«Аб’яднанае антысавецкае падполле» («ААП») — назва выдуманых «антысавецкіх дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый», выкарыстаная ў 1937—1938 гадах у перыяд масавых палітычных рэпрэсій супрацоўнікамі НКУС БССР для фабрыкацыі шэрага палітычных працэсаў на Беларусі. Галоўны матыў абвінавачвання — «барацьба супраць Камуністычнай партыі і савецкага ўрада».

Члены «ААП» Да членаў «ААП» былі залічаны таксама актыўныя прыхільнікі «генеральнай лініі» ВКП(б), якія павінны былі адказваць за памылкі, дапушчаныя ў ходзе «сацыялістычнага будаўніцтва». Паводле абвінаваўчых актаў, «ААП» складалася з 6 самастойных арганізацый: «правых», «бундаўска-сіянісцкай», «нацыянал-фашысцкай», «трацкісцка-тэрарыстычнай», «шпіёнска-паўстанцкай», «эсэраўскай». Падводзячы вынікі «барацьбы» з «ААП», начальнік 4-га аддзела УДБ НКУС БССР 1 чэрвеня 1938 года пісаў:

У 1937—1938 гадах за прыналежнасць да «ААП» было арыштавана і асуджана больш за 2570 чалавек, у тым ліку 1015 «царкоўнікаў і сектантаў», 585 «эсэраў», 377 «трацкістаў і зіноўеўцаў», 198 «бундаўцаў», 177 «правых», 138 «нацыянал-фашыстаў», 57 «клерыкалаў», 27 «сіяністаў», 7 «меншавікоў». Значная частка членаў «ААП» да арышту працавала на кіруючых пасадах у партыі, савецкім і гаспадарчым апараце рэспублікі. Як удзельнікі «ААП» былі арыштаваны 23 члены ЦК КП(б)Б і ЛКСМБ, 16 членаў ЦВК і СНК БССР, «выкрыта» 40 наркамаў і іх намеснікаў, 24 сакратары акруговых, гарадскіх і раённых камітэтаў КП(б)Б, 20 старшынь акруговых, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, 179 кіруючых савецкіх і гаспадарчых работнікаў рэспублікі, 25 акадэмікаў і навуковых работнікаў БАН, 20 пісьменнікаў і літаратурных работнікаў.

«Арганізацыя правых» Кіраўнікі — М. М. Галадзед, Д. І. Валковіч (старшыні СНК БССР), А. І. Хацкевіч (сакратар Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР), М. Ф. Гікала, В. Ф. Шаранговіч (першыя сакратары ЦК КП(б)Б), А. Р. Чарвякоў (старшыня ЦВК БССР).

«Месцамі найбольшай канцэнтрацыі ўдзельнікаў антысавецкай арганізацыі правых» з’яўляліся ЦВК, СНК, ЦК КП(б)Б, Дзяржплан, Наркамзем, Наркаммясцпрам, Наркамгас, Наркамляспрам, Наркамлес, гандлёвы апарат і прафсаюзныя арганізацыі. Асноўная задача — звяржэнне савецкай улады. Лічылася, што яны працавалі па заданнях М. К. Анціпава, М. І. Бухарына, А. І. Рыкава. Абвінавачваліся ў тым, што рыхтавалі ў Маскве тэрарыстычны акт супраць І. В. Сталіна, «праводзілі падрыўную работу ў партыйным і савецкім апараце, сельскай гаспадарцы, фінансавай сістэме, прамысловасці і прафсаюзах».

«Бундаўска-сіянісцкая арганізацыя» Кіраўнік — І. Ашаровіч (рэдактар яўрэйскай газеты «Акцябр»). Следствам было ўстаноўлена «існаванне» ў Мінску бундаўскага камітэта з 6 чалавек, звязанага з нелегальным ЦК Бунда ў Маскве. Бундаўскія ячэйкі «знойдзены» ў Мінску (на швейнай фабрыцы, дрэваапрацоўчым заводзе, у друкарні, Наркамгандлі, Белкаапсаюзе, БАН, інваліднай кааперацыі, банку, сістэме Наркамасветы), а таксама ў Віцебску, Гомелі, Магілёве, Мазыры. «Арганізацыя» працавала па заданнях 2-га аддзела Польгалоўштаба, літоўскай і амерыканскай разведак. Паводле абвінаваўчага акта, праводзіла «актыўную шкодніцкую работу на прамысловых прадпрыемствах, галоўным чынам у гарбарнай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, у саматужных арцелях, гандлёвым апараце, фінансавай сістэме і яўрэйскіх навучальных установах».

«Нацыянал-фашысцкая арганізацыя» Кіраўнікі — М. А. Ляўкоў (сакратар ЦВК БССР), З. Х. Жылуновіч (Цішка Гартны), А. І. Дзякаў (наркам асветы БССР), А. Р. Чарвякоў, В. Ф. Шаранговіч (адны з «кіраўнікоў» «арганізацыі правых»).

