Беларусь ва ўварванні Расіі ва Украіну — удзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскім уварванні ва Украіну, што ўцягвае Беларусь у канфлікт як аднаго з агрэсараў паводле міжнароднага права.
Пасля працяглага нарошчвання ваеннай моцы Расія пачала ўварванне ва Украіну 24 лютага 2022 года, кампанія пачалася прызнаннем так званых Данецкай Народнай Рэспублікі і Луганскай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей на ўсходзе Украіны і ўводу Узброеных сіл Расіі на гэтыя тэрыторыі Украіны. Адначасова пачалося і наступленне расійскіх войскаў на Украіну з беларускай тэрыторыі, якое ўзмацнялася і пашыралася ў наступныя дні.
Паводле рэжыму Лукашэнкі, яго роля абмяжоўваецца прадастаўленнем тэрыторыі Беларусі для дзеянняў Узброеных сіл Расіі. Асобныя ўкраінскія дзеячы заяўлялі пра непасрэдны ўдзел Узброеных сіл Беларусі ў баявых дзеяннях. Аднак ваенныя ведамствы Беларусі, ЗША, Расіі і Украіны станам на 4 сакавіка гэту інфармацыю не пацвярджалі. Садзейнічанне расійскаму ўварванню выклікала пратэсты ў Беларусі, асуджальную заяву Святланы Ціханоўскай, міжнародную рэакцыю і супрацьдзеянне.
Прававая ацэнка Паводле Рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН 3314 (XXIX) «Вызначэнне агрэсіі» (14 снежня 1974 года): Артыкул 3. Кожнае з наступных дзеянняў <…> будзе кваліфікавацца як акт агрэсіі: <…> f) дзеянні дзяржавы, якая дазваляе, каб яе тэрыторыя, якую яна дала ў распараджэнне іншай дзяржавы, выкарыстоўвалася гэтай іншай дзяржавай для здзяйснення акта агрэсіі супраць трэцяй дзяржавы.
Дагавор аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай, падпісаны ў Мінску 17 ліпеня 1995 года (ратыфікаваны Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 25 красавіка 1996 года № 225-ХIII): Артыкул 3. Кожны з Высокіх Дагаворных Бакоў абавязуецца ўстрымлівацца ад удзелу або падтрымкі якіх бы то ні было дзеянняў, накіраваных супраць іншага Высокага Дагаворнага Боку, і не дапускаць, каб яго тэрыторыя была выкарыстана на шкоду інтарэсам бяспекі іншага Высокага Дагаворнага Боку.
Пазіцыя рэжыму Лукашэнкі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што напад Расіі на Украіну быў неабходны, назваў гэта «прэвентыўным ударам». У адваротным выпадку, паводле яго, Украіна б напала на Беларусь: «Не зрабілі б гэта за суткі да гэтага, паверце, праз некалькі дзён мы б зазналі гора з большымі стратамі. Яшчэ раз гавару, яны не толькі па Данбасе рыхтаваліся нанесці ўдар — яны выстраілі пазіцыі для нанясення ўдару па Беларусі».
31 сакавіка Лукашэнка заявіў, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі падрыхтаваў «Захад» з мэтай перашкодзіць расійскаму нападу на Украіну: «Было жаданне адрэзаць тут і правесці чырвоную рысу для Расіі. Украіна ўжо там была, Беларусь трэба было побач паставіць. І ўжо аперацыю немагчыма было б правесці, калі дзве рэспублікі былі б падмятыя пад іх».
1 красавіка 2022 года прэс-служба Уладзіміра Пуціна паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка ў тэлефоннай размове падтрымаў дзеянні Расіі ў вайне супраць Украіны.
Уцягнутасць тэрыторыі Беларусі Раніцай 24 лютага 34 расійскія ударныя верталёты Ка-52 і за імі 18 штурмавых варталётаў Мі-8 з каля 300 дэсантнікамі вылецелі з беларускай паветрай прасторы для атакі і захопу аэрадрома каля Гастомэля паўночней Кіева. Адначасова з беларускай тэрыторыі і паветранай прасторы абстраляна і атакавана ўкраінская тэрыторыя, у т.л. пункты пропуску «Вільча», «Славуціч», «Новыя Ярылавічы», «Сэнькіўка» і там завязаліся баі. Праз «Вільчу», пост «Чарнобыль» (аўтадарога P35-P56), «Новыя Ярылавічы» і «Сэнькіўку» пачалося расійскае наземнае ўварванне. Перад «Славуцічам» украінскія ўзброеныя сілы падарвалі на сваёй тэрыторыі частку моста цераз Дняпро і тут уварванне было немагчымым. З Беларусі праз «Новыя Ярылавічы» і «Сэнікіўку» расійскія войскі наступалі ў кірунку Чарнігава з планамі хуткага яго захопу і далейшага выхаду да ўсходніх прадмесцяў Кіева, а праз «Вільчу» і пост «Чарнобыль» бязлюднай зонай адчужэння Чарнобыльскай АЭС проста на Кіеў, 24 лютага захапілі Чарнобыльскую АЭС і 25 лютага выйшлі да паўночных кіеўскіх прадмесцяў. Наступнымі днямі пасля 24 лютага з беларускай тэрыторыі і паветранай прасторы адбываліся абстрэлы прымежнай ўкраінскай тэрыторыі зброяй розных сістэм і калібраў.
