Па́пуа — Новая Гвіне́я () — дзяржава на паўднёвым захадзе Ціхага акіяна. Займае ўсходнюю частку вострава Новая Гвінея з суседнімі астравамі (2800 астравоў, агульная плошча каля 400 тыс. км²), архіпелаг Бісмарка, у т. л. астравы Новая Брытанія (плошча 36,6 тыс. км²) і Новая Ірландыя (плошча 8,6 тыс. км²), паўночная частка Саламонавых астравоў, у т. л. востраў Бугенвіль і Бука (плошча 10 тыс. км²). На востраве Новая Гвінея мяжуе з Інданезіяй. Абмываецца морамі Ціхага акіяна: Новагвінейскім, Саламонавым, Каралавым. Плошча краіны 461,7 тыс. км². Насельніцтва 4705,1 тыс. чал. (1999). Дзяржаўная мова — англійская. Сталіца — г. Порт-Морсбі. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (16 верасня).

Дзяржаўны лад Папуа — Новая Гвінея — канстытуцыйная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1975 года. Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх, якога ў краіне прадстаўляе генерал-губернатар, назначаны на 6 гадоў паводле прадстаўлення ўрада. Заканадаўчы орган — аднапалатны Нацыянальны парламент (109 дэпутатаў, выбіраюцца ўсеагульным галасаваннем на 5 гадоў). Урад краіны — Нацыянальны выканаўчы савет на чале з прэм’ер-міністрам, які прызначаецца генерал-губернатарам і падсправаздачны парламенту.

Геаграфія

Пераважае горны рэльеф. На Новай Гвінеі горы цягнуцца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, дасягаюць 4508 м (гара Вільгельм). На поўдні вострава нізіны і раўніны. Большасць іншых астравоў гарыстыя. Есць 18 дзеючых вулканаў (Бамус), бываюць землетрасенні. З карысных выкапняў найбольшае значэнне мае медная руда (востраў Бугенвіль), ёсць запасы золата, нафты і прыроднага газу, цынкавых, хромавых і нікелевых руд. Клімат экватарыяльны (на поўначы) і субэкватарыяльны (на поўдні). Сярэднія тэмпературы ўвесь год на ўзбярэжжы і раўнінах каля 26 °C. У гарах вышынная пояснасць. Ападкаў ад 1000 мм на ўзбярэжжы, да 6500 мм у гарах. Год падзяляецца на дажджлівы (снежань—красавік, менш акрэслены на поўначы) і сухі сезоны. Шмат мнагаводных рэк, найбуйнейшыя Флай, Сепік і Раму. Лясы і хмызнякі займаюць 92,9 % тэрыторыі. На раўнінах і ніжніх схілах гор пашыраны вільготныя трапічныя лясы з пальмамі, бамбукамі, дрэвападобнымі папарацямі, панданусамі і інш. На вышыні 1000—2000 м пераважаюць вільготныя трапічныя лясы з араўкарыямі і паўднёвым букам, на вяршынях гор — высакагорныя лугі і хмызнякі. У асобных раёнах на поўдні ўчасткі саваннаў. Жывёльны свет астраўнога тыпу, прадстаўлены пераважна эндэмікамі. Захаваліся асобныя віды кенгуру, яхідна і праяхідна, дрэвавыя кускусы, шэрстахвосты, бандыкуты. Шмат кажаноў, птушак, паўзуноў, насякомых. Нацыянальныя паркі Варырата, Мак-Адам, ёсць рэзерваты.

Насельніцтва

Жыве бальш за 700 народаў і плямён. Больш за 85 % складаюць папуасы, якія жывуць пераважна ва ўнутраных частках Новай Гвінеі і на вялікіх астравах; на ўзбярэжжах месцамі жывуць меланезійцы (каля 14 %). У гарадах невялікія групы англа-аўстралійцаў. На 2011 год склад насельніцтва па веравызнанні быў наступным: пратэстантызм — 64,3 % (лютэране — 18,4 %, адвентысты — 12,9 %, пяцідзясятнікі — 10,4 %, Аб’яднаная царква Папуа — Новай Гвінеі — 10,3 %, 2 %, евангельскія баптысты — 2,8 %); каталікі — 27 %; іншыя хрысціяне — 5,3 %; іншыя рэлігіі — 1,4 %; Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3 % (1999). Сярэдняя шчыльнасць каля 10,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы і ў гарах на вышыні 1200—2000 м шчыльнасць дасягае 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 16 % насельніцтва. Найбуйнейшы горад Порт-Морсбі, іншыя буйныя гарады Рабаул, Маданг, Лаэ. У сельскай гаспадарцы занята 64 % насельніцтва.