Члены «арганізацыі» канцэнтраваліся пераважна ў БАН, ВНУ, Саюзе пісьменнікаў БССР, ЦК КП(б)Б, ЦВК, СНК, апаратах Наркамасветы. Галоўная задача — «рэстаўрацыя капіталізму ў БССР». Выступалі «супраць індустрыялізацыі краіны і за захаванне кулака як асноўнай апоры ў вёсцы». Згодна з абвінаваўчым актам, «арганізацыя» дзейнічала «па непасрэдных заданнях 2-га аддзела Польгалоўштаба», «праводзіла актыўную дыверсійна-шкодніцкую работу ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сістэме народнай адукацыі і ў галіне культуры».

«Трацкісцка-тэрарыстычная арганізацыя» Кіраўнікі — М. Ф. Гікала (адзін з кіраўнікоў «арганізацыі правых»), Р. М. Рубінштэйн (загадчык аддзела паліторганаў ЦК КП(б)Б), Л. А. Готфрыд (загадчык культпрападдзела ЦК КП(б)Б).

Дзейнічала з 1933 года «па непасрэдных заданнях англійскай разведкі». Членамі «арганізацыі» з’яўляліся работнікі кіруючых звёнаў партыйнага, савецкага і гаспадарчага апаратаў, навуковых і навучальных устаноў, гаркамаў, райкамаў і ЦК КП(б)Б, райвыканкамаў, прамысловых наркаматаў, Наркамфіна, Наркамюста, БАН, БДУ, Саюза пісьменнікаў БССР, Камітэта па справах мастацтваў, ЛКСМБ. Асноўныя задачы — «дэзарганізацыя гаспадаркі краіны з мэтай дыскрэдытацыі кіраўніцтва партыі», падрыхтоўка тэрарыстычных актаў супраць К. Я. Варашылава, М. І. Калініна. «Арганізацыя» вяла «актыўную дыверсійна-шкодніцкую работу ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, на транспарце і ў Чырвонай Арміі».

«Шпіёнска-паўстанцкая арганізацыя» Кіраўнік — мітрапаліт Бліноў. Мела «контррэвалюцыйныя групы» ў Аршанскім, Лепельскім, Магілёўскім, Мазырскім, Слуцкім і Талачынскім раёнах, якія ўзначальвалі мясцовыя святары. У адпаведнасці з абвінаваўчым актам, «дзейнічала» па заданні польскай і японскай разведак, вяла «вялікую работу сярод сектантаў, якія ў Лепельскім і Мазырскім раёнах аб’явілі сябе маўчальнікамі і значная частка іх адмовілася ад атрымання пашпартоў, выканання дзяржпавіннасцей, удзелу ў выбарах у Вярхоўны Савет і перапісе насельніцтва».

«Эсэраўская арганізацыя» Кіраўнікі — А. А. Чарнушэвіч (наркам асветы БССР), П. Я. Панкевіч (сакратар БАН), П. Бадунова (настаўніца).

Эсэраўскія групы былі «выяўлены» ў Бабруйску, Горках, Капылі, Круглым, Магілёве, Мазыры, Навабеліцы, Слуцку, у розных партыйных і савецкіх установах, сістэме народнай адукацыі. Асноўная задача — «адлучэнне Беларусі ад Савецкага Саюза і стварэнне Беларускай дзяржавы пад пратэктаратам Польшчы». Паводле абвінаваўчага акта, «арганізацыя» рыхтавала тэрарыстычныя акты над членамі савецкага ўрада, для чаго былі створаны баявыя эсэраўскія дружыны, займалася шпіянажам на карысць Германіі, Польшчы, Латвіі. Эсэрам прыпісалі таксама «актыўную дыверсійна-шкодніцкую работу ў калгасах», да іх быў залічаны і прыхільнік хутарызацыі Беларусі, былы наркам земляробства БССР Д. Ф. Прышчэпаў.

Прысуд і рэабілітацыя Абвінавачанні грунтаваліся выключна на паказаннях сведак і прызнаннях арыштаваных, атрыманых пасля жорсткіх катаванняў. «Кіраўнікі» і «актыўныя члены» арганізацый «ААП» былі прыгавораны да расстрэлу, астатнія — да розных тэрмінаў папраўча-працоўных лагераў. Іх рэабілітацыя адбывалася на працягу 1955—1989 гадах.

Гл. таксама Саюз вызвалення Беларусі Беларуская народная грамада Беларускі нацыянальны цэнтр

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1918—1939) Катэгорыя:Рэпрэсіі ў БССР Катэгорыя:Судовыя працэсы перыяду сталінскіх рэпрэсій