе ён пераязджае ў Мінск і ўзначальвае аналітычную лабараторыю ў Інстытуце торфу Акадэміі навук БССР. У 1963—1994 гадах У. М. Рэзнікаў працуе ў Беларускім тэхналагічным інстытуце імя С. М. Кірава. У 1963—1964 гадах загадчык кафедры тэхналогіі драўніны, у 1964—1989 гадах — загадчык кафедры арганічнай хіміі, з 1989 годая — прафесар. У 1975—1981 гадах выконваў абавязкі дэкана факультэта тэхналогіі арганічных рэчываў.

Навуковая дзейнасць Асноўныя навуковыя працы У. М. Рэзнікава ў галіне тэхналогіі лігніну, вывучэння працэсаў дэлігніфікацыі, хіміі драўніны і працэсаў хімічнай яе перапрацоўкі. Даследаваў хімічную будову і рэакцыйную здольнасць лігніну розных раслін, водарасцей і парод дрэў. Прапанаваў новую тэорыю паходжання лігніну. Займаўся пытаннямі ўдасканалення спосабаў атрымання цэлюлозы. Сааўтар шэрагу патэнтаў.

Сярод апублікаванага: Теория перколяционного гидролиза растительного сырья. — М., 1964; Методическое руководство и малый практикум по органической химии / В. М. Резников, М. Н. Широкова; БТИ. — Мн.: Вышэйшая школа, 1965. Превращения лигнина в нуклеофильных реакциях. — Мн., 1970; Реакционная способность лигнина. — М., 1976 (разам з Н. М. Шарыгінай, У. В. Елкіным).

Узнагароды і званні 2 ордэны Чырвонай Зоркі (1944, 1945) Ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені (1985) Медаль «За ўзяцце Берліна» Медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» Медаль «За працоўную доблесць» Медаль «За працоўную адзнаку» Медаль «Ветэран працы» Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР Ганаровыя граматы Міністэрства вышэйшай адукацыі БССР і Беларускага тэхналагічнага інстытута 6 знакаў «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва» і знак «Ударнік 10-й пяцігодкі» Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР

Літаратура

Матусевич, Л. Г. Всеволод Михайлович Резников и его научное наследие / Л. Г. Матусевич, А. Д. Алексеев. — Мн.: Четыре четверти, 2018. — 152с.: ил. — ISBN 978-985-581-203-7.

Спасылкі Всеволод Михайлович Резников — Учёный и Педагог / Л. Г. Матусевич [и др.] // Химия и химическая технология переработки растительного сырья: материалы докладов Международной научно-технической конференции, посвященной 100-летию со Дня рождения проф. В. М. Резникова, 10—12 октября 2018 г. / редкол.: И. В. Войтов (гл. ред.) [и др.]. — Мн.: БГТУ, 2018. — С. 5—9. Резников Всеволод Михайлович // Музейный комплекс «Дорога памяти» Резников Всеволод Михайлович // Праект Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі «Память народа» Банк патентов РФ на изобретения и промышленные образцы ФИПС Роспатента Всеволод Михайлович Резников // Сайт БДТУ

Катэгорыя:Хімікі СССР Катэгорыя:Хімікі Беларусі Катэгорыя:Хімікі XX стагоддзя Катэгорыя:Заслужаныя работнікі вышэйшай школы БССР Катэгорыя:Афіцэры СССР Катэгорыя:Артылерысты Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Выкладчыкі Сібірскага тэхналагічнага ўніверсітэта

Катэгорыя:Дэканы факультэта тэхналогіі арганічных рэчываў БДТУ