«Як вада́, як аго́нь» () — першая і дагэтуль найбольш поўная анталогія беларускай паэзіі ў перакладзе на англійскую мову, якая змяшчае творы з 1828 года.
Выдадзеная ў 1971 годзе ў серыі «Калекцыя рэпрэзентатыўных твораў ЮНЕСКА» () у лонданскім выдавецтве «Джордж Ален і Анўін» (). Перакладчыца ўсіх твораў — брытанская журналістка і паэтка Вера Рыч. Кнігу сумесна фінансавалі ЮНЕСКА і Нацыянальная камісія БССР па справах ЮНЕСКА.
Змест Кніга налічвае 221 верш і паэтычны фрагмент 41-го аўтара (37 мужчын, 4 жанчыны) на 347 старонках. Яе назва паходзіць ад слоў з паэмы «На папасе» Янкі Купалы:
Зварухнуўся Лявон,
Як вада, як агонь,
Пазнаў сілу ў сабе небывалую;
Ўжо бяда — не бяда,
Ўжо нуда — не нуда,
Запеў песні свае разудалыя.
Анталогія ахоплівае перыяд ад 1828 года да паваенных класікаў савецкай Беларусі. Кніга пачынаецца творамі Паўлюка Багрыма, Францішка Багушэвіча і Янкі Лучыны, і заканчваецца Аркадзем Куляшовым і Максімам Танкам.
У кнізе сем раздзелаў: «Ранні перыяд (1828—1905)», «Нашаніўскі перыяд (1906—1914)», «Гады ўладкавання (1917—1939)», «Міжчассе — Заходняя Беларусь (1921—1939)», «Уз’яднанне і вайна (1939—1945)», «Гады аднаўлення (1945—1953)» і «Адліга і пасля (1954-)».
Кожны раздзел пачынаецца кароткім уступам да адпаведнага літаратурнага перыяду і заканчваецца падрабязнымі каментарамі перакладчыцы да апублікаваных твораў.
Кніга адкрываецца раздзелам падзяк і 10-старонкавым уступам, у якім перакладчыца тлумачыць гістарычны кантэкст твораў кнігі і беларускай літаратуры наогул. Таксама тлумачацца правілы беларускага вымаўлення: усе імёны і назвы ў кнізе напісаныя беларускай лацінкай.
Няма ў анталогіі ніводнага аўтара з шматлікай і вельмі плённай тады беларускай эміграцыі.
Прызнанне і крытыка Беларуская эміграцыя і нешматлікія тады заходнія беларусазнаўцы віталі з’яўленне анталогіі і рэкамендавалі яе чытачам, але і адзначалі шматлікія хібы. Аляксандр Надсан прыгадваў, што Вера Рыч да апошняга трымала ў тайне змест кнігі. Янка Запруднік — пад псеўданімам А. Будзіч, — пісаў, што савецкі бок настаяў на ўключэнне ў анталогію значнай колькасці аўтараў, якія «хоць і не высокага таленту, але бездакорныя з гледзішча партыйнага».
Арнольд Мак-Мілін вітаў публікацыю анталогіі як доўгачаканы шанец пазнаёміцца з невядомай англамоўнаму чытачу літаратурай. Ён заўважыў, што кніга — прадукт амаль дваццаці гадоў працы Веры Рыч, таму якасць перакладаў у ёй неаднолькавая. На ягоную думку, перакладчыца добра перадала форму і рытм твораў. Найбольш паспяхова атрымаліся пераклады твораў канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, нашаніўскага перыяду і міжваеннага часу, найперш — Максіма Багдановіча, а таксама Канстанцыі Буйло, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіміра Дубоўкі і Максіма Танка. Больш познія творы, якіх якраз большасць у кнізе, перакладзеныя менш удала. Ён звярнуў увагу на неадэкватнае прадстаўленне ў анталогіі паэзіі ХІХ стагоддзя (сем вершаў трох аўтараў), напр. адсутнасць твораў Чачота, Дунін-Марцінкевіча і паэмы «Тарас на Парнасе», а таксама факталагічныя недакладнасці ў каментарах і непаслядоўнасць транслітарацыі імёнаў і назваў.
Антон Адамовіч, супрацоўнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Ёрку, адзначаў, што паваенная савецкая беларуская паэзія прадстаўлена ў анталогіі вельмі поўна — 165 творамі 29 аўтараў — і збольшага добра перакладзена. У той жа час 1920-я гады, багатыя на цудоўных аўтараў і творы, прадстаўлены непрапарцыйна мала, гэтак жа сама як і ўся дасавецкая літаратура наогул. У кнізе знайшлося сціплае месца некалькім рэпрэсаваным аўтарам: Язэпу Пушчу, Уладзіміру Дубоўку і Ларысе Геніюш (кожны прадстаўлены адным творам, тады як Пімен Панчанка — чатырнаццаццю). Як і Макмілін, ён звяртаў увагу на факталагічныя памылкі (напр., Дунін-Марцінкевіч названы ў анталогіі празаікам), памылкі транслітарацыі імёнаў і прыкрыя памылкі друку.
Аляксандр Надсан заўважыў, што Вера Рыч была найбольш прадукцыйнай пад стрэсам і ў апошнюю хвіліну, што можа вытлумачыць няроўнасць якасці перакладаў. Ён быў аўтарам артыкула ў часопісе «Божым шляхам», дзе працытаваў пераклад вершу «Цуд тварыўся» Ніла Гілевіча як прыклад удалага перастварэння. Ён шкадаваў, што «перакладчыца не скарыстала з вялікай, магчыма непаўторнай, нагоды зрабіць анталогію выдатным творам». Ён прадказваў, што іншы шанец для такога выдання здарыцца няхутка.
