Барысавы камяні — манументальныя помнікі эпіграфікі XII ст. ў Беларусі — 7 вялікіх валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози…». Названы ад імя полацкага князя Барыса Усяславіча (кан. 1040-х — 1128).
Выяўленне Першым згадаў адзін з Барысавых камянёў польскі гісторык Мацей Стрыйкоўскі, які служыў у віцебскім гарнізоне ў другой палове XVI ст., у сваёй «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» ён піша:
Кожны знойдзе і сёння яўнае сведчанне, камень які выступае з Дзвіны, ад Дзісны, сённешняга закладзенага на нашай памяці места, у адной мілі, а ад Полацка сем, паміж Дрысаю і Дзісной, калі плыць уніз у Рыгу, на якім камяні ёсць крыж выразаны на рускі ўзор, такі, а таго князя Барыса ёсць надпіс пад ім…"
Асноўныя звесткі
Вядомы: 5 камянёў у рэчышчы Дзвіны — па адным каля Падкасцельцаў за 5 км ад Полацка і каля Друі Браслаўскага раёна, тры каля Дзісны Міёрскага раёна (2 каля былых Балотак, 1 каля былых Накоўнікаў); 2 на сушы — каля Дзятлава Аршанскага раёна — т. зв. «Рагвалодаў камень», і каля Высокага Гарадца Талачынскага раёна -- т. зв. Кравец або Сцяпан (усе — Віцебская вобласць.)
Захаваліся тры з іх: у Полацку каля Сафійскага сабора (раней ляжаў каля Падкасцельцаў, перавезены ў 1981); у Друі на цэнтральнай плошчы (раней ляжаў на беразе Дзвіны, перавезены ў 2001Бегунова, Е. С днем рождения, Друя! // Рэспубліка. 2011. № 229. , расколаты на 2 часткі ў савецкі час); у Маскве ў музеі-запаведніку «Каломенскае» (адзін з дзісенскіх з-пад Балотак, з надпісам «Сулиборъ хръст», у 1887—1888 гадах падняты з рэчышча і вывезены).
Астатнія не захаваліся. Гэтыя камяні знішчалі ў савецкі час у перыяд барацьбы з рэлігіяй. Рагвалодаў камень узарвалі ў 1930-х гадах, камень каля Высокага Гарадца ў 1936 годзе (нібыта для будаўніцтва шашы Мінск — Масква). Два камяні каля Дзісны (каля вёсак Балоткі і Накоўнікі) ўзарваны ў 1939 годзе савецкімі войскамі падчас паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну.
Магчыма, да прыняцця хрысціянства (Х ст.) Барысавы камяні былі паганскімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду Рагвалода Усяславіча (у хрышчэнні Барыса) у першай трэці XII ст. з мэтай увекавечыць імя князя і, магчыма, для супрацьдзеяння ўзнаўленню паганскіх вераванняў.
У народзе камяні вядомы пад назвамі Барыс, Барыс-Хлебнік, Барыс-Глеб, Барысаглебскі, Пісар, Пісанік і інш. Ёсць шмат паданняў пра камяніДучыц, Л. Барысавы камяні // С. 88.
Існуе таксама падобны камень пад назвай Варацішын крыж — у в. Камена Вілейскага р-на Мінскай вобл..
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Рыбаков, Б. А. Русские датированные надписи XI—XIV веков. — М., 1964. Карский, Е. Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам. — М., 1962. Дучыц, Л. У. Барысавы камяні // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 18 тт. Т. 1. — Мінск, 1993. — С. 315. ISBN 5-85700-074-2. Дучыц, Л. У. Барысавы камяні: (гістарыяграфічны агляд) // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1985. № 4
Таранович В. П. К вопросу о древних лапидарных памятниках с историческими надписями на территории Белорусской ССР // Советская Археология / ак. Б. Д. Греков. — Москва — Ленинград: Издательство Академии Наук СССР, 1946. — Т. VIII. — С. 249—260 — 3000 экз. Варонін В. Камяні з гістарычнымі надпісамі: загадка "Аляксандра" // Гістарычны альманах. Т. 10. -- Гродна, 2004. -- С. 208-211.
Спасылкі
Барысавы камяні // Спадчына Беларусі.
Катэгорыя:Полацкае княства Катэгорыя:Эпіграфіка