Андрэ Тайлер Ігудала (; нар. , Спрынгфілд, штат Ілінойс) — амерыканскі баскетбаліст, які выступае за каманду Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі (НБА) «Маямі Хіт». Гуляе на пазіцыі лёгкага форварда, вылучаецца высокім майстэрствам пры гульні ў абароне. Да пачатку прафесійнай кар’еры Ігудала гуляў за каманду старэйшай школы Ланфіер са Спрынгфілда і студэнцкую каманду Арызонскага ўніверсітэта «Арызона Уайлдкэтс». На драфце НБА 2004 года ён быў абраны пад дзявятым нумарам клубам «Філадэльфія Сэвенці Сіксерс», за які выступаў на працягу васьмі сезонаў, пакуль у 2012 годзе яго не абмянялі ў «Дэнвер Нагетс». Пасля аднаго сезона ў Дэнверы, улетку 2013 года Ігудала падпісаў чатырохгадовы кантракт з «Голден Стэйт Уорыярз». У сезоне 2014/2015 ён дапамог камандзе выйграць чэмпіянат НБА, а сам Андрэ быў прызнаны самым каштоўным гульцом фінальнай серыі супраць «Кліўленд Кавальерс».
Па выніках свайго першага сезона ў НБА Ігудала быў уключаны ў сімвалічную Зборную найлепшых пачаткоўцаў лігі. У 2006 годзе ён быў прызнаны самым каштоўным гульцом Матча пачаткоўцаў і быў фіналістам конкурсу па кідках зверху. У 2011 годзе за паспяховую гульню ў абароне Ігудала быў уключаны ў другую Зборную ўсіх зорак абароны НБА, а ў 2014 годзе трапіў у першую зборную. Адзін раз, у 2012 годзе, баскетбаліст удзельнічаў у Матчы ўсіх зорак НБА.
У складзе амерыканскай баскетбольнай зборнай ён стаў чэмпіёнам свету ў 2010 годзе і алімпійскім чэмпіёнам у 2012 годзе.
Катэгорыя:Баскетбалісты ЗША Катэгорыя:Ігракі зборнай ЗША па баскетболе Катэгорыя:Чэмпіёны свету па баскетболе Катэгорыя:Алімпійскія чэмпіёны па баскетболе Катэгорыя:Алімпійскія чэмпіёны ад ЗША Катэгорыя:Чэмпіёны летніх Алімпійскіх гульняў 2012 года Катэгорыя:Баскетбалісты на летніх Алімпійскіх гульнях 2012 года Катэгорыя:Ігракі «Філадэльфія Севенці Сіксерс» Катэгорыя:Ігракі «Дэнвер Нагетс» Катэгорыя:Ігракі «Голдэн Стэйт Уорыярз» Катэгорыя:Ігракі «Мемфіс Грызліс» Катэгорыя:Ігракі «Маямі Хіт»