Сусветны дзень піяніста — міжнароднае прафесійнае свята людзей, звязаных з ігрой на клавішных музычных інструментах. Адзначаецца штогод 8 лістапада.
Апісанне У гэты дзень па ўсім свеце праводзяць канцэрты і сустрэчы з музыкантамі. Піяністы віншуюць сваіх настаўнікаў (а настаўнікі — вучняў). Выканаўцам дасылаюць віншаванні родныя, сябры і блізкае кола знаёмых. Ладзяцца мерапрыемствы ў фармаце «вольнае піяніна». Шэраг музычных крам робяць у гэты дзень зніжкі на свае тавары.
Гісторыя
Ідэя вызначыць 8 лістапада як Сусветны дзень піяніста належыць Івану Манько-Вертаградаву, аматару фартэпіяннай музыкі і ўладальніку сеткі крам музычных інструментаў. Як заўважыў заснавальнік свята, «шмат прафесій маюць свае асаблівыя святы, але піяністы — не. Хоць яны заслугоўваюць свайго свята не менш за іншых — проста таму, што гэтага вартыя».
У 2014 годзе Дзень піяніста адзначылі лакальным канцэртам. Аднак ужо праз год 8 лістапада правялі як планавае мерапрыемства: тады на сцэну Беларускай дзяржаўнай філармоніі выйшлі піяністы Аляксандр Палякоў (лаўрэат міжнародных конкурсаў), Юлія Архангельская і Міхаіл Оргіш, а таксама дуэт сясцёр Ірыны і Лізаветы Марозавых (цымбалы/фартэпіяна). Білеты на святочны канцэрт былі раскупленыя за 6 дзён.
У 2016 годзе ўрачыстасці адбыліся ў кітайскім універсітэце Nanchang Hangkong, дзе тым часам выкладаў А. Палякоў. Таксама 8 лістапада 2016 года ў Мінску піяніст і кампазітар Мікалай Панок усталяваў нацыянальны рэкорд па працягласці бесперапыннай ігры на фартэпіяна: 5 гадзін. Выканавец запланаваў сваю праграму прыкладна на 60 %, астатні час імправізаваў. Яшчэ праз год ён перасягнуў уласны рэкорд на адну гадзіну.
8 лістапада 2018 года фартэпіянная музыка гучала ў адным з экзатычных і цяжкадаступных месцаў у цэнтры Масквы — «Аптэкарскім агародзе», субтрапічнай аранжарэі Батанічнага саду МДУ. Тым часам аранжарэя была зачынена для наведвальнікаў больш як 15 гадоў. Малады расійскі піяніст і кампазітар Ілля Палякоў прадставіў праграму пад назвай «Колеры» ('Colors').
У 2024 годзе Сусветны дзень піяніста адзначыў сваё дзесяцігоддзе. За гэты час:
святкаванні мелі месца ў Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Латвіі, Нідэрландах, Украіне, Францыі, ЗША, Канадзе, Ізраілі, Японіі, Паўднёвай Карэі, на Тайвані, Філіпінах. Спіс краін і колькасць падзей пашыраецца; Лонданскі сімфанічны аркестр і Бостанская філармонія прысвяцілі Сусветнаму дню піяніста адмысловыя канцэрты; на адной з вуліц Іерусаліма з джазавай праграмай на фартэпіяна выступіў Артур Беркут, фронтмэн вядомых расійскіх гуртоў «Автограф» (прагрэсіў-рок) і «Ария» (хэві-метал); у ЗША ў святочных шоу бралі ўдзел вядомая акцёрка і тэлевядучая Эллен Деджэнэрес і легенда сусветнай сцэны, спявак і кампазітар Білі «Piano Man» Джоэл; адбыліся дзясяткі канцэртаў, майстар-класаў, адкрытых урокаў, семінараў і іншага ва ўстановах адукацыі і культуры Расіі і краін СНД; шэраг СМІ і тэлекампаній прысвяцілі падзеі свае публікацыі і сюжэты.
Гл. таксама Дзень музычнай крамы
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Неафіцыйныя святы Катэгорыя:Святы 8 лістапада Катэгорыя:Клавішныя музычныя інструменты Катэгорыя:Культурныя мерапрыемствы