У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Востраў Базаруту.
Базаруту () — група з 5 астравоў уздоўж заходняга ўзбярэжжа Мазамбікскага праліва. Уваходзяць у склад дзяржавы Мазамбік. Уваходзіць у склад аднайменнага нацыянальнага парка. Прыкладная плошча — 156 км². Насельніцтва — 3500 чалавек.
Геаграфія Архіпелаг Базаруту месціцца за 530 км на паўночны ўсход ад Мапуту, сталіцы Мазамбіка. Складаецца з 5 астравоў. Найбуйнейшы востраў Базаруту займае каля 123 км², астатнія 4 астравы — каля 33 км².
Архіпелаг сфарміраваўся ў плейстацэнавы перыяд, калі ў выніку ваганняў узроўню акіяна ўздоўж берагавой лініі Афрыканскага мацерыка вылучылася скальная водмель. Яе апанавалі каралы. Моцная Мазамбікская плыня прыносіла пясок. У выніку на водмелі ўзніклі ўчасткі сушы. Падобна на тое, што плошча астравоў паступова павялічваецца і ў нашы дні. Усходнюю частку астравоў складаюць пясчаныя выдмы. На астравах існуе некалькі глыбокіх азёр — былых каралавых лагун.
У раёне архіпелага знойдзены радовішчы прыроднага газу.
Клімат Базаруту пераходны ад трапічнага пасатнага да трапічнага мусоннага. Штогадовая колькасць ападкаў — каля 978 мм. Сярэднегадавая тэмпература — 24°C.
Прырода На астравах вылучаюць 3 асноўныя экалагічныя зоны: лясы, саванна, пясчаныя выдмы. Флора даволі разнастайная, уключае 157 відаў раслін, у тым ліку ясноткакветныя, бабовакветныя, мальвавыя і інш. Сушу насяляюць антылопы, яшчаркі, кракадзілы, шматлікія птушкі. На пляжах размножваюцца марскія чарапахі.
Архіпелаг знакаміты тым, што яго прыбярэжныя воды з’яўляюцца адным з апошніх прытулкаў дзюгоняў. Каля яго берагоў сустракаюцца кіты, дэльфіны, акулы.
Нацыянальны парк У 1971 г. для бяспекі дзюгоняў была створана ахоўная зона плошчай каля 600 км². У 2001 г. па прапанове Сусветнага фонда дзікай прыроды ўрад Мазамбіка стварыў нацыянальны парк, у склад якога ўвайшлі ўсе астравы Базаруту, а таксама прыбярэжныя воды. Агульная плошча нацыянальнага парка — 1 430 км².
Адносна невялікае насельніцтва астравоў раней займалася рыбалоўствам і збіральніцтвам на каралавым рыфе. Стварэнне нацыянальнага парка абмежавала гэтыя віды дзейнасці. Для далейшага гаспадарчага развіцця архіпелага было вырашана развіваць турызм. У нашы дні ён з’яўляецца асноўнай галіной мясцовай эканомікі. Тым не меней, турыстычная інфраструктура пакуль не забяспечвае заняткамі значную частку астравіцян, таму захоўваецца высокі антрапагенны ціск на прыродныя рэсурсы.
Спасылкі
Marine protection in Mozambique’s Bazaruto Archipelago BAZARUTO ARCHIPELAGO Bazaruto Archipelago: an Area of Globally Outstanding Conservation A Natural History of the Bazaruto Archipelago Bazaruto Archipelago: The Mozambique islands where horses play in the surf
Катэгорыя:Астравы Мазамбіка Катэгорыя:Астравы Індыйскага акіяна Катэгорыя:Нацыянальныя паркі Мазамбіка Катэгорыя:Архіпелагі