Гісторыя

Папуа — Новая Гвінея заселена продкамі сучасных папуасаў каля 30 тыс. гадоў назад. Каля 5 тысыч гадоў назад у прыбярэжных раёнах пасяліліся продкі меланезійцаў. Першым з еўрапейцаў Новую Гвінею наведаў партугальскі капітан Жоржы ды ​Менезіш. У 1545 годзе іспанскі капітан І.​О.​Рэтэс даў востраву назву Новая Гвінея. У 1700 годзе брытанскі мараплавец Уільям Дампір адкрыў паўночнае ўзбярэжжа Папуа — Новай Гвінеі і востраў Новая Брытанія, які ў 18—19 стагоддзях даследавалі брытанскія і французскія мараплаўцы (Джэймс Кук, Луі Антуан дэ Бугенвіль і інш.). У 1870—80-я гадах сярод жыхароў паўночна-ўсходняй часткі Папуа — Новай Гвінеі жыў вучоны-этнограф М. М. Міклуха-Маклай. У 1884 годзе паўночна-ўсходняя частка Новай Гвінеі абвешчана германскім пратэктаратам Новая Гвінея, а паўднёва-ўсходняя частка — брытанскім пратэктаратам Папуа (з 1888 калонія); усходняя частка вострава адышла да Нідэрландаў (цяпер — правінцыя Інданезіі Ірыян-Джая). У 1906 годзе Вялікабрытанія перадала Папуа пад кіраванне Аўстраліі. У Першую сусветную вайну Аўстралія акупіравала германскую частку Новай Гвінеі і атрымала ў 1912 годзе ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ёю (з 1946 падапечная тэрыторыя ААН пад кіраваннем Аўстраліі). У Другую сусветную вайну большую частку Папуа — Новай Гвінеі акупіравалі японскія войскі, тут адбыўся шэраг важных бітваў. У ліпені 1949 года тэрыторыя Папуа і Новая Гвінея аб’яднаны ў адзіную адміністрацыйную адзінку «Тэрыторыя Папуа і Новая Гвінея» (з 1971 года — Папуа — Новая Гвінея). У 1951 годзе створаны мясцовы Заканадаўчы савет, у 1964 годзе — Тэрытарыяльная асамблея. У 1973 годзе атрымала ўнутранае самакіраванне.

16 верася 1975 года абвешчана незалежнасць Папуа — Новай Гвінеі. У краіне ўсталяваўся парламенцкі лад са шматпартыйнай дэмакратыяй, для якога характэрны няўстойлівыя парламенцкія кааліцыі і блокі. Галоўная мэта ўсіх урадаў — пераадоленне адсталасці краіны, большая частка насельніцтва якой вядзе прымітыўны лад жыцця. Дзейнічаюць палітычныя партыі: «Пангу парці», Народна-дэмакратычны рух, Народна-прагрэсіўная партыя. Папуа — Новая Гвінея — член ААН (з 1975), Садружнасці.

Культура

Літаратурнае жыццё ў Порт-Морсбі з’явілася толькі ў 2000 годзе, да гэтага часу актыўна працавала толькі некалькі асобных аўтараў; на 2026 год налічваецца больш за 100 пісьменнікаў. Найбольш прэстыжнай літаратурнай прэміяй краіны з’яўляецца прэмія «Кракадзіл», якая ўручаецца з 2010 года. Сярод вядомых аўтараў — Расел Сааба.

Поп-спявак Джордж Тэлек і рэпер О-Шэн.

У 1975 годзе пачала вяшчанне радыёсетка (NBC), выдавалася адзіная газета; тэлевізійных каналаў не было, і ва ўніверсітэтах не выкладалі журналістыку. У 2002 годзе пачалі выдавацца дзве канкуруючыя штодзённыя газеты на англійскай мове — " Papua New Guinea Post-Courier " і «The National».

