Іван Яўгенавіч Краўцоў (нар. 10 чэрвеня 1989 года, Мінск, Беларуская ССР) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, архітэктар, менеджар. Выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады ў 2020—2026 гадах, дэлегат рады IV склікання, сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Разам» і каманды кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі.
Біяграфія
Дзяцінства Іван Краўцоў нарадзіўся ў Мінску 10 чэрвеня 1989 года. Маці — Людміла Краўцова, беларуская спявачка, бацька — Яўген Іванавіч Краўцоў (1964—2012) — саўладальнік і старшыня камерцыйнага банка «Мінсккомплексбанк», далучанага да Беларусбанка ў 2005 годзе. Бабуля — Галіна Іванаўна Краўцова, прафесар эканомікі БДЭУ.
Кар’ера Да ўдзелу ў выбарчай кампаніі Іван з’яўляўся заснавальнікам і арт-дырэктарам Архітэктурнага бюро 35 у Мінску; сярод праектаў бюро — жылы комплекс «Алімпік Парк». Таксама выкладаў у БНТУ. Да мая 2019 года Іван Краўцоў працаваў галоўным стратэгічным дырэктарам Мінскага гадзіннікавага завода «Луч». За час яго працы завод абнавіў лагатып і фірмовы стыль, перазапусціў аддзел маркетынгу і выпусціў серыю лімітаваных калекцый у калабарацыях з беларускімі мастакамі і медыяперсонамі — у тым ліку гадзіннікі з літарай «Ў» на цыферблаце, калекцыю «Вышыванка» і мадэлі сумесна з World of Tanks; Краўцоў таксама кіраваў будаўніцтвам новага будынка завода.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 2020 года
У маі 2020 года Іван Краўцоў далучыўся да перадвыбарчай каманды беларускага банкіра Віктара Бабарыкі як выканаўчы менеджар па публічных адносінах. 28 ліпеня 2020 года разам з Марыяй Калеснікавай і іншымі членамі каманды Віктара Бабарыкі ён падаваў хадайніцтва ў КДБ Беларусі пра змену Віктару меры ўтрымання.
Каардынацыйная рада
Пасля выбараў, 18 жніўня 2020 года, палітычныя і грамадскія актывісты абвясцілі пра стварэнне Каардынацыйнай рады для правядзення перамоў з беларускімі ўладамі пра мірную перадачу ўлады. У склад рады ўвайшлі вядомыя грамадскія дзеячы і палітыкі, у тым ліку нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, мастак і дызайнер Уладзімір Цэслер, давераная асоба Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова, юрыст штаба Бабарыкі Максім Знак і Марыя Калеснікава. Краўцоў увайшоў у склад рады з моманту яе заснавання ў якасці выканаўчага сакратара — гэтую пасаду ён займаў шэсць гадоў, да жніўня 2026 года. 1 верасня 2020 года ён быў выкліканы на допыт у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь і апытаны ў якасці сведкі ў рамках расследавання па крымінальнай справе па артыкуле 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання).У 2023 годзе ўлады Беларусі прызналі Каардынацыйную раду «экстрэмісцкім фарміраваннем», а ў лістападзе 2023 года ў Беларусі прайшло больш за 130 ператрусаў, звязаных з сябрамі рады. 23 студзеня 2024 года Следчы камітэт распачаў спецыяльную (завочную) вытворчасць у дачыненні да Краўцова па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса, а 16 траўня таго ж года Мінскі гарадскі суд завочна асудзіў яго да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 14 чэрвеня 2024 года МУС Беларусі ўнесла Краўцова ў «спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці»; таксама ён быў уключаны КДБ у пералік асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
Увесну 2024 года Краўцоў прыняў удзел у выбарах у раду трэцяга склікання ад выбарчага спісу Моладзевы Наступ. У склад рады не трапіў, але ў ліпені 2024 года быў зноў абраны яе сакратаром — трэці раз запар, атрымаўшы 68 % галасоў дэлегатаў.
У маі 2026 года Краўцоў зноў прыняў удзел у выбарах — ад спісу «Наступ» — і быў абраны дэлегатам у Каардынацыйную раду чацвёртага склікання; у галасаванні ўзялі ўдзел 2113 грамадзян Беларусі. 10 жніўня 2026 года ён завяршыў выкананне абавязкаў сакратара, аднавіўшы мандат дэлегата; выконваючым абавязкі сакратара стаў Яўген Караулаў.
Выкраданне Марыі Калеснікавай і прымусовы вываз
7 верасня 2020 года ў СМІ з’явілася інфармацыя, што знікла каардынатар каманды Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава. Яна прапала разам з Іванам Краўцовым і прэс-сакратаром Каардынацыйнай рады Антонам Раднянковым.
Як высветлілася пазней, Краўцова адвезлі ў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, дзе невядомыя сілавікі пагражалі яму 12-гадовым зняволеннем. Яны патрабавалі ад Краўцова вывезці Калеснікаву з краіны на асабістым аўтамабілі. На думку сілавікоў, аперацыя мусіла дапамагчы «дээскалацыі» палітычнай сітуацыі ў Беларусі, а праўладныя ЗМІ павінны былі абвясціць, што «лідары расчараваліся ў пратэсце».
