Мікалай Іванавіч Каспяровіч (, в. Ізабалёва Ігуменскага павета, цяпер — , Новасібірск, НКУС) — беларускі этнограф, краязнавец, лексікаграф, мастацтвазнавец і літаратуразнавец.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і арандатара. У 1912 скончыў Багушэвіцкую аднакласную царкоўнапрыходскую школу.
У 1915—1917 гадах быў у бежанстве ў Кастрамской губерні, вучыўся ў Кастрамской мужчынскай гімназіі. У 1917 скончыў Ігуменскае пачатковае вучылішча.
У 1917—1921 гадах настаўнічаў у Ігуменскім павеце і адначасова вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце (скончыў у 1921). У 1919—1920 гадах быў інструктарам Часовага беларускага нацыянальнага камітэта і Цэнтральнай беларускай школьнай рады, арганізаваў і быў першым старшынёй Ігуменскіх павятовых беларускага нацыянальнага камітэта і школьнай рады, удзельнічаў у антыпольскім падполлі.
Член арганізацыі «Маладая Беларусь», Мінскага таварыства гісторыі і старажытнасцей пры Мінскім настаўніцкім інстытуце. Член партыі БПС-Р у 1918—1924 гадах.
3 1921 года інструктар Наркамасветы БССР, з 1922 года інспектар Слуцкага, з 1924 года — Віцебскага аддзелаў народнай асветы. 3 1926 года навуковы сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце, сакратар краязнаўчага часопіса «Наш край». Аўтар «Беларуска-расійскага слоўнічка» (1925), «Віцебскага краёвага слоўніка» і «Слоўнічка уласных найменняў» (1927). Пісаў пра гісторыю краязнаўчай працы на Беларусі, яе задачы і методыку, даследаваў гісторыю беларускага выяўленчага мастацтва, архітэктуру, сучасную графіку (арт. «Беларускае малярства ў Польшчы (XIV—XVI стст.)», «Асноўныя моманты гісторыі беларускага дойлідства», «Мінск у графіцы А. М. Тычыны» і інш.). Цікавіўся гісторыяй тэатра, навукі (нарысы «Уладзіслаў Галубок», «Беларускі тэатр у Гродна», «Беларуская навука да Кастрычніка і пасля яго», «Беларуская культура: Да дзесяцігоддзя абвяшчэння БССР»). Склаў бібліяграфію твораў К. Каганца, даследаваў асобныя праблемы развіцця беларускай літаратуры (нарыс «Карусь Каганец», арт. «Матывы барацьбы ў творчасці М. Багдановіча», «Беларуская літаратура ў Латвіі»). Укладальнік першага беларускага дапаможніка па тэорыі літаратуры «Узоры для літаратурных гурткоў пры „Маладняку“ і гурткоў селькораў» (1927).
Арыштаваны ДПУ БССР 29 чэрвеня 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Па пастанове АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года зняволены ў лагерах тэрмінам на 5 гадоў (Асінкі Кемераўскай вобласці). Пасля вызвалення ў 1935 годзе жыў у Новасібірску, выкладаў рускую мову і літаратуру ў тэхнікуме сувязі. Паўторна арыштаваны 28 жніўня 1937 года; па пастанове пазасудовага органа ад 17 снежня 1937 года прыгавораны да расстрэлу. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 19 верасня 1960 года, па другім — 14 лютага 1958 года.
Памяць 21 мая 2013 года ў Віцебску на доме № 4 па вуліцы Крылова ўсталявана мемарыяльная дошкаМемарыяльная дошка Мікалаю Каспяровічу.
Бібліяграфія Беларуская архітэктура. Віцебск, 1925; Матэрыялы да вывучэння віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва. Мн., 1927; Беларуская навука да Кастрычніка і пасля яго. — Мн., 1927; Краязнаўства: (Нарысы). Мн., 1929.
Літаратура
Беларускі фальклор : энцыклапедыя : [у 2 т. / рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш.]. — Мн.: БелЭн, 2005. — Т. 1. — С. 672. — 2000 экз. — ISBN 985-11-0334-9.
Германовіч І. К. Жыццё праляцела знічкай // ЛіМ. 1980, 22 жн. Германовіч І. К. Беларускія мовазнаўцы: нарысы жыцця і навук. дзейнасці. — Мн., 1985. С. 141—162. Лісаў А. Г., Падліпскі А. М. Краязнавец Мікалай Каспяровіч. — Віцебск, 2000.
Катэгорыя:Беларусісты Катэгорыя:Лексікографы Беларусі Катэгорыя:Краязнаўцы Беларусі Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Мастацтвазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Віцебская філія Маладняка Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР