Інстыту́т сацыя́льна-паліты́чных дасле́даванняў пры Адміністра́цыі Прэзідэ́нта Рэспу́блікі Белару́сь — былая дзяржаўная навукова-даследчая і аналітычная ўстанова ў Мінску. Займалася ацэнкай і прагназаваннем стану грамадства, а таксама пытаннямі ўнутранай і знешняй палітыкі. Існавала пад рознымі назвамі з 1959 да 2006 года. Размяшчалася па адрасе праспект Пераможцаў, 7.
Гісторыя Установа была заснавана ў 1959 годзе як Інстытут навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды пры Дзяржаўным планавым камітэце Савета Міністраў БССР (Дзяржплан БССР).
У 1968 годзе ўстанова была пераўтворана ў Беларускі навукова-даследчы інстытут навукова-тэхнічнай інфармацыі і тэхніка-эканамічных даследаванняў пры Дзяржплане БССР (БелНДІНТІ). У маі 1993 года інстытут перайшоў у падпарадкаванне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і атрымаў назву Беларускі інстытут навукова-тэхнічнай інфармацыі і прагнозу.
Пасля ўвядзення інстытута прэзідэнцтва, са студзеня 1995 года ўстанова была перададзена ў падпарадкаванне Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і стала называцца Беларускім інстытутам інфармацыі і прагнозу («Белінфармпрагноз»). У 1997 годзе інстытут атрымаў сваю канчатковую назву — Інстытут сацыяльна-палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Установа была ліквідавана 16 кастрычніка 2006 года. На яе базе, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 верасня 2006 года № 570, быў створаны Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ІАЦ).
Напрамкі дзейнасці Галоўнымі задачамі інстытута з'яўляліся даследаванне, выпрацоўка ацэнак і прагнозаў стану беларускага грамадства, а таксама вызначэнне шляхоў яго рэфармавання і развіцця. Асноўныя даследаванні вяліся па наступных напрамках: унутраная і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь; матэрыяльная вытворчасць; працэсы арганізацыі і кіравання ў грамадстве; інтэлектуальныя і інфармацыйныя рэсурсы грамадства; праблемы чалавека, сям'і і грамадства.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Навуковыя інстытуты Беларусі Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 1959 годзе Катэгорыя:Арганізацыі, закрытыя ў 2006 годзе Катэгорыя:Дзяржаўныя ўстановы Беларусі Катэгорыя:Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Арганізацыі Мінска