Белару́скае культу́рна-асве́тнае тавары́ства ў Ко́ўне — грамадская арганізацыя ў Літве. Заснавана ў лютым 1932 года і дзейнічала прынамсі да вясны 1940 года. Асноўная мэта дзейнасці — пашырэнне беларускай асветы і культуры на роднай мове, адкрыццё беларускіх кнігарняў і бібліятэк, правядзенне лекцый і чытанняў, драматычная і канцэртна-музычная дзейнасць. Мела штандар з дэвізам: «Жыве мова — жыве народ!». Веданне беларускай мовы і гісторыі было неабходнай умовай сяброўства ў таварыстве.
Гісторыя і дзейнасць У 1933 годзе арганізацыя налічвала больш за 1000 чалавек, ахопліваючы амаль усю супольнасць літоўскіх беларусаў. У прэзідыум таварыства ўваходзілі М. Матач, К. Плескачэўская, Сымон Якавюк (які ў пачатку 1930-х гадоў стаў фактычным лідарам ковенскіх беларусаў) і іншыя. Кіраўніцтва таварыства складалася пераважна з эмігрантаў з Гродзеншчыны. Пры гэтым, паводле даследчыкаў, дзейнасць арганізацыі жорстка кантралявалася савецкім пасольствам у Коўне.
Таварыства мела Алаіцкае, Бразельскае, Вількамірскае, Гялвойскае, Мярэцкае аддзяленні, якія размяшчаліся пераважна ў вёсках на польска-літоўскім памежжы; прадстаўніцтвы ў Троках і Зарасаі; жаночы аддзел у Коўне. Дзейнасць таварыства ў Коўне канцэнтравалася ў «Беларускай хатцы» (вул. Крашэўскага, 34, загадчыца М. Матач), дзе працаваў Беларускі клуб. Пры таварыстве дзейнічаў перасоўны Беларускі народны ўніверсітэт, дзе выкладаліся гісторыя і геаграфія Беларусі, беларуская культура, мова і літаратура. Са згоды Міністэрства асветы Літвы лектары Беларускага народнага ўніверсітэта наведвалі мясцовасці, дзе жыло беларускае насельніцтва.
У чэрвені 1932 года пры таварыстве заснаваны Беларускі народны тэатр у Коўне са сталай тэатральнай студыяй (кіраўнікі — К. Плескачэўская, А. Матачова). У 1932—1933 гадах адбылося каля 30 пастановак у Коўне і 10 у правінцыі. У Коўне і пры Бразельскім аддзяленні існавалі хары. 25 сакавіка 1933 года на 15-я ўгодкі БНР адбылося выступленне ковенскага хору таварыства па гарадскім радыё. З лютага 1933 года працавалі дзіцячы садок і бібліятэка-чытальня.
У ліпені 1933 года Беларускае культурна-асветнае таварыства ўвайшло ў ініцыятыўны камітэт Міжнароднай асацыяцыі беларускіх арганізацый (Коўна). Прапагандавала ідэю стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, удзельнічала ў палітычных акцыях беларускай эміграцыі. Супрацоўнічала з Аб’яднаннем студэнтаў-беларусаў Літоўскага ўніверсітэта імя Вітаўта Вялікага ў Коўне.
Падзеі 1939—1940 гадоў Пасля перадачы Вільні Літве восенню 1939 года Беларускае культурна-асветнае таварыства спрабавала пашырыць свой уплыў і знайсці новых членаў сярод віленскіх беларусаў. Аднак гэтыя спробы сутыкнуліся з цяжкасцямі. Па-першае, віленчукі адмоўна ставіліся да асобы кіраўніка таварыства С. Якавюка, якога лічылі авантурыстам з-за яго неадназначнай дзейнасці ў пачатку 1920-х гадоў. Па-другое, у Вільні пачаў актыўна дзейнічаць канкурэнтны «Беларускі цэнтр у Літве» пад кіраўніцтвам А. Станкевіча.
У выніку Беларускае культурна-асветнае таварыства адышло на другі план, не здолеўшы пашырыць дзейнасць на Віленскі край, і працягвала працаваць выключна ў Каўнасе і яго ваколіцах. У гэты час праца арганізацыі абмяжоўвалася асобнымі пастаноўкамі Беларускага народнага тэатра і штогадовымі сходамі. 25 лютага 1940 года ў Каўнасе адбыўся ўрачысты штогадовы кангрэс таварыства, на якім прысутнічала і невялікая група гасцей з Вільні.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Літвы Катэгорыя:Арганізацыі Каўнаса Катэгорыя:Беларусы ў Каўнасе Катэгорыя:1932 год у Літве