Вілі Гейгер (; ) — нямецкі мастак і графік.

Жыццё і творчасць Нарадзіўся 27 жніўня 1878 года ў Ландсхуце ў сям’і выкладчыка.

У 1898—1899 гадах вучыўся ў мюнхенскай Каралеўскай школе прыкладнога мастацтва, дзе атрымаў спецыяльнасць настаўніка малявання. У 1903 годзе паступіў у Акадэмію мастацтваў, у класы Франца фон Штука і Петэра Хальма, дзе займаўся сумесна з Альбертам Вайсгерберам і Гансам Пурманам. Творчыя поспехі В. Гейгера ў галіне графічнага майстэрства былі адзначаны ў 1910 годзе прэміяй Віла Рамана. Ён ствараў таксама ілюстрацыі да твораў Франка Ведэкінда, Рыхарда Дэмеля і інш.

Да 1914 года мастак жыў і працаваў у Берліне, дзе выстаўляў свае палотны ў мясцовых галерэях. Пазней ён пераехаў у Мюнхен і быў прынят прафесарам у Вышэйшую школу прыкладнога мастацтва. Выкладаў таксама ў Лейпцыгскай акадэміі. У 1920-я гады В. Гейгер захапляўся старымі іспанскімі майстрамі, пісаў копіі з твораў Эль Грэка, Веласкеса і Ф. Гоі, займаўся партрэтным жывапісам. У гэты перыяд яго майстэрства дасягнула сваёй вяршыні.

Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нацыянал-сацыялістаў В. Гейгер быў адхілены ад выкладання. Мастак у гэты перыяд жыў адасоблена на возеры Кімзэ ў Верхняй Баварыі і цалкам прысвяціў сябе жывапісу. З 1946 года ён ізноў на выкладчыцкай працы, у мюнхенскай Акадэміі мастацтваў.

Сын В. Гейгера, Рупрэхт Гейгер, быў таксама вядомым мастаком і скульптарам.

Памёр 11 лютага 1971 года ў Мюнхене.

Узнагароды Ганаровы гараджанін Ландсхута (1948); прэмія горада Мюнхен у галіне культуры (1951); ордэн «За заслугі ФРГ» I класа (1958); баварскі ордэн «За заслугі» (1969).

Спасылкі

Катэгорыя:Мастакі Германіі Катэгорыя:Графікі Германіі Катэгорыя:Мастакі Германіі XX стагоддзя