Расійскі Іл-76 з дэсантам, які планавалі да высадкі на аэрадром каля Гастомеля, але не здолелі яе забяспечыць, садзіліся на аэрадроме ў Гомелі і на тэрыторыю Украіны расійскія падраздзяленні ішлі сваім ходам. Паводле паведамлення УСУ ад 25 лютага, расійскія разведвальныя самалёты тыпу A-50 здзяйсняюць з беларускай прасторы кіраванне і навядзенне авіяцыі па тэрыторыі Украіны. Кіраванне і навядзенне расійскай авіяцыі расійскімі разведвальнымі самалётамі з беларускай паветранай прасторы ажыццяўляліся і ў наступныя дні. Паводле УСУ, 27 лютага ўкраінскія ПС каля 09:00 (кіеўскага часу) збілі крылатую ракету, выпушчаную па Кіеве расійскім Ту-22 з беларускай паветранай прасторы. Пазней беларускай грамадскай ініцыятывай апублікаваны перахоп навядзення на цэлі расійскім разведвальным самалётам іншых расійскіх самалётаў, якія наносілі ўдары па Украіне з беларускай паветранай прасторы. Навядзенне абстрэлаў з беларускай паветранай прасторы спынілася пасля атакі дронамі і пашкоджанне расійскага А-50 на аэрадроме «Мачулішчы» 26 лютага 2023 года.
24 лютага з беларускай тэрыторыі Украіну абстралялі ў паўднёва-заходнім кірунку 4 балістычнымі ракетамі, 27 лютага гэта прызнаў Аляксандр Лукашэнка. Абстрэлы расійскімі балістычнымі ракетамі з беларускай тэрыторыі вядуцца і ў наступныя дні. Станам на сярэдзіну дня (мінскага часу) 3 сакавіка 2022 года, паводле Міністэрства абароны ЗША, зафіксавана болей за 70 пускаў расійскіх балістычных ракет з беларускай тэрыторыі па Украіне.
Расійскія войскі карыстаюцца беларускай вайсковай і цывільнай інфраструктурай: чыгункай і аўтамабільнымі дарогамі, ваеннымі аэрадромамі ў Баранавічах, Лідзе, Лунінцы, Мачулішчах і інш. Цывільны аэрапорт Гомеля ўжываецца для запускаў расійскіх ударных БПЛА па цэлях ва Украіне. Расійскія войскі карыстаюцца шпіталямі прынамсі ў Гомелі і Мазыры, кватаруюць у цывільных будынках, прынамсі ў Нароўлі. Вядома выкарыстанне цывільнага аўтапарка як рамонтнай базы для расійскай ваеннай тэхнікі.
Уцягнутасць сілавых структур Беларусі
Станам на канец дня (мінскага часу) 2 сакавіка 2022 года, паводле прэс-сакратара , у Міністэрства абароны ЗША няма звестак, што УС Беларусі непасрэдна ўдзельнічаюць або збіраюцца непасрэдна ўдзельнічаць у расійскім уварванні ва Украіну. 4 сакавіка Міхаіл Падаляк, член украінскай дэлегацыі на перамовах з Расіяй заявіў, што «ўварвання беларускіх войскаў на Украіну пакуль няма». Прадстаўнікі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, пачынаючы з 24 сакавіка таксама неаднакроць адмаўлялі ўдзел беларускага ваеннага кантынгента ў баявых дзеяннях, аднак, Лукашэнка 24 сакавіка заявіў, што ў пэўных умовах можа далучыцца да расійскага ўварвання.
Беларускія вайскоўцы, у тым ліку тэрміновай службы, удзельнічаюць у арганізацыі і ўпарадкаванні лагераў расійскіх войскаў, разгрузачна-пагрузачных і іншых працах. Вядомы выпадкі, калі салдаты тэрміновай службы ачышчалі, у тым ліку ад чалавечых рэшткаў, эвакуяваную з палёў бою ва Украіне пашкоджаную расійскую бранятэхніку. Верталёты УС Беларусі ўдзельнічаюць у пошуках і выратаванні расійскіх вайсковых экіпажаў, пацярпелых крушэнне ў беларускай паветранай прасторы. Вядомы выпадкі перавозак аўтатранспартам на беларускіх вайсковых нумарах боепрыпрыпасаў, у прыватнасці авіябомб.