У той жа дзень у кватэры Краўцова адбыўся ператрус. Нягледзячы на тое, што супрацоўнікі КДБ пагражалі Марыі Калеснікавай турмой або забойствам, яна здолела застацца, наўмысна парваўшы пашпарт на беларуска-ўкраінскай мяжы. Краўцоў і Раднянкоў здолелі перасячы ўкраінскую мяжу, нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка абвясціў пра просьбу экстрадыцыі абодвух.
11 верасня Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь распачаў у дачыненні да Краўцова крымінальную справу па ч. 4 арт. 210 КК РБ за крадзеж шляхам злоўжывання працоўнымі паўнамоцтвамі.
17 верасня Іван Краўцоў падаў заяву ў Следчы камітэт пра распачынанне расследавання па факце яго выкрадання і незаконнай экстрадыцыі.
Калеснікава заставалася ў зняволенні да 13 снежня 2025 года, калі была вызвалена разам з Віктарам Бабарыкам у ліку 123 палітычных зняволеных, вывезеных ва Украіну.
Партыя «Разам»
У жніўні 2020 года Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава ў відэазвароце заявілі пра стварэнне палітычнай партыі «Разам». Гаворка вялася пра тое, што неўзабаве каманда падасць дакументы на рэгістрацыю партыі ў адпаведныя органы. Аднак неўзабаве Марыя Калеснікава і іншыя сябры каманды Бабарыкі былі арыштаваны. Стварэнне палітычнай партыі аднавілася ў канцы сакавіка 2021 года. Разам з іншымі членамі каманды і актывістамі ў аргкамітэт партыі ўвайшоў таксама і Іван Краўцоў.
Палітычная пазіцыя Краўцоў — прыхільнік дээскалацыі ў адносінах Еўрасаюза і Беларусі: адкрыцця межаў, аднаўлення авіязносін, спынення рэпрэсій. Санкцыйную палітыку ён ацэньвае крытычна, параўноўваючы санкцыі з «хіміятэрапіяй», якая «разам з хворымі клеткамі гасіць і здаровыя» і на якой «сядзець увесь час не атрымаецца»; перамовы Захаду з Лукашэнкам ён называў неабходнымі пачынаючы з 2021 года. Знешнюю палітыку амерыканскай адміністрацыі Дональда Трампа Краўцоў ацэньваў пазітыўна.
Краўцоў — паслядоўны прыхільнік перамоўнага трэку, найперш амерыканскага. Пасля таго як 21 чэрвеня 2025 года, па выніках сустрэчы Лукашэнкі са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Кітам Келогам у Мінску, былі вызвалены Сяргей Ціханоўскі і яшчэ 13 палітычных зняволеных, Краўцоў заявіў, што «тое, пра што мы чатыры гады запар казалі амерыканцам і еўрапейцам, пачынаючы з лістапада 2021 года, нарэшце пачало адбывацца», і заклікаў звярнуцца да прэзідэнта ЗША, каб той пагаварыў з Лукашэнкам пра вызваленне ўсіх астатніх палітзняволеных.
Свае ацэнкі ў дачыненні да Расіі Краўцоў характарызуе як пытанне палітычнай кампетэнтнасці, а не сімпатый да Масквы: «Пытанне не ў прарасійскасці, пытанне ў адэкватнасці». Ён выступае супраць сцэнара распаду Расіі, лічачы яго стратэгічна небяспечным для рэгіёна і Беларусі: на яго думку, распад прывёў бы да хаосу, а стратэгічнай мэтай павінны быць змены ў Расіі да лепшага. Пры гэтым ён заклікае дэмакратычныя сілы зыходзіць з таго, што Расія застанецца фактарам рэгіянальнай палітыкі, асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі і месцам працоўнай міграцыі.
Пратэсты 2020 года Краўцоў лічыць завершаным этапам: паводле яго слоў, рэжыму «ўдалося падавіць пратэсты, зачысціць палітычнае поле і адаптавацца да санкцый — гэта факты». Наступны шанц транзіту ўлады ён звязвае з групамі ўплыву ўнутры Беларусі, найперш з бізнесам і прыватным сектарам.
У лютым 2026 года ў інтэрв'ю Радыё Свабода Краўцоў заявіў пра неабходнасць «перафарматаваць дэмакратычныя сілы» і паказваў на сістэмную праблему — адсутнасць у Каардынацыйнай рады рэальных рычагоў уплыву на Аб'яднаны пераходны кабінет і Святлану Ціханоўскую.
Гл. таксама Віктар Бабарыка Максім Знак Каардынацыйная рада (Беларусь)
Крыніцы
Катэгорыя:Постаці Мінска Катэгорыя:Архітэктары Беларусі Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Члены Каардынацыйнай рады Катэгорыя:Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі Катэгорыя:Члены фракцыі Наступ