Лоша — археалагічныя помнікі: курганныя могільнікі ўсходнелітоўскага насельніцтва канца I тысячагоддзя каля в. Лоша (Астравецкі раён, Гродзенская вобласць).

Курганны могільнік—1 Знаходзіцца за 0,1 км на паўночным усходзе ад вёскі і 0,3 км ад берага р. Лоша, на ўскрайку лесу. 74 курганы дыяметрам 5—16 м, вышыня да 1,5 м. Вакол большасці насыпаў прасочваюцца кругавыя раўкі з перамычкамі, асобныя па краі абкладзены камянямі, многія пашкоджаны ямамі. У 1892 годзе Ф. В. Пакроўскі даследаваў 4 курганы, у 1933 годзе Г. Цэгак-Галубовіч — 17. Пахавальны абрад — трупаспаленне на гарызонце пад насыпам. Рэшткі крэмацыі і пахавальны інвентар змешчаны ў цэнтры насыпаў на вугальнай пляме. Пахавальны інвентар: вузкалязовая баявая сякера, наканечнікі коп’яў з пяром ланцэтападобнай формы, нажы, іголкі, гліняныя прасліцы, гліняныя пасудзіны, у т.л. слоікавай формы з валікам, бронзавыя шыйныя грыўні, Бранзалеты , пярсцёнкі, скроневыя кольцы і інш.

Курганны могільнік—2 Знаходзіцца за 1,5 км на захад ад могільніка-1, на краі лесу. 21 курган дыяметрам 6—18 м, вышыня 0,5—1,7 м (у канцы XIX стагоддзя было каля 30 насыпаў). У 1892 годзе Ф. В. Пакроўскі даследаваў адзін курган дыяметрам 10 м, вышынёй 0,9 м. На ўзроўні старажытнага гарызонту выяўлены пласт чорнай зямлі з вуголлем. Паблізу цэнтра кургана на глыбіні 0,35 м знойдзены дробныя абломкі глінянага гаршка. У іншых насыпах мясцовыя жыхары знаходзілі сякеры, наканечнікі коп’яў, нажы.

Літаратура Alseikaite-Gimbutiene, M. Die Bestattung in Litauen in der vorgeschichtlichen Zeit. — Tübingen: J. C. B. Mohr, 1946.

Гуревич, Ф. Д. Древности Белорусского Понеманья / Ф. Д. Гуревич; [Отв. ред. П. Н. Третьяков]; АН СССР, Ин-т археологии. — М.: Изд-во АН СССР. — Л., 1962. — 219, c., л. карт. Покровский Ф. В. Археологическая карта Виленской губернии // Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству IX археологического съезда. — Вильна, 1893. — Отд. 2. Покровский, Ф. В. Случайная археологическая экскурсия в верховья р. Вилейки // Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству IX археологического съезда в Вильне. — Вильна, 1893. — Отд. 1. — С. 122—133. Таутавичюс A. Восточнолитовские курганы // Вопросы этнической истории народов Прибалтики. По данным археологии, этнографии и антропологии. T. 1. — М., 1959. — С. 128—153.

Катэгорыя:Лоша (Астравецкі раён) Катэгорыя:Курганныя могільнікі Астравецкага раёна