«Revolver» — сёмы студыйны альбом рок-гурта «The Beatles», выпушчаны 5 жніўня 1966 года. У храналогіі амерыканскіх выданняў, якія рыхтуюцца кампаніяй Capitol Records, Revolver быў адзінаццатай кружэлкай гурта, выдадзенай у ЗША 8 жніўня 1966 года. У амерыканскае выданне не ўвайшлі песні «I'm Only Sleeping», «And Your Bird Can Sing» і «Doctor Robert», ужо выпушчаныя 20 чэрвеня 1966 года ў альбоме «Yesterday and Today». Адначасова з кружэлкай «Revolver» у продаж паступіў сінгл «Yellow Submarine» / «Eleanor Rigby».

Гурт распачаў студыйную працу 6 красавіка, пачаўшы з запісу песні «Tomorrow Never Knows». Апошняй для альбома «Revolver» была створана «She Said She Said». Усе кампазіцыі запісваліся ў студыі Эбі-Роўд у Лондане. Музычным прадзюсарам і гукарэжысёрам, як і ў папярэдніх работах «The Beatles», быў Джордж Марцін, а новым гукааператарам стаў Джэф Эмерык. Да запісу некалькіх песень былі прыцягнуты пабочныя музыканты: струнны ансамбль для музычнага суправаджэння «Eleanor Rigby»; Аніл Бхагват, які сыграў на барабанах табла для песні «Love You To»; валтарніст Алан Сівіл, які прыняў удзел у запісе «For No One»; трое трубачоў і двое саксафаністаў для выканання партыі духавых інструментаў у песні «Got to Get You into My Life».

Неўзабаве пасля жнівеньскага рэлізу ў 1966 годзе альбом узначаліў хіт-парады і ўтрымліваў першую пазіцыю на працягу сямі тыдняў у Вялікабрытаніі і на працягу шасці тыдняў у ЗША. Крытыкамі было адзначана наватарства «The Beatles»: новыя метады гуказапісу, эксперыменты з музычнымі стылямі, пашырэнне тэматыкі тэкстаў песень. Revolver з прыкметным пастаянствам залічваўся ў розныя спісы лепшых запісаў ХХ стагоддзя, зазнаў мноства перавыданняў, на песні з гэтага альбома створана больш за 270 кавер-версій. Паводле Амерыканскай асацыяцыі гуказапісных кампаній альбом неаднаразова сертыфікаваны як мультыплацінавы.

Запіс

Згодна з усталяванай практыкай «турнэ — фільм — запіс — турнэ» ўдзельнікам калектыва належала ў пачатку 1966 года пачаць працу над новым фільмам, але яны ніяк не прыходзілі да згоды наконт сюжэту і нават тэмы карціныДжон Робертсон. Полный путеводитель по музыке The Beatles, часть 7, Revolver. (31 октября 2003 года).. У выніку было вырашана парушыць усталяваны графік, праца над меркаваным фільмам так і не была пачата. Завяршыўшы сваё брытанскае турнэ, гурт з красавіка 1966 года паглыбіўся ў студыйную працу над новым альбомам. Запіс матэрыялу доўжыўся амаль тры месяцы — з 6 красавіка па 22 чэрвеня. Як і раней, музыканты працавалі ў студыі «Эбі-Роўд» у Лондане — хаця, паводле Пола Мак-Картні, альбом спачатку збіраліся запісваць у Амерыцы, але прапанаваныя цэны за арэнду і абсталяванне былі «фантастычнымі», да таго ж тэрмін іх кантракта з гуказапіснай кампаніяй EMI мінаў толькі ў чэрвені 1966 года.

