«Вясна гола перапала» (у некаторых выданнях «Вясна, голад, перапала») — беларускі ананімны верш XIX ст.

Знойдзены ў архіве В. Дуніна-Марцінкевіча, перапісаны яго рукой, але, відаць, аўтарства яму не належыць.

Упершыню апублікаваны ў брашуры М. Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма „Тарас на Парнасе“» (Віцебск, 1896 год), іншы варыянт — у брашуры Е. Раманава «„Тарас на Парнасе“ і іншыя беларускія вершы» (Магілёў, 1900).

Напісаны, верагодна, напярэдадні сялянскай рэформы 1861 года, бо выяўляе настроі беларускага сялянства перад адменай прыгону. Прасякнуты пафасам крытыкі прыгонніцтва, панства; разам з тым у ім выразна відаць абмежаванасць сялянскіх уяўленняў аб справядлівасці і свабодзе, якія нібыта можна атрымаць ад цара. Твор кампазіцыйна зладжаны, просты, матывамі блізкі да народнай паэзіі. Мова яго багатая фразеалагізмамі. Напісаны 4-стопным харэем, гучыць лёгка, свабодна.

Аўтар піша пра вясну, калі амаль не засталося ежы людзям і корма быдлу, але градацыя настрою пазітыўная, бо ён спадзяецца на наданне неўзабаве агульнай свабоды ад прыгону, тады і «холад, голад ніпачом!», абы толькі стаць вольнымі. Нястачы адыходзяць на другі план перад праблемай няволі і яе магчымым вырашэннем.

Літаратура

Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя. Хрэстаматыя: 2-е выданне, перапрацаванае і дапоўненае, складальнікі і аўтары каментарыяў А. А. Лойка, В. П. Рагойша. — Мн.: Выш. шк., 1988. — ISBN 5-339-00060-5. Гісторыя беларускай літаратуры ХІХ — пачатак ХХ ст. Выданне 2-е, дапрацаванае. Пад агульнай рэдакцыяй акадэміка АН Беларусі М. А. Лазарука і прафесара А. А. Семяновіча. — Мн.: Выш.шк., 1998. — ISBN 985-06-0304-6.

Катэгорыя:Вершы на беларускай мове Катэгорыя:Ананімныя творы Катэгорыя:Беларуская літаратура XIX стагоддзя