Га́нна Сцяпа́наўна Душэ́ўская (; , Глыбокае — , Каўнас) — беларуская пісьменніца, паэтэса, музыкант, мовазнавец і перакладніца. Родная сястра беларускага і літоўскага грамадска-палітычнага дзеяча, дыпламата і архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага.

Біяграфія Ганна Душэўская нарадзілася 1 (13) снежня 1893 года ў мястэчку Глыбокае Дзісенскага павета Віленскай губерні ў сям’і збяднелага шляхціца, будаўніка Сцяпана Душэўскага і яго жонкі Евы (памерла ў 1930 годзе). Апроч Клаўдзія, мела сястру Ядзвігу (1889—1966), якая пазней выйшла замуж за аднаго са стваральнікаў эстонскага войска генерал-маёра Рудольфа Рэймана.

Сярэднюю адукацыю Ганна атрымала ў Вільні ў мясцовай жаночай гімназіі. У 1917 годзе паступіла на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе паспела скончыць два курсы. Досвед навучання ў гэтай установе і лінгвістычныя веды дапамаглі ёй стаць адной з укладальніц унікальнага «Сямімоўнага слоўніка» (нямецка-польска-расійска-беларуска-літоўска-латышска-яўрэйскага), які пабачыў свет у Лейпцыгу ў 1918 годзеSieben-Sprachen-Wörterbuch: Deutsch, Polnisch, Russisch, Weissruthenisch, Litauisch, Lettisch, Jiddisch, Leipzig: A. Spamer, 1918, https://archive.org/details/siebensprachenw00prusuoft.

Пасля вяртання ў Вільню Ганна Душэўская актыўна ўдзельнічала ў беларускім нацыянальным руху. Яна з'яўлялася сяброўкай Беларускага таварыства помачы пацярпелым ад вайны і Беларускага настаўніцкага саюза, выкладала польскую мову ў Віленскай беларускай гімназіі. Дзякуючы артыстычным здольнасцям, з 1919 года ўдзельнічала ў спектаклях Віленскай беларускай драматычнай дружыны, дзе бліскуча грала вядучыя ролі ў п’есах Францішка Аляхновіча і Уладзіслава Галубка. Вядомы ў архівах фотапартрэт Ганны, дзе яе твар цалкам схаваны пад цёмнай тканінай (адкрытымі застаюцца толькі вочы), даследчыкі лічаць менавіта адным са сцэнічных вобразаў актрысы.

Таксама Ганна праявіла сябе як актывістка беларускага жаночага руху, выступіўшы адной з ініцыятарак стварэння ковенскага гуртка беларусак. З-за сваёй дзейнасці яна часта мела праблемы з польскай паліцыяй, таму перыядычна з’язджала ў Коўна да брата Клаўдзія. У 1921—1925 гадах жыла ў Берліне, дзе паступіла ў Берлінскую кансерваторыю ў клас вакалу. Пражывала ў раёне Фрыдэнаў на вуліцах Ронэбергштрасэ і Філандаштрасэ. У яе кватэры на Філандаштрасэ перыядычна спынялася дзяячка БНР Палута Бадунова, з якой у маладой спявачкі склаліся сяброўскія адносіны. У лістападзе 1921 года Ганна звярнулася па візу для паездкі ў Эстонію да маці і сястры. У захаванай анкеце яна ідэнтыфікавала сябе як беларуску з літоўскім грамадзянствам, хаця эстонскі швагер Рудольф Рэйман у хадайніцтве называў яе польскай грамадзянкай. Набыўшы прафесійную музычную адукацыю, Ганна хацела вярнуцца ў Вільню і арганізаваць там беларускі хор, але не атрымала дазволу ад польскіх уладаў. Няздзейсненай засталася і спроба стварыць такі хор у Мінску.

У 1925—1927 гадах Душэўская жыла ў Таліне ў сям'і сястры Ядзвігі Рэйман, а потым зноў перабралася ў Коўна, дзе працавала настаўніцай музыкі. Доўгі час лічылася, што пасля гэтага яе сляды губляюцца, аднак даследчыкі выявілі, што ў пачатку 1930-х гадоў яна працягвала творчую дзейнасць. У прыватнасці, у 1931 годзе на святкаванні 13-х угодкаў БНР у Вільні Ганна выконвала беларускія народныя песні і арыю з оперы «Гугеноты», а ў 1932 годзе выступала на вечары памяці Тараса Шаўчэнкі, арганізаваным віленскай украінскай калоніяй.

Ганна Душэўская перажыла савецкую акупацыю і Другую сусветную вайну. Згодна з пратаколам допыту Клаўдзія Дуж-Душэўскага ад 8 сакавіка 1952 года, на той момант Ганна была незамужняй, жыла ў Коўне і знаходзілася на ўтрыманні брата. Памерла 8 красавіка 1971 года. Пахаваная на Пятрашунскіх могілках у Коўне разам з братам Клаўдзіем, сястрой Ядзвігай і пляменніцай Алаізіяй-Марыяй.

Творчасць Акрамя спеваў і музыкі, Ганна Душэўская шмат перакладала з польскай, рускай і нямецкай моў. Яе перакладчыцкая праца была шчыльна звязана з музычна-тэатральнай дзейнасцю: у асноўным яна перакладала на беларускую мову чужаземныя оперы і рамансы, у тым ліку творы Пятра Чайкоўскага і Томаса МураІскра, 31 мая 1925, Вільня, С. 4. . У 1918 годзе ў газеце «Гоман» быў надрукаваны яе пераклад верша польскага пісьменніка Віктара Гамуліцкага «На Беларусі».

Таксама Ганна пісала ўласныя вершы, якія публікаваліся ў газетах «Гоман», «Наша думка» (Вільня), «Голас беларуса» (Рыга). Асобнай кнігай творы паэткі і перакладніцы ніколі не друкаваліся. Верш «Ноч», апублікаваны ў віленскай газеце «Наша думка» за 14 студзеня 1921 года, раскрывае мадэрнісцкі талент паэткі. У 2017 годзе гэты верш увайшоў у анталогію беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду — «Бліскавіцы»Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / уклад., камент. А. Данільчык, В. Жыбуля. — Мінск: Кнігазбор, 2017, С. 282—284..

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1893 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 13 снежня Катэгорыя:Нарадзіліся ў Глыбокім Катэгорыя:Памерлі ў 1971 годзе Катэгорыя:Памерлі 8 красавіка Катэгорыя:Памерлі ў Каўнасе Катэгорыя:Пісьменніцы Беларусі Катэгорыя:Паэтэсы Беларусі Катэгорыя:Віленская беларуская гімназія Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пахаваныя на Пятрашунскіх могілках