Украінская CERT-UA выявіла фішынгавую атаку на ўкраінскіх вайсковаслужбоўцаў і абвінаваціла ў гэтым мінскую групоўку , а яе членаў ідэнтыфікавала як афіцэраў УС Беларусі.
У прымежных з Украінай раёнах Беларусі размешчана 5 БТГ УС Беларусі, прынамсі адна БТГ са складу механізаваных брыгад, астатнія — са складу ССА. Паводле Лукашэнкі, колькасць БТГ мусілі давесці да 10. 23 сакавіка стала вядома, што сфарміравана яшчэ 5 БТГ, але яны не далучыліся да першых, а адбылася ратацыя — пасля чатырох тыдняў на памежжы, першыя 5 БТГ вярнуліся ў месцы сталай дыслакацыі. Афіцыйна задача гэтых сіл вызначаецца як «узмацненне дзяржаўнай мяжы з Украінай», бо «ўкраінскі бок не кантралюе дзяржаўную мяжу».
Ваенныя інструктары У сакавіку 2023 года Мінабароны краіны апублікавала кадры з падрыхтоўкі беларускімі інструктарамі расійскіх вайскоўцаў. Ваеннаслужачыя РФ удасканальвалі сваю стральбу з аўтаматаў, практыкаваліся ў кіраванні бранятэхнікі, вывучалі тактычную медыцыну, прайшлі інжынерную падрыхтоўку і псіхалагічную паласу перашкод. Еўрарадыё паведаміла, што навучанне нібыта праводзілася для далейшага ўдзелу ў баявых дзеяннях ва УкраінеМинобороны показало, как белорусские инструкторы тренируют российских военных.
У красавіку начальнік Галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі генерал-маёр Аляксандр Бас заявіў БЕЛТА, што каля 500 беларускіх інструктараў рыхтуюць ваенных рэгіянальнай групоўкі войск. Як ён адзначыў, навучанне праводзіцца на падставе аналізу формаў і спосабаў прымянення войск падчас канфлікту ва УкраінеК защите Союзного государства готовы! Как проходит подготовка военных региональной группировки войск.
Для падрыхтоўкі байцоў, у тым ліку мабілізаваных, былі створаны намётавыя лагеры на палігонах «Лепельскі» пад Лепелем, «Рэпішча» пад Асіповічамі і «Абуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі. Навучанне праводзілася з кастрычніка 2022 года па 3 ліпеня 2023 года, пасля чаго аб’екты згарнулі. Усяго ў Беларусі прайшло падрыхтоўку да некалькі тысяч мабілізаваныхРасейскіх мабілізаваных больш ня будуць рыхтаваць у Беларусі Спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі ліквідацыю лягераў на беларускіх палігонах // Радыё Свабода, 5 ліпеня 2023.
Пратэсты і супраціў беларусаў
Пратэсты ў Беларусі
Са зваротамі супраць вайны і ў падтрымку Украіны выступіў шэраг творчых і прафесійных беларускіх супольнасцяў, а таксама асоб, у тым ліку тых, хто зараз жыве ў Беларусі. Так, вядомы звароты беларускіх гісторыкаў, навукоўцаў НАН Беларусі. З асабістых вядомы зварот былога камандзіра 38-й брыгады Валерыя Сахашчыка. Публічна пратэставалі супраць вайны некалькі праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх святароў і пастараў.
З 24 лютага ў Беларусі адбываюцца адзіночныя антываенныя пікеты, пра іх вядома прынамсі ў Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Маладзечне і Мінску, такіх пратэстоўцаў хапаюць падчас пікета, або неўзабаве, у тым ліку дома. Так, 24 лютага ў Маладзечне на пікет выйшла Вольга Барунова, яе схапілі праз 15 хвілін. Таксама 24 лютага ў Гомелі схапілі невядомага мужчыну, які паспеў напісаць на плоце «Пуцін». 27 сакавіка ў Віцебску затрымалі Кацярыну Бекан за пікет з жоўта-блакітнымі кветкамі на плошчы Перамогі. У Мінску 1 сакавіка схоплена невядомая жанчына з дзяўчынкай за пікет на Кастрычніцкай плошчы з плакатам «Спыніце вайну» і жоўта-блакітнымі шарыкамі, 2 сакавіка невядомы хлопец выйшаў у пікет па раздзяляльнай паласе праспекта Незалежнасці, 9 сакавіка невядомы хлопец выйшаў на пікет з плакатам «Абдымі, калі супраць вайны» на вуліцу Веры Харужай, 11 сакавіка па даносе суседа быў схоплены Дзмітрый Мацюшонак за плакат «No war» на балконе. Святлана Ціханоўская заклікала да «антываеннай мабілізацыі», адзначыўшы, што яна ў грамадстве ўжо ідзе сама сабой.