Нацыянальная вяшчальная карпарацыя (NBC) — дзяржаўная вяшчальная кампанія Папуа-Новай Гвінеі са штаб-кватэрай у Порт-Морсбі і студыямі па ўсёй краіне. Выпускае радыёпраграмы NBC Radio і The Tribe, а таксама тэлеканал NBC TV (раней Kundu 2). Акрамя таго, камерцыйны правайдар EM TV (Fiji Television) вяшчае на наземным узроўні па ўсёй краіне з 1987 года. Сярод іншых правайдараў — Digicel PNG і Click TV PNG.

У 2021 годзе 25,7 працэнта насельніцтва Папуа-Новай Гвінеі карысталіся інтэрнетам.

Эканоміка

Краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Валавы нацыянальны прадукт (ВУП) на 1 чалавека — каля 2,4 тыс. долараў за год. Галоўная галіна — сельская гаспадарка. У 1990-х гадах развівалася гарнарудная прамысловасць. У сельскай гаспадарцы ствараецца 28 % ВУП, у прамысловасці (пераважна гарнаруднай) — 35 %, у абслуговых галінах — 37 %. У сельскай гаспадарцы пераважаюць натуральныя і паўнатуральныя гаспадаркі плошчай да 0,5—1 га, развіваецца кааператыўны рух, ёсць плантацыі, якія належаць англа-аўстралійцам. Гаспадаркі мясцовага насельніцтва заснаваны на выкарыстанні ручной працы, пашырана лядна-агнявое земляробства. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 500 тыс. га, пад лугамі і пашай каля 100 тыс. га. На плантацыях вырошчваюць какосавую пальму (штогод атрымліваюць каля 150 тыс. т копры), каву, какаву, каўчуканосы, бананы; у гаспадарках мясцовага насельніцтва — сорга, тара, ямс, батат, маніёк, цукровы трыснёг, хлебнае дрэва, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба, галоўная галіна — свінагадоўля. У 1997 годзе буйной рагатай жывёлы было 105 тыс. галоў, свіней 1,5 млн галоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (тунец), лоўля крабаў і крэветак. Паляўніцтва. Нарыхтоўка дзікарослай сагавай пальмы, каштоўнай драўніны. У прамысловасці галоўная роля належыць здабычы меднай руды на востраве Бугенвіль (каля 200 тыс. меднага канцэнтрату штогод). Здабываюць таксама золата (горныя раёны вострава Новая Гвінея, каля 15 т штогод), серабро, цынк, нафту. Здабычу карысных выкапняў вядуць замежныя кампаніі. У 1996 годзе атрымана 1,7 млрд кВт∙гадз электраэнергіі (71 % даюць цеплавыя электрастанцыі, 29 % — ГЭС). Галоўныя прадпрыемствы апрацоўчай прамысловасці: фабрыкі па абагачэнні меднай руды, фанерныя заводы, лесапілкі, па апрацоўцы какосавых арэхаў, кавы, какавы, чаю, тытуню, алейныя, піваварныя. Ёсць заводы бетонных вырабаў, прадпрыемствы па выпуску харчовых прадуктаў, суднабуд. і суднарамонтныя, металаапрацоўчыя майстэрні і інш. Шырока развіты саматужныя промыслы: выраб керамікі, драўляных прадметаў хатняга ўжытку, традыцыйных лодак, сувеніраў і інш. Развіваецца замежны турызм. Транспарт аўтамабільны, унутраны водны, марскі. У краіне 19,6 тыс. км аўтадарог, з іх 0,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 10,9 тыс. км унутр. водных шляхоў, 19 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Порт-Морсбі і Рабаула. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Галоўныя парты: Порт-Морсбі, Рабаул, Лаэ, Маданг. У 1997 годзе экспарт склаў 2,2 млрд дол., імпарт — 1,5 млрд долараў. У экспарце пераважаюць канцэнтрат медзі, золата, нафта (разам 72 % кошту экспарту), драўніна, копра, пальмавы алей, кава, какава, чай, крабы, крэветкі; у імпарце — машыны і транспартныя сродкі, спажывецкія і харчовыя тавары, паліва, хімікаты. Галоўныя гандлёвыя партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША. Краіна атрымлівае дапамогу ад Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі і іншых. Грашовая адзінка — кіна.

Літаратура

Крыніцы

Катэгорыя:Канстытуцыйныя манархіі