Музыканты Акрамя песень, напісаных у сааўтарстве Ленанам і Мак-Картні, у альбоме прадстаўлены тры новыя кампазіцыі Джорджа Харысана, а Рынга Стару было даверана заспяваць песню «Yellow Submarine», напісаную адмыслова для яго. За гуказапіс адказвалі прадзюсар Джордж Марцін і гукааператар Джэф Эмерык. Таксама для запісу асобных кампазіцый былі запрошаны прафесійныя музыканты: струнны ансамбль для музычнага суправаджэння «Eleanor Rigby»; Аніл Бхагват, які сыграў на барабанах табла для песні «Love You To»; валтарніст Алан Сівіл, які прыняў удзел у запісе «For No One»; трое трубачоў і двое саксафаністаў для выканання партыі духавых інструментаў у песні «Got to Get You into My Life». Акрамя таго, у запісе прыпева «Yellow Submarine» прынялі ўдзел: канцэртны менеджар гурта Ніл Аспінал, яго памочнік Мэл Эванс, прадзюсар Джордж Марцін, Донаван, Паці Харысан, гукааператар Джэф Эмерык, Браян Джонс, Марыяна Фейтфул і шафёр Альф Бікнел.

Музычныя інструменты

Акрамя асноўных для гурта гітары, бас-гітары і ўдарнай устаноўкі, таксама выкарыстоўваліся струнныя, духавыя і іншыя інструменты. З перкусіі не раз прымяняліся ў запісе некалькіх кампазіцый бубен і маракасы. У песні «Taxman» можна пачуць сенсера. У запісе «Love You To» Джордж Харысан грае на сітары, які быў ім упершыню выкарыстаны яшчэ ў працы над «Norwegian Wood» для альбома Rubber Soul. Апрача сітара, у запісе гучаць індыйскія барабаны табла.

Найбольшая інструментальная разнастайнасць характэрна для песень Пола Мак-Картні. Для «Got to Get You into My Life» ён пажадаў запісаць партыю духавых музычных інструментаў, і прадзюсар запрасіў траіх трубачоў і дваіх саксафаністаў. У той жа песні «Got to Get You into My Life» гучыць арган Хаманда, на якім сыграў Джордж Марцін. Для запісу «Eleanor Rigby» давялося наняць струнны ансамбль. А ў песні «For No One» Полу хацелася, каб гучала валторна, што і было ажыццёўлена. Акрамя валторны, была запісана партыя фартэпіяна, на якім граў сам Мак-Картні. Для «Good Day Sunshine» на фартэпіяна граў Джордж Марцін.

Інавацыі гуказапісу Падчас працы над альбомам былі прыменены чатыры асноўныя інавацыі ў галіне гуказапісу: Упершыню пры запісе быў ужыты метад «штучнага накладання» голасу (), вынайдзены гукаінжэнерам кампаніі EMI Кенам Таўнсендам у красавіку 1966 года. Сутнасць прыёму заключалася ў тым, каб накладваць дзве дарожкі з адной і той жа вакальнай партыяй, не запісваючы яе двойчы. Апісаны метад, напрыклад, быў ужыты для запісу вакала Джона Ленана ў першай палавіне песні «Tomorrow Never Knows». Другім ключавым момантам было ўжыванне працэса запісу гука ў адваротным кірунку. Гэты прыём упершыню быў ужыты пры запісе песні «Rain» 14 красавіка 1966 года, якая была выдадзена ў якасці двухбаковага сінгла «Paperback Writer» / «Rain». У працы над альбомам Revolver гэты прыём быў ужыты ў кампазіцыях «I'm Only Sleeping» і «Tomorrow Never Knows». Трэцяй інавацыяй стала выкарыстанне склееных у кольцы магнітафонных стужак () з запісанымі гукамі. Ідэя была прапанавана Полам Мак-Картні, які ўзяў яе з твораў нямецкага кампазітара Карлхайнца Штокхаўзена. У працы над «Tomorrow Never Knows» прымянялася пяць падобных кольцаў: першае з запісам крыкаў і смеху Пола Мак-Картні; другое з аркестравым акордам сі-бемоль мажор; трэцяе з гукамі флейты, атрыманымі пры дапамозе мелатрона; чацвёртае з гукамі скрыпак, атрыманымі пры дапамозе мелатрона; пятае са скажоным гукам сітара. Падобным метадам пазней дадалі гітарнае сола Пола Мак-Картні, запісанае для песні «Taxman». Сола было перавернута ў адваротным кірунку і запаволена. Чацвёртай асаблівасцю была тэхналогія запісу вакала пры дапамозе Леслі-спікера падчас вярчэння дынамікаў. Падобны прыём забяспечваў пульсаванне гучання. Гэты метад быў ужыты для запісу вакала Джона Ленана ў другой палавіне песні «Tomorrow Never Knows».

