Герайскія гульні, або Герайі () — старажытнагрэчаскія святы ў гонар багіні Геры і спартыўныя спаборніцтвы ў бегу сярод дзяўчат. Гульні ладзіліся кожныя 4 гады ў Алімпіі, праз месяц пасля антычнай Алімпіяды.
Паходжанне
Бальшыня захаваных звестак дайшла з «Апісання Элады» Паўсанія. Невядома, з якіх часоў ладзіўся фестываль, але Паўсаній называў гульні «старадаўнімі». Культ Геры ў Алімпіі вядзецца з X ст. да н.э., але існуюць больш раннія ўпамінанні пра зараджэнне культу Зеўса ў Алімпіі. Культ Геры дакладна існаваў к 600 году да н.э., калі ў Алімпіі быў збудаваны першы Храм Геры.
Невядома, былі спаборніцтвы ў бегу першапачаткова часткай фестывалю ў гонар Геры, ці сталі ёй пазней. Паводле адной з версій, якую ўпамінае Паўсаній, гульні арганізоўвалі 16 жрыц багіні Геры, што адбылося ў часе канфлікту паміж Элідай і Пісай, калі памёр пісанскі тыран Дамафон (каля 580 года да н.э.); гісторыкі не выключаюць варыянт, што сам змест гульняў і свят мог быць зменены ў гэтыя гады. Паводле другой версіі, якую таксама ўпамінае Паўсаній, Герайскія гульні заклала Гіпадамія, дачка Энамая, ува ўдзячнасць багіні за тое, што дапамагла ёй зладзіць шлюб з Пелопам.
Спаборніцтвы
Адзіным спаборніцтвам на Герайскіх гульнях быў бег на дыстанцыю 5/6 стадыя, што адпавядае каля 160 м. У спаборніцтвах удзельнічалі толькі незамужнія дзяўчаты. Удзельніц дзялілі на тры ўзроставыя катэгорыі, але дакладна невядома, які быў узрост удзельніц. Усе дзяўчаты беглі з распушчанымі валасамі і насілі кароткія хітоны (вышэй за калена), але пры гэтым у кожнай былі адкрытыя правае плячо і правыя грудзі. Падобнае адзенне нагадвала экзоміс, які насілі рабочыя і які асацыяваўся з Гефестам. Пераможніц узнагароджвалі вянком алівы і часткай тушы каровы, якой рабілі ахвяру ў храме Геры. У гонар пераможніц ставілі статуі ў храме Геры, а на статуях пісаліся іх імёны (да нашых часоў не захавалася ніводная такая статуя). Таксама пераможніца станавілася жрыцай Геры ў сваім родным горадзе.
Герайскімі гульнямі кіравалі 16 жанчын, якія адказвалі за пляценне пепласа ў гонар Геры і ладзілі скокі з песнямі ў гонар Гіпадаміі і Фіскоі. У Паўсанія ёсць два тлумачэнні пра 16 жанчын: паводле версіі пра шлюб Гіпадаміі з Пелопам, Гіпадамія запрасіла шаснаццаць жанчын удзельнічаць у гульнях з нагоды свайго вяселля; паводле версіі пра канфлікт Эліды і Пісы, жыхары Эліды для рашэння спрэчкі абралі па адной жанчыне з кожнага поліса, і на гэтых жанчын была ўскладзеная адказнасць за правядзенне гульняў.
Значэнне Паводле адной з версій, Герайскія гульні былі абрадамі палавога сталення або нават шлюбнымі рытуаламі. Мэцью Дылан адмаўляў версію пра шлюбныя рытуалы, пры гэтым спасылаўся на тры ўзроставыя катэгорыі ўдзельніц. Нэнсі Сэруінт меркавала, што вялося пра міфалагічныя вяселлі, а з вяселлямі асацыяваліся іншыя спаборніцтвы ў бегу (напрыклад, гонка Дыяніса ў Спарце).
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Жанчыны Старажытнай Грэцыі Катэгорыя:Культура Старажытнай Грэцыі