Крысціян Берар (; , , Францыя — , , Францыя), вядомы таксама як Бебэ () — французскі мастак, ілюстратар і мастак па касцюмах.

Крысціян Берар і яго партнёр Барыс Кахно, які пасля Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у стварэнні трупы «Балет Елісейскіх палёў», з’яўляліся адной з найбольш вядомых гомасексуальных пар Францыі ў 30—40-я гады XX стагоддзя.

Біяграфія Крысціян Берэр нарадзіўся ў 1902 годзе ў Парыжы. Дзіцем навучаўся ў ліцэі Жансон-дэ-Саі, а ў 1920 годзе паступіў у Акадэмію Рансана, дзе на яго мастацкі стыль аказалі ўплыў Эдуар Вюяр і Марыс Дэні.

Першая выстаўка прац Берара прайшла ў 1925 годзе ў «Галерэі П’ер», калі яму было 23 гады. З самага пачатку сваёй кар’еры ён цікавіўся афармленнем дэкарацый для тэатраў і дызайнам касцюмаў, адыграўшы вялікую ролю ў развіцці тэатральнага дызайну ў Францыі ў 1930—1940-я гады. У пачатку 1930-х гадоў Берар супрацоўнічаў з дызайнерам Жан-Мішэлем Франкам, распісваючы для яго шырмы, мэблю і ствараючы эскізы дываноў. Працуючы ў якасці ілюстратара моды, супрацоўнічаў з такімі мадэльерамі, як Эльза Скіяпарэлі, Ніна Рычы і Како Шанэль. Яго модныя ілюстрацыі ўпрыгожвалі вокладкі і старонкі французскага «Vogue» на працягу некалькіх гадоў. Таксама ён выканаў афармленне буціка «Christian Dior», які адкрыўся на авеню Мантэнь у Парыжы ў 1947 годзе.

Удзельнічаў у стварэнні дэкарацый і касцюмаў для фільма Жана Както «Прыгажуня і пачвара» (1946). Берар раптоўна памёр ад сардэчнага прыступу 11 лютага 1949 года на сцэне Тэатра Марыньі падчас рэпетыцыі п’есы «Свавольствы Скапена». Быў пахаваны на парыжскіх могілках Пер-Лашэз.

У 1950 годзе кампазітар Франсіс Пуленк прысвяціў мастаку сваю духоўную кантату «Stabat Mater», а рэжысёр Жан Както — сюррэалістычны фільм «Арфей».