У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Нацыянальны парк Кірымбаш.
Кірымбаш () — група з 31 вострава ўздоўж заходняга ўзбярэжжа Мазамбікскага праліва. Уваходзяць у склад дзяржавы Мазамбік.
Геаграфія Архіпелаг Кірымбаш уяўляе сабою ланцуг з 31 вострава, выцягнуты з поўначы на поўдзень на 222 км. Усе астравы маюць каралавае паходжанне, многія злучаны водмелямі і каралавымі рыфамі з мацерыком. Найбуйнейшы востраў Іба месціцца ў паўднёвай частцы. Яго плошча — каля 36 км².
Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя тэмпература ў сухі сезон з красавіка да верасня трымаецца каля +27 °C. У вільготны сезон яна падвышаецца на 3 °C.
Прырода Вылучаюць некалькі экалагічных зон, характэрных для архіпелага Кірымбаш: лясы міёмба, сухія саванны з зараснікамі высокіх траў і акацый, прыбярэжныя лясы, мангры. Дзякуючы блізкасці мацерыка жывёльны свет сушы даволі багаты. Ён прадстаўлены 447 відамі птушак і 46 відамі сысуноў. На астравах сустракаюцца птушкі-насарогі, сланы, буйвалы, львы, леапарды, дзікія сабакі. Аднак найбольшую цікавасць уяўляюць навакольныя марскія воды, населеныя 52 відамі каралаў, 140 відамі малюскаў, 5 відамі марскіх чарапах, 4 відамі дэльфінаў, 3 відамі кітоў, 350 відамі рыб.
У 2002 г. для аховы прыроды архіпелага быў створаны нацыянальны парк Кірымбаш.
Гісторыя Першымі наведвальнікамі і насельнікамі астравоў Кірымбаш былі суахілі. У канцы XV — пачатку XVI ст. яны былі даследаваны партугальскімі экспедыцыямі на чале з Васка да Гама і Жуанам да Нова. Партугальцы захапілі востраў Іба і стварылі на ім каланіяльнае паселішча. У 1975 г. архіпелаг быў далучаны да незалежнага Мазамбіка. У нашы дні асноўныя галіны эканомікі: рыбалоўства, турызм, вырошчванне какосавай пальмы.
Спасылкі The Quirimbas Archipelago — UNESCO World Heritage Centre Quirimbas Archipelago Mozambique Travel Guide Quirimbas National Park Mozambique: a hide away in the Quirimbas Archipelago
Катэгорыя:Астравы Мазамбіка Катэгорыя:Астравы Індыйскага акіяна Катэгорыя:Архіпелагі