Катажы́на Апалі́нская (; 13 кастрычніка 1680, Познань, Каралеўства Польскае — 19 сакавіка 1747, Люневіль, Францыя) — жонка Станіслава Ляшчынскага, каралева польская і вялікая княгіня літоўская, княгіня Латарынгіі і Бара.

Біяграфія Паходзіла са шляхецкага роду Апалінскіх герба «Ладдзя». Была дачкой кашталяна пазнаньскага Яна Караля Апалінскага і мендзыжэцкай старасцянкі Зоф’і Чарнкоўскай. У 1698 годзе ў Кракаве выйшла замуж за адалянаўскага старосту Станіслава Ляшчынскага. У 1699 годзе ў іх нарадзілася дачка Ганна, а ў 1703 — Марыя.

4 кастрычніка 1705 года падчас Паўночнай вайны Варшаўскай канфедэрацыяй каранаваная ў Варшаве разам з мужам на кіраўнікоў Рэчы Паспалітай замест Аўгуста II Моцнага. У 1708 годзе мусіла з дзецьмі пакінуць краіну, жыла ў Швецыі (у 1708—1711 у Шчэціне, у 1711—1714 у Крысціянстадзе). У 1714 выехала з мужам у нададзенае таму княства Цвайбрукен.

У 1719 годзе пасяліліся ў горадзе Вісамбур (Францыя). У 1725 іхная дачка Марыя выйшла замуж за французскага караля Людовіка XV. Ляшчынскія жылі ў Шамборы. У 1733 Станіслаў выехаў на радзіму, дзе зноў стаў каралём, Катажына ж засталася ў Францыі. Па вяртанні Станіслава Ляшчынскія атрымалі ад французскага караля тытул князёў Латарынгіі і Бара, жылі ў Люневілі. Катажына памерла 19 сакавіка 1747, пахаваная ў Касцёле Нотр-Дам дэ Бом Секюр у Нансі.

Дзеці Ганна Ляшчынская (1699—1717); Марыя Ляшчынская (1703—1768), жонка Людовіка XV, каралева Францыі.

Спасылкі

Катажына Катажына Катэгорыя:Княгіні і каралевы польскія Катэгорыя:Памерлі ў Францыі Катэгорыя:Пахаваныя ў Францыі