Храналогія Красавік

6 красавіка — запіс трох дубляў рытм-трэка для песні «Tomorrow Never Knows» пад рабочай назвай «Mark I». Першы дубль быў пазней выдадзены ў 1996 годзе ў зборніку Anthology 2. Другі дубль быў няпоўным, а трэці лёг у аснову афіцыйнай версіі. 7 красавіка — у ходзе пяцігадзіннай студыйнай сесіі музыканты дадавалі гукавыя эфекты і лупы да выбранага ў якасці асноўнага трэцяга дубля песні «Tomorrow Never Knows». Таго ж дня пачаўся запіс «Got to Get You into My Life». 8 красавіка — завершана праца над рытм-трэкам песні «Got to Get You into My Life». Таго ж дня пачаўся запіс «Got to Get You into My Life». 11 красавіка — накладанне гітарнай партыі на рытм-трэк «Got to Get You into My Life». Таго ж дня пачаўся запіс «Got to Get You into My Life». Пачатак працы над песняй «Love You To». Падчас запісу першага дубля Джордж Харысан спяваў акампануючы сабе на акустычнай гітары, а Пол Мак-Картні выконваў партыю бэк-вакала. Трэцім дублем запісалі сітар, які таксама быў выкарыстаны ў шостым дублі, калі запісвалі барабаны табла, бас-гітару і фуз-гітару. 13 красавіка — завяршэнне працы над «Love You To». Харысан дадаў вакал, Стар запісаў партыю бубна. 17 красавіка — пачатак працы над песняй «Doctor Robert». Запісана 7 дубляў рытм-трэка, партыі маракасаў, фісгармоніі і фартэпіяна. 19 красавіка — заканчэнне запісу «Dr. Robert». Накладанне вакальнай партыі Джона Ленана. 20 красавіка — пачатак працы над песняй «And Your Bird Can Sing». Запісаны два дублі рытм-трэка. Затым былі дададзены вакал Джона Ленана, бэк-вакал Мак-Картні і Харысана, запісы бубна і партыя бас-гітары. Запісаная версія была адрынута, яе можна пачуць на зборніку Anthology 2. Таго ж дня пачалася праца над песняй Джорджа Харысана «Taxman». Запісаны чатыры пробныя дублі. 21 красавіка — працягу працы над «Taxman». Запісана 11 дубляў, 10 з якіх — рытм-трэк. 22 красавіка — завяршэнне працы над «Tomorrow Never Knows». Накладанне партыі сітара, запісанай Джорджам Харысанам, і накладанне вакалу Джона Ленана, запісанага з выкарыстаннем Леслі-спікера. Для песні «Taxman» Рынга Стар запісаў партыю сенсера. 26 красавіка — паўторны запіс рытм-трэка песні «And Your Bird Can Sing». З трынаццаці дубляў быў выбраны дзясяты. На яго наклалі ўжо запісаныя партыі вакалу і астатніх інструментаў. 27 красавіка — пачатак працы над «I'm Only Sleeping». Запісана 11 дубляў рытм-трэка. 28 красавіка — пачатак працы над «Eleanor Rigby». Запісана 14 дубляў у выкананні запрошанага струннага ансамбля. Затым быў запісаны вакал Пола Мак-Картні. 29 красавіка — запіс вакалу Джона Ленана для песні «I’m Only Sleeping». Запіс вакалу Пола Мак-Картні і бэк-вакалу ў выкананні Ленана і Харысана для песні «Eleanor Rigby».

