Анто́н Па́ўлавіч Карні́цкі (,  — , ) — беларускі жывапісец, аўтар партрэтаў, нацюрмортаў, тэматычных карцін.

Біяграфія Нарадзіўся 30 снежня 1912 года ў Адэсе ва Украіне, куды ў пошуках заробку выехалі яго бацькі з вёскі Любанічы, што на Наваградчыне. Паводле іншых звестак, мастак нарадзіўся ў 1913 годзе, як сцвярджае Міхась Казлоўскі ў сваёй кнізе «Галасы разбуджаных птушак». Сяргей Новік-Пяюн у часопісе «Новы шлях» за 1943 год, падпісаным крыптанімам С. Н., таксама напісаў, што «слонімскі беларускі мастак Антон Карніцкі, народжаны ў 1913 годзе, паходзіць з беднае беларускае сялянскае сям’і з Наваградчыны». Пазней Сяргей Новік-Пяюн у сваіх успамінах «Жыў не дарэмна…», напісаў, што Карніцкі нарадзіўся 30 снежня 1912 года. З ім пагаджаецца і Мікола Агафонаў, аўтар артыкула «У мастацкіх каталогах не значыцца».

У 1922 годзе сям’я Карніцкіх вярнулася на радзіму, на той час Заходнюю Беларусь у складзе Польшчы. Спачатку прыехалі ў бацькавыя Любанічы, але там доўга не затрымаліся, бо не было працы. Потым пераехалі ў Слонім, дзе знайшлі жыллё побач з горадам у Рышчыцах і дзе была сякая-такая праца. Пазней бацька ў Рышчыцах пабудаваў для сям’і невялікую хату.

Паступіў у навагрудскую польскую дзяржаўную гімназію імя Адама Міцкевіча, пасля заканчэння якой паступіў у мастацкую школу Панкевіча ў Варшаве. Пасля быў залічаны вольным слухачом Варшаўскай Акадэміі мастацтваў. З пачатка Другой сусветнай вайны вярнуўся ў Слонім. Горад ужо не быў пад Польшчай, а яго занялі войскі Чырвонай Арміі. У Варшаве засталося і загінула шмат яго твораў. Хворы на сухоты ён заставаўся ў Слоніме і пасля прыходу немцаў.

Падчас адной з аблаваў быў затрыманы немцамі, але дзякуючы намаганням мясцовых беларускіх актывістаў яго адпусцілі. Маляваў карціны для адміністрацыі горада ў абмен на ежу. Немцы вывезлі ў Германію 180 карцін Карніцкага, заявіўшы, што яго карціны будуць зберагацца ў Дрэздэнскай карціннай галерэі. Аднак пасля вайны іх там не было.

Памер 25 студзеня 1944 года. Пахаваны на Ружанскіх могілках у Слоніме. Цяпер творы Антона Карніцкага знаходзяцца за мяжой Беларусі і ў прыватных архівах.

Галерэя

Літаратура Мастак Антон Карніцкі : гісторыка-краязнаўчы і мастацтвазнаўчы нарыс / Сяргей Чыгрын. — Мінск : Кнігазбор, 2009. — 50, с. Мастацтва Беларусі. — 1987. — № 12. — с.64-67 Слонім і ваколіца : гісторыка-краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы, гутаркі / Сяргей Чыгрын. — Мінск, 2014. — с.109-110

Спасылкі

Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Мастакі паводле алфавіта Катэгорыя:Нарадзіліся ў Адэсе Катэгорыя:Памерлі ў Слоніме Катэгорыя:Мастакі-партрэтысты Беларусі Катэгорыя:Мастакі-пейзажысты Беларусі Катэгорыя:Памерлі ад туберкулёзу Катэгорыя:Пахаваныя на Ружанскіх могілках (Слонім)