Іахім фон Зандрарт Старэйшы (ням.: Joachim von Sandrart d. Ä.; , Франкфурт-на-Майне — , ) — нямецкі жывапісец, графік і гісторык мастацтва, гістарыёграф, перакладчык.

Жыццё і творчасць Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і, якая паходзіла з ваколіц горада Монс у Генегау. Бацькі яго былі купцамі ў Франкфурце-на-Майне. У 1653 годзе атрымаў у Рэгенсбургу пацвярджэнне сваіх дваранскіх правоў і фамільнага герба ў Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Жывапісу і графіцы пачаў навучацца з 9-гадовага ўзросту спачатку ў Нюрнбергу (у 1615 годзе), а затым у Празе (1620—1621, у Эгідзія Садэлера). У 1625—1629 гадах вывучаў жывапіс ва Утрэхце ў Герыта ван Хонтхорста. У наступныя шэсць гадоў разам са сваім настаўнікам падарожнічаў па Англіі і Італіі. У Італіі шмат маляваў, у тым ліку для рымскага банкіра Джустыніяні і па замове папы Урбана VIII. У першую чаргу гэта былі шматлікія партрэты, а таксама палотны на біблейскія тэмы для інтэр’ераў рымскіх цэркваў.

У 1635 годзе вярнуўся ў Франкфурт-на-Майне. У 1637—1645 гадах жыў і працаваў у Амстэрдаме, дзе быў прызнаным знаўцам мастацтваў, гандляром прадметамі раскошы і мастаком. У Амстэрдаме напісаў для баварскага герцага Максіміліяна I такія палотны, як серыю «Дванаццаць месяцаў» і алегорыю «Дзень і ноч». Пасля смерці свайго цесця ў 1645 годзе атрымаў у спадчыну замак Штокау каля Інгальштата і перасяліўся ў яго з Нідэрландаў.

У 1649 годзе, пасля заканчэння Трыццацігадовай вайны, прыехаў у Нюрнберг, дзе маляваў партрэты паслоў розных еўрапейскіх дзяржаў. Найбольш значным яго творам там з’яўляецца вялікая карціна «Вялікі банкет міру (Das große Friedensmahl)», якая паказвае ўрачыстае баляванне шведскага караля Карла X Густава з імператарскімі і шведскімі камісарамі ў рамках мірнага кангрэса. У 1653 годзе быў узведзены ў дваранства Пфальц-Нойбурга (Pfalz-Neuburgischer Rat). Пасля таго, як у Вене напісаў партрэты імператара Фердынанда III, яго жонкі і эрцгерцага Леапольда, ён атрымаў таксама аўстрыйскае дваранства. У 1676 г. герцагам Аўгустам Саксен-Вейсенфельскім прыняты ў арыстакратычна-інтэлектуальнае асветніцкае «Пладаноснае таварыства», дзе эмблемай фон Зандрарта была чырвоная елка.

У 1670—1673 гадах жыў і працаваў у Аўгсбургу, дзе адкрыў прыватную Акадэмію жывапісу, папярэдніцу цяперашняй аўгсбургскай Вышэйшай школы мастацтваў. У 1675 годзе напісаў палатно «Сон Якава» для царквы Басаногіх у Аўгсбургу.

Катэгорыя:Мастакі Германіі