Май

5 мая — на працягу пяцігадзіннай начной сесіі Джордж Харысан запісаў гітарнае сола для песні «I’m Only Sleeping», якое гучыць у песні ў адваротным кірунку паводле задумы музыкантаў. Адзін з двух дубляў быў запісаны з прымяненнем фуз-эфекта. 6 мая — завяршэнне працы над «I'm Only Sleeping». Запіс бэк-вакалу Ленана, Мак-Картні і Харысана. 9 мая — пачатак працы над песняй «For No One». Запісана дзесяць дубляў рытм-трэка: Пол Мак-Картні граў на фартэпіяна, а Рынга Стар на ўдарнай устаноўцы. У апошнюю чаргу запісалі клавікорд і перкусію. 16 мая — працяг працы над «For No One». Дадаванне вакалу Пола Мак-Картні. Дададзены адлік у пачатку песні «Taxman» і трэк зведзены ў монаверсію. 18 мая — праца над песняй «Got to Get You into My Life». Дадаванне партыі медных духавых музычных інструментаў, вакалу, бэк-вакалу і гітарнага сола. 19 мая — запіс партыі валторны пры ўдзеле Алана Сівіла для песні «For No One». 26 мая — пачатак працы над «Yellow Submarine». «The Beatles» патрацілі амаль тры гадзіны, рэпетуючы песню, а затым запісалі чатыры дублі. Затым былі запісаны вакал Рынга Стара і бэк-вакал.

Чэрвень 1 чэрвеня — працяг працы над «Yellow Submarine». Накладанне гукавых эфектаў. 2 чэрвеня — пачатак працы над песняй «I Want to Tell You». Запісана пяць дубляў рытм-трэка, уключна з фартэпіяна, ударнымі і гітарамі. Трэці дубль аказаўся лепшым, і на яго наклалі вакал Джорджа Харысана, бэк-вакал Ленана і Мак-Картні, запісы бубна, маракасаў, воплескі і яшчэ фартэпіяна. 3 чэрвеня — працяг запісу «I Want to Tell You». Накладанне партыі бас-гітары, бо Пол граў на фартэпіяна падчас запісу рытм-трэка. 6 чэрвеня — завяршэнне працы над «Eleanor Rigby». Пол Мак-Картні запісаў яшчэ адну вакальную партыю для песні. 8 чэрвеня — пачатак працы над «Good Day Sunshine». «The Beatles» шмат разоў рэпетавалі, перш чым запісаць рытм-трэк — бас-гітару, фартэпіяна і ўдарныя — у тры дублі. Першы дубль аказаўся лепшым, і на яго наклалі вакал Пола і бэк-вакал Джона і Джорджа. 9 чэрвеня — працяг працы над «Good Day Sunshine». Стар запісаў яшчэ ўдарных, Джордж Марцін сыграў сваё сола на фартэпіяна, затым дадалі яшчэ бэк-вакалу і воплескі ў далоні. 14 чэрвеня — пачатак працы над песняй «Here, There and Everywhere». Запісаны чатыры дублі, з якіх толькі апошні быў завершаны. Таго ж дня былі запісаны партыі гарманічнага вакалу пры ўдзеле Пола Мак-Картні, Джона Ленана і Джорджа Харысана. 16 чэрвеня — працяг працы над «Here, There and Everywhere». Запіс рытм-трэка. Агульная колькасць дубляў даведзена да трынаццаці. Апошні дубль прызнаны найлепшым, і на яго наклалі партыі гарманічнага вакалу, асноўны вакал Пола і запіс бас-гітары.