Трыццаць гадоў пасля з’яўлення анталогіі Лявон Юрэвіч, даследчык з ЗША, адзначыў, што праца «і сёння з’яўляецца ўнікальным выданнем; прычым унікальным і ў станоўчым плане — сваёю якасцю, гэтак і ў адмоўным — тым, што яно адзінае».
У 2012 г. Святлана Скамарохава зрабіла падрабязны аналіз анталогіі ў доктарскай дысертацыі, прысвечанай перакладам беларускай літаратуры на англійскую мову. Яна заўважыла, што «бацькі-заснавальнікі» новай беларускай літаратуры — Багдановіч, Купала і Колас, — былі найбольш шырока прадстаўлены ў зборніку. Таксама аўтары ХХ стагоддзя, якія ўжо атрымалі прызнанне на той час, былі добра прадстаўленыя. Гэта, на думку даследчыцы, «робіць кнігу фундаментальнай працай па літаратурным перакладзе на англійскую мову», а «абсяг і дыяхранічны метад зрабілі яе непераўзыдзенай дагэтуль». Даследніца адзначае, што для перакладу і тлумачэння беларускіх твораў В. Рыч па-майстэрску скарысталася сваімі ведамі класічнай англійскай літаратуры і часта выкарыстоўвала параўнанні з англійскай, ірландскай і валійскай літаратурнымі традыцыямі. С. Скамарохава выказала сумненне, аднак, што стыль перакладчыцы будзе мець поспех у сучасных чытачоў. На яе думку, пераклады В. Рыч «верагодна, патрабуюць перагляду з-за ігнаравання сучаснай літаратурнай эстэтыкі».
Цікавыя факты
Падзякі
Палутарастаронкавы раздзел падзяк на пачатку кнігі чытаецца як твор дасціпнай камедыі. Ён пачынаецца спісам трынаццаці бібліятэк і ўстаноў у Вялікабрытаніі (у тым ліку — беларускай бібліятэцы ў Лондане), Даніі і Нарвегіі, якія дапамаглі перакладчыцы з матэрыяламі. Затым Вера Рыч дзякуе Каралеўскім батанічным садам у Лондане за праверку фактаў пра флору Беларусі, Каралеўскаму вайсковаму дэпартменту (), потым — Міністэрства абароны) — за тлумачэнні адносна кіравання танкамі, і Брытанскай чыгунцы — за дапамогу зразумець лагістыку чыгуначнага транспарту. Таксама пералічваюцца па імёнах некаторыя супрацоўнікі вышэйназваных устаноў, напр. Олвін Уэй () «за пэўныя валійскія паралелі, а таксама за парады адносна дагляду коняў» і Патрыша Уолер () — «за тэхнічныя веды і парады пра вэнджанне свініны ў нашыя дні і ў мінулым».
Абзац падзяк прысвечаны брытанскім беларусам: біскупу Чэславу Сіповічу, а. Аляксандру Надсану («хто ў асноўным дапамог з бібліяграфічнай інфармацыяй»), Дамініку Аніську і а. Льву Гарошку — настаўнікам беларускай мовы Веры Рыч. Таксама Паўлу Навару і Паўлу Асіповічу і іх жонкам — за адказы на шматлікія пытанні перакладчыцы. Язэп Семяжон — адзіная асоба з Беларусі, прыгаданая ў раздзеле падзяк — «за прапанаваны спіс твораў».
Напрыканцы раздзела падзяк перакладчыца заўважае, што праца над кнігай цягнулася 18 гадоў, была прычынай клопатаў для многіх людзей, і дзякавала мясцовым пажарным за ўратаванне рукапісу ад «flood-cum-electrical-fire» (затаплення і пажару з-за электразамыкання) у яе доме незадоўга да здачы рукапісу ў друк.
Супервокладка Кніга выйшла з дзвюма . Першая была белая і з гербам Пагоня, вядомы яе дызайнер — Ст’юарт Ірвін ().
Янка Запруднік сцвярджаў, што пасля паступлення ў продаж кнігі Нацыянальная камісія БССР па справах ЮНЕСКА запатрабавала, каб наклад быў знішчаны, аднак ЮНЕСКА не пагадзілася, бо гэта парушыла б кантракт з лонданскім выдавецтвам. Асаблівае пярэчанне беларускага боку выклікала вокладка з Пагоняй. У выніку, ЮНЕСКА пагадзілася за ўласны кошт замяніць супервокладку на іншую — з дубовым лістом. Іншыя патрабаванні беларускай камісіі: выдаліць пазнаку пра сумесны характар выдання, дадаць нататку пра выключную адказнасць Веры Рыч за змест уступу і каментароў, і зняць паведамленне пра абарону аўтарскіх правоў, — засталіся не задаволены.
У выніку, рэшта накладу распаўсюджвалася з ярка-сіняй абгорткай без якіх-небудзь ілюстрацый. Кошт кнігі падняўся з £4.50 да £4.95. Абодва выданні мелі той самы міжнародны стандартны нумар (ISBN), што парушае бібліяграфічныя правілы і робіць справу пошуку арыгінальных супервокладак больш складанай.
Спасылкі Кніга на сайце «Беларуская палічка»
Катэгорыя:Кнігі 1971 года